Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памідоры +22%, малако +21,9%. Як у Беларусі растуць цэны, якім расьці забаранілі


У менскай краме. Архіўнае фота
У менскай краме. Архіўнае фота

«Цэны і так бы вырасьлі ня моцна». Разьбіраемся, ці паўплывала на нешта забарона на рост цэнаў

У кастрычніку мінулага году Лукашэнка абурыўся ростам цэнаў і забараніў іх павышаць. Урад увёў жорсткае рэгуляваньне росту цэнаў. Глядзім, як яны зьмяніліся за гэты час.

З кастрычніка мінулага году ў Беларусі працуе рэгуляваньне цэнаў: крамы могуць іх падвышаць толькі з дазволу чыноўнікаў. За неабгрунтаванае павышэньне цэнаў летась адміністрацыйныя спагнаньні зазналі сотні чалавек. Аднак цэны працягвалі расьці.

У лютым сёлета ў параўнаньні са студзенем агулам цэны вырасьлі на 1,3% (на харчовыя тавары – на 1,1%, нехарчовыя – на 0,5%, на паслугі – на 2,7%).

Найбольш падаражэла гародніна – на 10,6% за месяц. Турыстычныя паслугі на 8,8%, жыльлёва-камунальныя – на 6,6%, алькаголь падаражэў на 4,6%.

Як расьлі цэны падчас жорсткага рэгуляваньня

Лукашэнка забараніў рост цэнаў 6 кастрычніка мінулага году, а ўжо 17 кастрычніка ўрад патлумачыў, як можна павышаць цэны на новыя тавары. Апошні раз мэханізм павышэньня цэнаў урад удакладняў у лютым. Паглядзелі, колькі каштавалі некаторыя прадукты ў кастрычніку мінулага году, згодна з дадзенымі Белстат, і параўналі іх зь цяперашнімі сярэднімі цэнамі ў папулярным сэрвісе “Е-дастаўка”. Рост за 5 месяцаў атрымаўся такі:

  • Памідоры +22%
  • Малако + 21,9%
  • Сьвініна +14%
  • Яблыкі +14%
  • Перцы +13,7%
  • Ялавічына +9%
  • Агуркі +2%
  • Мука +2%
  • Яйкі +0,99%

Каго і як каралі за рост цэнаў

За мінулы год пад адміністрацыйнае спагнаньне за рост цэнаў падпалі 800 чалавек, 35 аб’ектаў гандлю прыпынілі працу. Такія лічбы прыводзіць Дзяржкантроль.

КДК зрабіў 3000 праверак і падчас 65% зь іх правяральнікі выявілі нейкія парушэньні. За павышэньне цэнаў каралі ня толькі адміністрацыйнымі, але і крымінальнымі справамі.

Напрыклад, дырэктара крамы ў Магілёве асудзілі на два гады зьняволеньня з адтэрміноўкай за павышэньне цаны на сыр на 26 капеек за кіляграм. На думку суду, такім чынам ён «падарваў аўтарытэт органаў улады».

Яшчэ два выракі ў крымінальных справах за павышэньне цэнаў вынесьлі ў Лідзе і Баранавічах. У абодвух выпадках прадстаўнікам крамаў прысудзілі два гады з адтэрміноўкай за «перавышэньне ўлады».

«Цэны і так бы ня моцна вырасьлі»

Паводле экспэрткі дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной сёлета цэны б і так запаволіліся, нават безь дзяржаўнага рэгуляваньня. Гэта абумоўлена глябальнымі тэндэнцыямі.

«Сусьветныя цэны на прадукты зьніжаюцца, у параўнаньні з 2022 годам. Энэрганосьбіты становяцца таньнейшымі, стымул для росту цэнаў скарачаецца. У Беларусі нізкі ўнутраны попыт, гэта не дае магчымасьці для стымуляваньня росту цэнаў. Цэны самі па сабе ня моцна расьлі б і так. Аднак цэны ў гадавым вымярэньні будуць зьніжацца да лета, але пасьля існуюць рызыкі цэнавага ціску, бо ўрад зрабіў прагноз росту ВУП, а гэтага можна дасягнуць ростам заробкаў, попыту і таго, што будзе ціснуць на цэны», – кажа Анастасія Лузгіна.

Экспэртка дадае, што цэны за год паступова зьніжаюцца, калі браць за адзнаку люты мінулага году да лютага гэтага. Пры гэтым некаторыя цэны растуць «з прычыны сэзоннага фактару». Паслугі ж падаражэлі, бо «цэны на іх дзяржава не рэгулюе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG