Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі сыходзяць яшчэ дзьве вядомыя IT-кампаніі


Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску
Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску

ІТ-кампаніі Gurtam і Akveo закрываюць беларускія юрыдычныя асобы. Такая інфармацыя зьявілася на сайце адзінага дзяржаўнага рэгістру, заўважыў dev.by.

Рашэньне аб ліквідацыі прынялі ўласьнікі кампаній. Gurtam афіцыйна ліквідуе кампанію ў Беларусі з 28 лютага, Akveo — з 9 студзеня. Паводле інфармацыі dev.by, яшчэ напрыканцы 2022 году супрацоўнікам Akveo прапанавалі альбо рэлякавацца, альбо звольніцца.

Gurtam

Беларуская ІТ-кампанія Gurtam заснаваная ў 2002 годзе Аляксеем і Уладзімерам Шчурко. Яна стварыла плятформу для спадарожнікавага маніторынгу і інтэрнэту рэчаў Wialon і плятформу flespi для паскоранай распрацоўкі геалякацыйных рашэньняў. Да Wialon падключана больш за 3,5 млн машын і іншых аб’ектаў у больш як 150 краінах сьвету. Софт выкарыстоўваюць сотні тысяч кампаній па ўсім сьвеце: ад сэрвісаў па дастаўцы піцы і таксапаркаў да нафтавых карпарацый і дзяржаўных службаў.

Офісы кампаніі адкрытыя ў 5 краінах: Літве, Грузіі, ААЭ, Аргентыне і ЗША. У Gurtam працуе каля 300 адмыслоўцаў. Раней асноўная каманда працавала ў Беларусі (больш за 200 чалавек), цяпер а— у Літве, куды перанесьлі галаўны офіс кампаніі.

У ліпені 2020 году сілавікі затрымалі ў Менску дырэктара Wialon Аляксандра Куўшынава разам з братам Віктарам Куўшынавым, мэнэджэрам па прадукце PandaDoc. Іх асудзілі да 10 і 11 сутак арышту (нібыта за парушэньне парадку). Пазьней Віктар аказаўся ў СІЗА па справе PandaDoc, а Аляксандар зьехаў зь Беларусі.

Akveo

Кампанія Akveo ўтвораная ў 2015 годзе, заснавальнікі — Канстанцін Даноўскі і Ўладзімер Лугоўскі. Akveo займаецца распрацоўкай уласных праграмных прадуктаў для вэбу і мабільных рашэньняў. Яе прадукты прымяняюць у аўтамабільнай, турыстычнай, банкаўскай, мэдыцынскай, тэлекамунікацыйнай і адукацыйнай галінах. Офісы кампаніі адкрытыя ў Дэнвэры і Вільні, увосень 2022 году Akveo зарэгістравала юрыдычную асобу ў Варшаве.

У кампаніі працуе каля 100 адмыслоўцаў. Асноўная каманда раней працавала ў Менску, цяпер — у Літве і Польшчы.

Таксама dev.by знайшоў яшчэ некалькі ІТ-кампаній, якія сышлі ў ліквідацыю сёлета:

  • «ПЦІ Салюшнс»: Займалася распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня, заснавальнік — экс-дырэктар менскай PandaDoc Дзьмітры Рабцэвіч. У пачатку верасьня 2020 яго і яшчэ трох супрацоўнікаў кампаніі затрымалі па справе PandaDoc. Пасьля выхаду зь СІЗА ён зарэгістраваў новую кампанію. Юрыдычны адрас «ПЦІ Салюшнс» супаў з юрыдычным адрасам PandaDoc (была ліквідаваная ў 2021-ым).
  • «Фрэшлі Дата»: створаная ў студзені 2019 году, была выдзеленым цэнтрам распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня амэрыканскай кампаніі Freshly, з кастрычніка 2019 году — рэзыдэнт ПВТ.
  • «Інэвейт Юроп»: створаная ў 2019 годзе як цэнтар распрацоўкі міжнароднай групы кампаній ENAVATE. Займалася стварэньнем сыстэм і хмарных сэрвісаў для спрашчэньня і аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў. У штаце ENAVATE каля 250 супрацоўнікаў, у Беларусі працавала каля 20 чалавек.

З 2022 году ІТ-кампаніі пачалі масавы сыходзіць зь Беларусі. З краіны сышлі такія вядомыя кампаніі зь беларускімі каранямі, як Wargaming, OneSoil, Flo, Targetprocess, Fibery, Vochi, Wannaby, Playgendary, Verv.

З вядомых кампаній зь беларускімі каранямі ў краіне працягваюць працаваць, у прыватнасьці SayGames, Belka Games, Gismart, Easybrain. Сярод замежных кампаній захавалі свае офісы ў Беларусі Playtika, Mapbox, Rakuten Viber, SK Hynix.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG