Страйк пачаўся з прэсавай канфэрэнцыі, а потым грузавыя аўтамабілі накіраваліся да Варшавы. Грузавікі не заяжджалі ў польскую сталіцу, а проста аб’ехалі яе па акружнай дарозе, паведамляе выданьне Mostmedia.
Чаго патрабуюць страйкоўцы
Галоўная прычына забастоўкі — незадаволенасьць польскіх перавозчыкаў тым, што іх выцясьняюць з рынку беларускія і расейскія перавозчыкі.
У арганізатараў забастоўкі чатыры патрабаваньні:
- Блякаваньне ўезду расейскіх і беларускіх фур у Польшчу.
- Забарона на рэгістрацыю ў Польшчы кампаній зь беларускім і расейскім капіталам.
- Увядзеньне адказнасьці грузаадпраўшчыка за аплату паслуг транспартнай кампаніі.
- Аднаўленьне дазволаў для ўкраінскіх перавозчыкаў на двухбаковыя перавозкі.
Свае патрабаваньні пратэстоўцы перададуць ураду і дадуць 14 дзён на іх выкананьне:
«Калі адказу ня будзе, мы ня спынімся на папераджальным страйку», — камэнтуюць арганізатары забастоўкі.
Страйк падтрымалі ня ўсе
Страйк перавозчыкаў, арганізаваны кааліцыяй кансэрватыўных палітычных партый, ухваляюць ня ўсе прадстаўнікі транспартнай галіны Польшчы.
Прэзыдэнт асацыяцыі TLP Мацей Уронскі заявіў, што акцыя, якую арганізавалі транспартнікі з Усходняй Польшчы, не заслугоўвае прасоўваньня ў публічным полі.
«Мне па-чалавечы сорамна. Мне сорамна за маіх калег-перавозчыкаў, якія не разумеюць, што ва Ўкраіне гінуць людзі, руйнуецца суседняя краіна, а яе абаронцы спыняюць расейскую агрэсію. Агрэсію, якая, калі б ня іх барацьба, празь некалькі гадоў магла б распаўсюдзіцца на Польшчу, Літву, Латвію і Эстонію», — дадаў ён.
Прэзыдэнт TLP дадаў, што не разумее забароны ці перашкоды для беларусаў адкрываць бізнэс у Польшчы.
«Падчас апошніх фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў яны паказалі, што як нацыя яны на баку дэмакратыі. Канечне, яны павінны дзейнічаць у адпаведнасьці з польскім законам, як і польскія перавозчыкі. І тут зьяўляецца роля польскіх правяраючых службаў, якія павінны сачыць за тым, каб закон выконваўся. Як у кампаніях з польскім, так і зь беларускім капіталам», — заявіў ён.