Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ПЭН: У няволі 135 дзеячоў культуры, у тым ліку 28 літаратараў


Зьняволены філёзаф Уладзімер Мацкевіч (архіўнае фота)
Зьняволены філёзаф Уладзімер Мацкевіч (архіўнае фота)

У Беларусі рэгіструюцца тысячы парушэньняў правоў у дачыненьні да дзеячоў культуры. Дзясяткі літаратараў, выдаўцоў, актораў, сьпевакоў за кратамі, некаторыя мусілі эміграваць.

135 дзеячоў культуры, у тым ліку 28 літаратараў, знаходзіліся ў няволі на 28 лютага, сьведчыць хроніка парушэньняў правоў чалавека ў галіне культуры, якую вядзе Беларускі ПЭН, паведамляе BPN.

Аўтары дакумэнта канстатуюць, што ў Беларусі працягваюцца крымінальныя палітычна матываваныя справы ў адносінах да дзеячоў культуры. Так, з 20 лютага ў Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме судзяць заснавальніка крамы Symbal.by, мэнэджара ў сфэры культуры Паўла Белавуса, якога абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў «здрадзе дзяржаве».

Беларускі ПЭН зьвяртае асаблівую ўвагу на тое, што ўлады пагаршаюць умовы ўтрыманьня палітзьняволеных дзеячоў культуры ў месцах пазбаўленьня волі. Напрыклад, 13 лютага 66-гадоваму філёзафу і мэтадолягу Ўладзімеру Мацкевічу ўзмацнілі жорсткасьць рэжыму і перавялі яго з шклоўскай калёніі № 17 у магілёўскую турму № 4.

23 лютага стала вядома, што адміністрацыя калёніі № 15 Магілёва на тры месяцы пазбавіла журналіста і папулярызатара гісторыі Алеся Любенчука пасылак, перадач і спатканьняў за «парушэньне правілаў унутранага распарадку».

Згодна з хронікай, працягваюцца рэпрэсіі ў кніжнай і выдавецкай сфэры. 24 лютага прафэсар Іван Данілаў паведаміў, што «Белкніга» скасавала зь ім дамову, ён павінен забраць свае кнігі з кнігарняў. Данілаў — доктар мэдычных навук, аўтар шэрагу кніг, у тым ліку «Записки западного белоруса», «Западная Беларусь. Пережитые режимы (записки участника и свидетеля)», «Капкан: разновидность большевистского террора».

Беларускі ПЭН канстатуе, што ў краіне пануе цэнзура. 23 лютага на загад Міністэрства культуры з выставы ў менскім Палацы мастацтва зьнялі карціны Андрэя Смаляка.

28 лютага стала вядома, што ў Солах (Смаргонскі раён Горадзенскай вобласьці) у касьцёле Маці Божай Ружанцовай зафарбавалі фрэску «Цуд над Віслай». Выява адлюстроўвала Варшаўскую бітву, у выніку якой Польшча змагла спыніць наступ Чырвонай арміі, дабіцца пералому ў савецка-польскай вайне 1919–1921 гадоў і адстаяць сваю дзяржаўную незалежнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG