Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прызналі, што кнігу аб «генацыдзе беларускага народу» рэалізуюць з дапамогай адмінрэсурсу


Стартавы наклад другой кнігі аб генацыдзе беларускага народу быў «цалкам рэалізаваны за паўтара месяца», пры гэтым задаволіць удалося «толькі каля 40% заявак», паведаміла на прэс-канфэрэнцыі загадчыца аддзела рэклямы дзяржаўнага выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская.

Брыфінг быў прымеркаваны да XXX Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая пройдзе 22–26 сакавіка, піша BPN.

Сэрыю кніг пра генацыд беларускага народу Садоўская назвала «праектам, які рэалізаваны Генэральнай пракуратурай».

«Летась выйшла першая кніга — „Генацыд беларускага народу“. Было некалькі накладаў выдадзена. Сёлета выйшла кніга „Генацыд беларускага народу. Лягеры сьмерці“ .... У нас вельмі вялікая колькасьць заявак. Ад прадпрыемстваў, адміністрацыйны рэсурс, школы, бібліятэкі... У канцы сакавіка будзе гатовы яшчэ адзін наклад, цяпер ён у друкарні», — сказала прадстаўніца выдавецтва.

Кнігі, прысьвечаныя «генацыду беларускага народу», выходзяць у выдавецтве «Беларусь» з 2022 году. Напісаны яны пад рэдакцыяй генэральнага пракурора Андрэя Шведа, на заказ і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі. У анатацыі першай кнігі гаворыцца, што выданьне «ўключае даведачна-аналітычныя і дакумэнтальныя матэрыялы аб генацыдзе беларускага народу падчас Вялікай Айчыннай вайны, у пасьляваенны пэрыяд і выкарыстаньні нацысцкай ідэалёгіі ўдзельнікамі спробы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі ў 2020 годзе (на падставе доказаў з крымінальных спраў і архіўных крыніц».

У 2021 годзе ў Беларусі прынялі закон «Аб генацыдзе беларускага народу». Згодна з дакумэнтам, пад гэтым тэрмінам разумеюцца «ўчыненыя нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фармаваньнямі ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны пэрыяд злачынства, накіраваныя на плянамернае фізычнае зьнішчэньне беларускага народу шляхам забойства і іншых дзеяньняў, якія прызнаюцца генацыдам у адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі».

Шэраг беларускіх гісторыкаў і экспэртаў аспрэчвае факт генацыду беларускага народу, лічачы, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму ў прапагандысцкіх мэтах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG