Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыйшла нашая чарга абараніць сябе». Ціханоўская падзякавала беларусам і павіншавала іх з Днём Волі


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

25 сакавіка дэмакратычная лідэрка Беларусь Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў з нагоды 105-ай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Калі вы глядзіце гэты зварот, значыць апошнімі гадамі вы ішлі ў першых шэрагах нашага агульнага руху да вольнай Беларусі. І гэта ня проста словы. Бо хто, калі ня вы, паставіў народныя інтарэсы вышэй за асабістыя. Хто, калі ня вы, шмат пацярпеў, але ж не адмовіўся ад сваёй мары. Хто, калі ня вы, плаціць вялізную цану за свой выбар. Але вы робіце гэта сьвядома», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.

Яна падкрэсьліла, што ў сваім звароце называе беларусаў сябрамі, бо за гэтыя гады «мы так шмат прайшлі разам, што сапраўды сталі значна бліжэйшымі адно аднаму. За гэты час, паводле Ціханоўскай, беларусы навучыліся прымаць цяжкія рашэньні і несьці вялікую адказнасьць, шмат даведаліся пра мінулае Беларусі і «моцна, непарыўна сталі зьвязваць сябе зь яе будучыняй».

«Выпрабаваньні мінулых гадоў паказалі, наколькі нашае мінулае пераплеценае з сучаснасьцю і з будучыняй, — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская. — Гэта сьвята нашай з вамі, шаноўныя беларусы, волі да свабоды і незалежнасьці.

Беларусь магла зьнікнуць у вірах гісторыі. Нас спрабавалі захапіць, калянізаваць, давесьці нам, што нас, беларусаў, не існуе, але пакаленьні за пакаленьнямі, раз за разам нашыя папярэднікі знаходзілі сілу адрадзіць сваю культуру, мову і дзяржаву. І зараз прыйшла нашая чарга абараніць сябе».

Ціханоўская адзначыла, што акрамя таго, што беларусаў яднае, ёсьць і тое, чым яны адрозьніваюцца, і «гэта — нармальна», бо «дэмакратыя — гэта не калі ўсе пагаджаюцца з табой, а калі тваё меркаваньне такое ж роўнае, як і меркаваньне іншага».

«У нас няма лішніх беларусаў. Калі мы хочам, каб прыхільнікаў дэмакратыі станавілася больш, то мы павінны размаўляць ня толькі з тымі, хто і так згодны. Мы мусім вучыцца чуць розныя меркаваньні, весьці дыскусіі, спрачацца — і ў выніку разам знаходзіць рашэньні, — адзначыла яна. — Кожны, хто бачыць Беларусь свабоднай і незалежнай краінай, хто не ўчыніў злачынстваў, — наш сябра і саюзьнік. І нас нашмат болей, чым можа здавацца».

Паводле Ціханоўскай, нягледзячы на рэпрэсіі і прапаганду, тых, хто падтрымлівае дэмакратычныя каштоўнасьці, ня стала менш, «але для перамогі мусіць стаць яшчэ больш».

«І калі вам здаецца, што гэта вельмі складана — дык хачу нагадаць вам, што заклік выбітнага нашага паэта Алеся Разанава — „І немагчымае зрабі!“ — вы ўжо пачалі зьдзяйсьняць. 105 гадоў таму многім таксама здавалася немагчымым абвясьціць незалежнасьць Беларусі. Але зрабілі ж. Гісторыя паказала, што мы, беларусы, умеем рабіць немагчымае і здольныя перамагаць», — падсумавала Сьвятлана Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG