Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васкрасенскі расказаў, як сустракаўся з палітвязьнем Пачобутам дзеля яго вызваленьня


Анджэй Пачобут у судзе. Горадня, 16 студзеня 2023
Анджэй Пачобут у судзе. Горадня, 16 студзеня 2023

9 лютага 2023 году журналіста і лідэра польскай меншасьці Беларусі Анджэя Пачобута асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня.

Праўладны дзяяч Юры Васкрасенскі ў інтэрвію БТ расказаў, як нібыта па ініцыятыве польскіх дыпляматаў арганізаваў сустрэчу з палітвязьнем, адным зь лідэраў польскай меншасьці ў Беларусі Анджэем Пачобутам.

Гэта адбылося паводле Васкрасенскага, «прыкладна паўтара года таму». Магчыма, перамовы ішлі пра ўмовы вызваленьня і вывазу Пачобута ў Польшчу, як гэта сталася з трыма іншымі актывісткамі Саюза палякаў.

«Па просьбе польскага боку я зьвярнуўся да сьледчых органаў, і яны ласкава дазволілі сустрэцца з Пачобутам утрох: Пачобут, польскі амбасадар і я. Гэтая сустрэча адбылася ў Сьледчым камітэце прыкладна паўтара года таму з мэтай нармалізацыі адносін, спыненьня эскаляцыі», — сказаў Васкрасенскі.

Але Пачобут быў жорсткім з Васкрасенскім, кажа апошні:

«Ён паспрабаваў накінуцца на мяне і атрымаў адпаведны адпор. Для мяне да гэтага часу загадка, чаму ён так паводзіў сябе. Я падумаў: можа, ён і ў Польшчу не жадае вяртацца?».

Анджэй Пачобут нарадзіўся ў Горадні і зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. У 2021 годзе Беларусь вызваліла трох актывістак польскай меншасьці: Ірэну Бярнацкую, Ганну Панішаву і Марыю Цішкоўскую. Яны былі высланыя зь Беларусі ў Польшчу.

У сакавіку 2022 года кіраўніцу незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс вызвалілі з-пад варты і перавялі пад хатні арышт. 9 лютага 2023 году на 8 гадоў калёніі асудзілі журналіста Анджэя Пачобута.

Польшча не пакідае спробаў вызваліць яго. «Калі Анджэй Пачобут заўтра будзе вызвалены, паслязаўтра будзе адкрыты праход у Баброўніках», — сказаў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG