Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Менску хацелі збудаваць Дом ураду БНР. ВІДЭА


Радыё Свабода пачало ў новым YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікацыю цыклю ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.

У чацьвёртай частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае, як дзеячы БНР у 1919 — 1920 гадах прапанавалі адрэстаўраваць Замчышча і пабудаваць там сядзібу ўраду і сойму Беларускай Народнай Рэспублікі.

  • 0:49 — у чым дзеячы БНР ішлі ўпоравень з Заходняй Эўропай
  • 1:43 — пра два таварыствы аховы помнікаў Менску ў 1919 годзе
  • 2:44 — як палякі вывезьлі ў Польшчу культурныя скарбы Меншчыны і Менску
  • 3:13 — як беларускі друк зацікавіўся помнікамі Менску
  • 4:02 — калі Лёсік сфармуляваў тэзу «Менск — сэрца Беларусі»
  • 4:35 — якія органы друку заснавалі дзеячы БНР у Менску
  • 6:48 — як Пілсудзкі расчараваў менскіх палякаў, выступіўшы ў Менску па-беларуску
  • 7:49 — як у Менску ў 1920 годзе хацелі рэстаўраваць Сьвятадухаўку
  • 9:20 — як Купала зьвязваў будучыню Беларусі з БНР
  • 10:10 — шыкоўныя публікацыі Зямкевіча з згадкамі пра невядомыя помнікі Менску
  • 11:57 — як БНР зацікавілася Старым горадам
  • 19:41 — які сьлед у беларускім мастацтве пакінула ідэя Зямкевіча збудаваць установы БНР на Замчышчы
  • 24:42 — як Янка Купала зьвязаны з плянамі пабудаваць сядзібу БНР на Замчышчы

Фрагмэнт размовы вядучага Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:

— Увосень 1919 году беларускія дзеячы мелі вялікія надзеі на пасьпяховую будучыню Беларусі. У горадзе пачалася актыўная беларуская палітычная і культурная дзейнасьць, у лістападзе адкрылася сэсія Рады БНР. Як гэтыя палітычныя падзеі зьвязаныя з гісторыяй Старога гораду?

— Якраз тады, у кастрычніку — лістападзе 1919 году адбылася акцыя, на якую я зьвяртаю ўвагу ў сваёй кнізе. Рэдактар газэты «Беларусь» Язэп Лёсік у той месяц пяць разоў аддаў старонкі газэты пад публікацыі нарысаў Рамуальда Зямкевіча пра Стары Менск. Сэсія Рады БНР пачалася 12 лістапада, а 14 і 15 лістапада з працягам выйшаў галоўны тэкст Зямкевіча з тых, што ён апублікаваў у тую восень, і які называўся «Стары замак у Менску».

Дарэчы, розныя гісторыкі робяць націск на розных тэкстах Зямкевіча. Гэта залежыць ад зацікаўленьняў саміх гісторыкаў. Скажам Генадзь Кісялёў у кнізе «Пачынальнікі» перадрукаваў нарыс Зямкевіча «Стары Менск у беларускіх успамінах». Артыкул проста шыкоўны, у тым лістападзе ён таксама быў апублікаваны. Там безьліч дэталяў пра менскае жыцьцё ў ХІХ стагодзьдзі. Пачынаючы ад шлягбаўма ў раёне сёньняшняй плошчы Перамогі, за які хадзілі выпіць, бо там не было пэўных падаткаў і былі іншыя цэны на алькаголь. У Менску так і казалі, калі клікалі некага выпіць: «Пойдзем за шлягбаўм».

Але для тэмы нашага аповеду найважнейшаю тагачаснаю публікацыяй Зямкевіча зьяўляецца нарыс «Стары замак у Менску». Вось на якім фоне ён апублікаваны. Гэта цытата зь «Беларусі» пра пачатак сэсіі Рады БНР:

«Адзначаючы радасны факт далучэньня да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вышэйшага нацыянальнага прадстаўнічага органу Заходняй Беларусі, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі на першым сваім урачыстым сходзе ад 12-га лістапада гэтага 1919 году пацьвярджае пастанову сваю ад 25 марца 1918 году аб поўнай незалежнасьці і непадзельнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі як адзіны дзяржаўны орган Беларускага народу павядзе сваю працу ў кірунку здабыцьця прызнаньня перад народамі ўсяго сьвету поўнай незалежнасьці і непадзельнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах. Дзеля таго Рада даручае свайму спаўняючаму органу — Радзе Народных Міністраў безадкладна афіцыяльна ўступіць у перагаворы з Польскім Гаспадарствам і з усімі гаспадарствамі сьвету аб юрыдычным і фактычным прызнаньні незалежнасьці і непадзельнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах».

У лістападзе 1919 году беларусы нават думалі, што яны зноў абвяшчаюць незалежнасьць. Хаця ў гэты самы час у Варшаве сядзеў інтэрнаваны Антон Луцкевіч, які двойчы, у лістападзе і сьнежні, сустракаўся зь Пілсудзкім. Пасьля Луцкевіч пісаў, што Пілсудзкі рабіў выгляд, што не разумее, чаму мясцовыя польскія ўлады перашкаджаюць беларусам.

Тым ня менш на фоне тых беларускіх надзеяў, Лёсік і Зямкевіч правялі сваю акцыю. У нарысе «Стары замак у Менску» Зямкевіч пераказаў гісторыю менскага замку, апісаў яго сучасны стан і выгляд у старыя часы, апісаў, як яго разбуралі і прадавалі на будматэрыялы расейцы ў XVIII стагодзьдзі. Зямкевіч піша, што ў менскім замку былі мураваныя будынкі. Прычым, цікава, як ён цытуе дакумэнты XVIII стагодзьдзя, адаптуючы іх да сучаснай беларускай мовы, але пакідаючы некаторыя элемэнты старой:

«Са Старога рынку праз Замковы мост, блізка зямлі, гэта значыць, нізка ляжачы, увайшоўшы ў Замак, пляц вялікі пустуючы, па левую руку, дзе быў будынак вялікі дзеравянны, а ў ім былі па абодвум старонам Судовыя Пакоі, каторы то будынак праз пажар у 1778 гаду... дашчэнту згарэў. Тутака, бліжэй ад уваходу на Замак... два склепы мураваныя, апаўшыя па... пажары, без направы астаўшыя. Пры іх трэйці склеп, коштам цэлага Ваяводзтва, а па просьбе онага-ж стараньнем Яго Вяльможнасьці Пана Хвэлікса Пётуха-Кубліцкага... ест аснованы, для злажэньня Архіву Гродзкага Менскага Ваяводзтва, вымураваны; вокны з кратамі і над дзьвярыма крата жалезная, дзьверы на крукі і замочкі ўстроены».

Апісаў ён і некалькі парадаў, якія каралі прымалі ў Менскім замку. Першы адбыўся ў 1508 годзе, яго прымаў Жыгімонт І Стары. Пасьля ў 1514 годзе той ж кароль прыняў парад войскаў Астроскага перад бітвай пад Воршай. І яго сын, кароль Жыгімонт Аўгуст у 1564 годзе таксама прымаў парад у Менскім замку. Гэты парад таксама быў зьвязаны зь перамогай пад Воршай, якую ў тым годзе атрымаў Мікалай Радзівіл. Каралі любілі Менскі замак і часам месяцамі ў ім жылі.

Пасьля свайго гістарычнага экскурсу Зямкевіч робіць выснову:

«... Як бачым з усяго вышэйсказанага, Замак у Менску і месца, дзе ён стаяў, маюць сваё слаўнае гістарычнае прошлае з-прад тысячы лет».

І ў сувязі з усім сказаным, ён робіць тую прапанову, дзеля якой яны зь Лёсікам і задумвалі ўсю «менскую» акцыю кастрычніка-лістапада 1919 году:

«Замковая гара ў Менску... дзякуючы яе гістарычна-археалягічнаму значэньню, павінна быць выкарыстана пад будову новага замчышча для устаноў Беларускага Гаспадарства, прычым археалёгі і архітэктары павінны папрацаваць як пры раскопках, так і пры новай будове, каб асталася яна памяткай для будучых пакаленьняў».

Вось так і нарадзілася ідэя аб рэстаўрацыі Менскага Замчышча і пабудове на ім сядзібы Ўраду і Сойму Беларускай Народнай Рэспублікі, якая знайшла водгук у асяродзьдзі тагачаснага беларускага актыву...

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах.

Наўпроставы лінк

Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:

  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG