Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 2 сакавіка: у Гомлі затрымалі актывіста Ільлю Міронава; 2,5 года калёніі берасьцейцу за два камэнтары


Ільля Міронаў, архіўнае фота
Ільля Міронаў, архіўнае фота

Перасьлед беларусаў працягваецца.

У Гомлі затрымалі актывіста Міронава

Пра сваё затрыманьне Ільля Міронаў пасьпеў паведаміць у сваіх сацсетках.

Гомельскага валянтэра Ільлю Міронава летась асудзілі на 1,5 года папраўчай калёніі і 200 базавых велічыняў штрафу. Паколькі Міронаў больш за год знаходзіўся ў СІЗА, яго пастанавілі вызваліць у залі суду. Спачатку Ільлю абвінавачвалі паводле арт. 130 КК («распальваньне варожасьці»), але ў працэсе сьледзтва абвінавачаньне замянілі на артыкул 369-1 («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Увосень 2020 году Ільля Міронаў некалькі разоў сядзеў на «сутках» за акцыі пратэсту. У ліпені 2021-га яго затрымалі праз падазрэньне ў «акце тэрарызму». Ільля прабыў у ізалятары восем дзён, затым яго выпусьцілі. Пасьля ізалятара валянтэр пакутаваў ад боляў у сьпіне, бо восем начэй спаў на жалезным ложку без матраца і бялізны.

У канцы жніўня Ільля зноў трапіў у ІЧУ — гэтым разам за «пікет». Так судзьдзя трактаваў надпіс «Пишите письма» на футболцы валянтэра.

У сярэдзіне лістапада Міронава затрымалі на 5 дзён за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП) — нібыта за падпіску на «экстрэмісцкі» канал. У ізалятары, як сам ён пісаў, «да нас ставіліся горш, чым да крымінальнікаў».

Апошнім часам актывіст актыўна пісаў скаргі: на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары і на яго начальніка, а таксама на праўладны тэлеграм-канал — за «распальваньне нянавісьці». У задавальненьні скаргаў Міронаву адмовілі.

Затрыманьне ў Менску

28 лютага ў Менску затрымалі Аляксандра Няскромнага. Мужчыну затрымалі на працоўным месцы супрацоўнікі КДБ. Прычына затрыманьня пакуль невядомая, піша «Вясна».

2,5 года калёніі берасьцейцу за два камэнтары

Берасьцейскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні да 28-гадовага Радзівона Качаткова, абвінавачанага ў «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» паводле ч.1 арт. 130 КК. Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Беразюк, піша «Вясна».

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Качаткоў у жніўні 2020 году, «маючы намер распаліць варожасьць у адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», апублікаваў у чатах Telegram паведамленьні, якія «маюць нэгатыўную ацэнку і зьмяшчаюць выказваньне пабуджальнага характару, якое заклікае да гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Беразюк прызнаў віну цалкам. У судзе ён патлумачыў, што на тэлеграм-чат «Мінск 97%» падпісаўся таму, што ўбачыў спасылку ў тэлеграм-канале «Бинокль». Адпісаўся ад гэтага чату прыблізна праз 10 дзён. Больш ні на што ня быў падпісаны, нідзе (у акцыях пратэсту) ня ўдзельнічаў. Напісаньне тых двух камэнтароў патлумачыў вялікім патокам інфармацыі, на якую адрэагаваў неабдумана.

Суд прызначыў яму пакараньне ў выглядзе 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Радзівон скончыў БНТУ ў Менску. Некаторы час жыў за мяжой, а пасьля вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Неўзабаве, на пачатку студзеня 2023 году, яго затрымаў ГУБАЗіК.

Гомельскага юрыста Алега Шамкіна зноў арыштавалі на 15 сутак

У Гомлі 21 лютага ў абласное аддзяленьне КДБ выклікалі індывідуальнага прадпрымальніка і юрыста Алега Шамкіна. Але на волю ён так і ня выйшаў, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». У Савецкім РАУСе на яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. На наступны дзень над Алегам Шамкіным адбыўся суд. Вынікам сталі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Цяпер стала вядома, што 2 сакавіка яго зноў асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за лайк пад відэа на YouTube-канале «Белсату». Судзьдзя Савецкага раёну Гомля Аляксандар Мохараў дадаў яму яшчэ 15 сутак арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG