Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Кіргізстану сустрэўся з усімі былымі прэзыдэнтамі краіны, у тым ліку са «зьбеглымі»


Аскар Акаеў, Курманбек Бакіеў, Роза Атунбаева, Алмазбек Атамбаеў, Сааранбай Джээнбекаў і Садыр Джапараў. Каляж.
Аскар Акаеў, Курманбек Бакіеў, Роза Атунбаева, Алмазбек Атамбаеў, Сааранбай Джээнбекаў і Садыр Джапараў. Каляж.

Прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў, што правёў сустрэчу з усімі былымі прэзыдэнтамі краіны.

Ён напісаў, што даўно думаў аб неабходнасьці аб'яднаць усіх былых кіраўнікоў дзяржавы і зазначыў, што «пакуль не абʼяднаюцца лідэры, не абʼяднаюцца і іх прыхільнікі». Па словах Садыра Джапарава, былыя прэзыдэнты абмеркавалі мінулае і падтрымалі ініцыятыву абʼяднаньня.

«Вядома, былыя прэзыдэнты казалі горкія словы, распавялі пра свае крыўды, прызналі дапушчаныя памылкі. Самае галоўнае, яны змаглі прабачыць адзін аднаму. Гэта было маёй мэтай. Так, у палітыцы кожнага зь іх былі недахопы, здарыліся трагічныя падзеі і былі кровапраліцьці. Аксыйскія падзеі падчас кіраваньня Акаева, красавіцкія падзеі падчас прэзыдэнцтва Бакіева, чэрвеньскія падзеі пры Часовым урадзе, кастрычніцкія падзеі падчас прэзыдэнцтва Джээнбекава. Усё гэта, на жаль, засталося запісаным чорнымі літарамі ў нашай гісторыі. Колькіх маладых грамадзян мы страцілі. І я разумею незадаволенасьць з боку іх родных», – напісаў Джапараў.

Ён заклікаў усіх грамадзян Кіргізстану абʼядноўвацца і думаць аб інтарэсах краіны.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Эрбол Султанбаеў удакладніў, што ў сустрэчы прынялі ўдзел былыя прэзыдэнты Аскар Акаеў, Курманбек Бакіеў, Роза Атунбаева, Алмазбек Атамбаеў і Сааранбай Джээнбекаў.

«Месцам са зразумелых прычынаў была вызначаная нэўтральная тэрыторыя», — паведаміў Султанбаеў.

  • З моманту здабыцьця незалежнасьці Кіргізстану пасаду прэзыдэнта займаў Аскар Акаеў (1991–2005 гады), Курманбек Бакіеў (2005–2010 гады), Роза Атунбаева (2010–2011 гады), Алмазбек Атамбаеў (2011–2017 гады). Акаеў уцёк з краіны пасьля рэвалюцыі ў 2005 годзе, а Бакіеў — пасьля рэвалюцыі 2010, ён жыве ў Беларусі. Алмазбек Атамбаеў таксама быў пазбаўлены статусу экс-прэзыдэнта, прабыў у турме больш за 3,5 гады і быў вызвалены некалькі дзён таму. Джээнбекаў датэрмінова пакінуў пасаду прэзыдэнта ў 2020 годзе ў выніку пасьлявыбарчых пратэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG