Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель стала ахвярай пранкераў з Расеі


Ангела Мэркель
Ангела Мэркель

Расейскія пранкеры Ўладзімір Кузьняцоў і Аляксей Сталяроў, вядомыя пад псэўданімамі Вован і Лексус — пагутарылі з былой канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель. Падчас размовы адзін зь іх назваўся экс-прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Пра гэта паведамляе DW.

У офісе Мэркель у Бэрліне пацьвердзілі, што размова сапраўды мела месца.

«Магу пацьвердзіць тэлефонную размову з абанэнтам, які выдаваў сябе за былога ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнку», — сказала агенцтву dpa прэсавая сакратарка Мэркель, удакладніўшы, што тэлефонная размова адбылася 12 студзеня 2023 году і суправаджалася нямецка-ўкраінскім перакладам моўнай службы Міністэрства замежных спраў Нямеччыны.

Як адзначае dpa, падчас размовы экс-канцлерка не заявіла нічога сэнсацыйнага ці новага. Размова выкладзена ў YouTube на канале пранкераў «Шоу ВіЛ».

«Калі ты не абраны, трэба па магчымасьці трымацца ў цені»

На пачатку гутаркі Мэркель выказвае пажаданьне, каб яе зьмест «застаўся паміж суразмоўцамі» і ня быў даведзены да ведама СМІ.

«У астатнім мой заклік палягае ў тым, каб мы давяралі нашым урадам. Толькі яны робяць палітыку», — адзначыла былая кіраўніца ўраду Нямеччыны. Яна таксама нагадала «Парашэнку», што той прайграў выбары ва Ўкраіне Ўладзіміру Зяленскаму. «Калі ты не абраны, то ў такія цяжкія часы трэба па магчымасьці трымацца ў цені», — падкрэсьліла яна.

Мэркель адзначыла адзінства Захаду ва ўмовах вайны Расеі супраць Украіны. Яна дадала, што падпісаньне Менскіх пагадненьняў дало Кіеву неабходны яму час.

Мэркель: Мая расейская яшчэ горшая, чым у 2014 годзе

На асобныя пытаньні, у прыватнасьці пра сваю пэнсію, Ангела Мэркель ня стала адказваць. Экс-канцлерка таксама не пагадзілася перайсьці на расейскую. «Мая расейская яшчэ горшая, чым у 2014 годзе», — сказала яна.

Мэркель займала пасаду канцлеркі Нямеччыны ў 2005–2021 гадах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG