Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое тактычная ядзерная зброя і ці могуць яе разьмясьціць у Беларусі. Пытаньні і адказы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

25 сакавіка Пуцін заявіў, што да лета ў Беларусі разьмесьцяць тактычную ядзерную зброю і зробяць сховішча для яе. Разьбіраемся, што гэта такое і якія наступствы нясе.

Першага ліпеня ў Беларусі мусіць закончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Пра гэта 25 сакавіка паведаміў Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24».

Па словах Пуціна, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.

Яшчэ летась Лукашэнка заяўляў, што некалькі беларускіх самалётаў пераабсталявалі і яны могуць несьці ядзерныя ракеты. Пуцін удакладніў, што такіх самалётаў дзесяць. Разьбіраемся, што такое тактычная ядзерная зброя і якую небясьпеку нясе.

Што такое тактычная ядзерная зброя?

Існуе тактычная і стратэгічная ядзерная зброя. Стратэгічная накіравана на зьнішчэньне гарадоў суперніка і на паражэньне вялікіх тэрыторый. Тактычная ж ядзерная зброя мусіць прымяняцца на «поле бою». Магутнасьць такой зброі, як правіла, не перавышае некалькіх кілятон у тратылавым эквіваленце, а часьцей менш за 1 кілятону. Аднак нейкай агульнай клясыфікацыі і правілаў, якая магутнасьць мусіць быць у тактычнай атамнай зброі, не існуе.

Ёсьць азначэньне, што тактычная ядзерная зброя — гэта зброя паніжанай магутнасьці, якую прымяняюць для перамогі ў ваеннай апэрацыі, а не для канчатковага спыненьня вайны.

Які радыюс паражэньня ад тактычнай ядзернай зброі?

Зона агульнага паражэньня выбуху тактычнай ядзернай зброі магутнасьцю ў 1 кілятону меншая за кілямэтар у радыюсе. Заражэньне мясцовасьці пры такім выбуху можа распаўсюдзіцца на адлегласьць ад некалькіх кілямэтраў да некалькіх дзясяткаў кілямэтраў, у залежнасьці ад тыпу (ад таго, снарад выбухне ў паветры ці на зямлі).

На тэрыторыі, дзе прымянілі тактычную ядзерную зброю нельга будзе жыць?

Нават калі тэрыторыю атакуюць ядзернай зброяй, то яна ня стане «мёртвай зонай», на якой ніколі нельга будзе жыць. Забруджаньне ў такім выпадку будзе ў шмат разоў меншым, чым, напрыклад, пры чарнобыльскай аварыі.

Колькі тактычнай ядзернай зброі ў Расеі?

У адрозьненьне ад стратэгічнай ядзернай зброі, колькасьць якой падлягае адкрытай справаздачнасьці, адкрытых дадзеных аб тактычнай ядзернай зброі няма.

Пры гэтым экспэрты сыходзяцца ў думцы, што Расея мае каля 2 тысяч адзінак тактычнай ядзернай зброі розных тыпаў. У матэрыялах "Бюлетэня навукоўцаў-атамшчыкаў«(Bulletin of the Atomic Scientists) гаворыцца, што Расея мае каля 900 адзінак тактычнай ядзернай зброі на флёце, 500 у Паветрана-касьмічных сілах і каля 350 у войску і ПВА.

Якія носьбіты тактычнай ядзернай зброі?

У Расеі асноўнымі носьбітамі тактычнай ядзернай зброі зьяўляюцца комплексы «Іскандэр-М» наземнага базаваньня, крылатыя ракеты «Калібр-М», якія запускаюць з караблёў, і некаторыя тыпы ракет, якія здольныя несьці бамбавальнікі Ту-22М3, Су-24М і Су-34. Што тычыцца Беларусі, то тактычную ядзерную зброю могуць несьці мадэрнізаваныя Су-30СМ ці пераабсталяваныя Су-25.

Зьнішчальнікі СУ-30СМ Расея перадала Беларусі яшчэ ў 2021 годзе, а ўлетку 2022-га Лукашэнка заяўляў, што іх пераабсталявалі для таго, каб несьці ядзерную зброю.

У траўні мінулага году Лукашэнка заявіў, што «купіў у Расеі „Іскандэры“». Колькі такіх комплексаў зараз знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, не паведамлялася.

Тады ж, у траўні, украінскі бок пацьвердзіў, што на тэрыторыі Беларусі, за 50 кілямэтрах ад мяжы з Украінай, заўважылі «Іскандэры».

Тактычная ядзерная зброя калі-небудзь ужо прымянялася?

Не. Ніколі ў гісторыі такіх выпадкаў пакуль не было. Бомбы, скінутыя На Хірасіму і Нагасакі ў 1945 годзе, не зьяўляліся тактычнай ядзернай зброяй і мелі іншае, больш небясьпечнае ўзьдзеяньне. Бомба, скінутая на Хірасіму, мела магутнасьць у 13-18 кілятон тратылу, на Нагасакі — 19-21 кілятон у тратылавым эквіваленце.

У якіх яшчэ краінах ёсьць ядзерная зброя?

У сьвеце 9 краін маюць ядзерную зброю: ЗША, Расея, Пакістан, Індыя, Вялікая Брытанія, Францыя, Кітай, Паўночная Карэя. Не да канца зразумелы статус Ізраіля, улады гэтай краіны не пацьвярджаюць таго, што армія валодае ядзернымі ўзбраеньнямі. Аднак існуюць падставы так лічыць.

Усе ядзерныя краіны, апроч Вялікай Брытаніі, маюць як стратэгічную, так і тактычную ядзерную зброю. Вялікая Брытанія ад тактычнай ядзернай зброі адмовілася. Не да канца зразумела, ці мае тактычную ядзерную зброю Паўночная Карэя, з прычыны закрытасьці гэтай краіны.

І галоўнае — яны гэта сур’ёзна?

Экспэрты-ядзершчыкі скептычна ставяцца да амбіцыйных планаў, агучаных Пуціным, і адзначаюць, што Расея працуе над стварэньнем сховішча ядзернай зброі ў Калінінградзе ўжо як мінімум 7 гадоў, і да гэтага часу незразумела, ці прыбылі туды бомбы, піша выданьне The Guardian.

Да сёньня не знайшлі ніякіх спадарожнікавых здымкаў, якія маглі б сьведчыць пра тое, што нешта падобнае будуецца ў Беларусі, адзначае выданьне.

«Я агледзеў некаторыя імаверныя базы і ня ўбачыў нічога, што паказвала б на будаўніцтва ядзернага сховішча, — сказаў Ханс Крыстэнсэн, дырэктар праекту па ядзернай інфармацыі ў Фэдэрацыі амэрыканскіх навукоўцаў. — Але выключаць гэтага нельга».

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту дасьледаваньня праблем раззбраеньня ААН у Жэнэве Павел Подзьвіг, нягледзячы на апошнія лічыць малаверагодным, што Расея сапраўды перамесьціць ядзерныя боегалоўкі ў Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG