Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал у Польшчы пасьля рэпартажу пра Яна Паўла ІІ. Сэйм нават прыняў пастанову аб «абароне яго добрага імя»


Мурал у Кіеве з выявай Яна Паўла ІІ
Мурал у Кіеве з выявай Яна Паўла ІІ

Польскі парлямэнт прыняў падрыхтаваную кіроўнай кансэрватыўнай партыяй «Права і справядлівасьць» пастанову аб абароне добрага імя Яна Паўла ІІ. За пастанову прагаласаваў 271 дэпутат, супраць — 43 дэпутаты, устрымаліся 4 дэпутаты, 142 — ня ўдзельнічалі ў галасаваньні.

У пастанове дэпутаты сьцьвярджаюць, што супраць польскага пантыфіка, які памёр у 2005 годзе, трывае «ганебная кампанія ў СМІ, заснаваная ў значнай ступені на матэрыялах камуністычнага апарату насільля».

«Спроба дыскрэдытаваць Яна Паўла ІІ матэрыяламі, якімі не адважыліся карыстацца нават камуністы, мае на ўвазе мэтады, якія выводзяць аўтараў па-за цывілізацыйнае кола, да якога Польшча належыць ад 1989 году», — гаворыцца ў дакумэнце.

Пастанова стала рэакцыяй на рэпартаж «Француская, 3», які ў панядзелак выйшаў у эфіры прыватнага інфармацыйнага тэлеканалу TVN24 і выклікаў скандал у краіне. У матэрыяле сьцьвярджалася, што Караль Вайтыла яшчэ да таго, як стаў папам Янам Паўлам ІІ, ведаў пра сэксуальныя дамаганьні сьвятароў і замоўчваў іх.

У рэпартажы паказалі выказваньні людзей, якія заявілі, што сталі ахвярамі сьвятароў-пэдафілаў. У матэрыяле таксама фігуруе чалавек, які сьцьвярджае, што асабіста інфармаваў кардынала Вайтылу пра злачынствы аднаго зь сьвятароў. У фільме таксама абнародаваныя матэрыялы камуністычнай службы бясьпекі, накіраваныя супраць Вайтылы.

Неўзабаве пасьля выхаду рэпартажу ў абарону Яна Паўла II выступіў прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі. У эмацыйным відэазапісе ён спаслаўся на дыскусію ў СМІ пра польскага папу і ягонае стаўленьне да пэдафіліі ў царкве. Ён абвінаваціў аўтараў матэрыялаў, якія прадстаўляюць Караля Вайтылу ў крытычным сьвятле, у жаданьні распачаць цывілізацыйную вайну і выйсьці за рамкі цывілізаванай дыскусіі.

Міністэрства замежных спраў Польшчы запрасіла ў чацьвер да сябе амбасадара ЗША Марэка Бжэзінскага ў сувязі зь дзейнасьцю, як гаворыцца ў камюніке, аднаго з тэлеканалаў. Тэлеканал TVN24 належыць амэрыканскай карпарацыі Warner Bros. Discovery TVN.

«Міністэрства замежных спраў прызнае, што патэнцыйныя наступствы гэтых дзеяньняў ідэнтычныя з мэтамі гібрыднай вайны, накіраванай на тое, каб прывесьці да расколу і напружанасьці ў польскім грамадзтве», — гаворыцца ў паведамленьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG