Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 лютага: 1,5 года калёніі за выказваньне супраць вайны; па 3 гады «хатняй хіміі» тром удзельнікам пратэстаў

абноўлена

АМАП Беларусі (ілюстратыўнае фота)
АМАП Беларусі (ілюстратыўнае фота)

У Беларусі штодня адбываюцца затрыманьні і арышты, зьвязаныя з пратэставымі настроямі і выказваньнямі.

Гамельчуку, які выказаўся супраць вайны, прысудзілі 1,5 года калёніі

У Гомельскім абласным судзе асудзілі Павала Ракоцу паводле ч. 1 арт. 130 (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) КК, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Павалу год і шэсьць месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Павал – жыхар Гомля, вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Актыўны гулец у квіз.

З пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну мужчына на сваёй старонцы «Укантакце» актыўна выказваўся супраць вайны. Пазьней яго старонку заблякавалі па рашэньні Генпракуратуры РФ. Антываенныя выказваньні Павала ў сацсетках маглі стаць прычынай абвінавачваньня яго ў распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці.

Кіроўцу, якога звольнілі зь берасьцейскага аўтапарку, арыштавалі на 10 содняў

Міхаіла Сідарэнку затрымалі 10 лютага, ён правёў 3 содняў у ІЧУ Ленінскана раёну Берасьця. Цяпер адправіцца туды яшчэ на 7 содняў — паведамілі «Белсату» крыніцы. Вядома, што суд прайшоў у судзе Маскоўскага раёну Берасьця.

Крыху больш за месяц таму — 11 студзеня з берасьцейскага аўтапарку быў звольнены дырэктар Ігар Царук, яго намесьнік Павел Забаўскі і кіроўца Міхаіл Сідарэнка. Кіроўца вядомы ў Берасьці пад нікам «Барадач», ён здымаў кароткія відэа, у якіх расказваў пра праблемы аўтапарку. Пасьля звальненьня Міхаіл актыўна заняўся блогерствам, крытыкаваў мясцовыя ўлады, распавядаў пра праблемы простых людзей і стаў працаваць у таксі. І падаў у суд на аўтапарк, з патрабаваньнем узнавіць яго на працы.

Працэс пачаўся ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця 10 лютага, але так і ня скончыўся, бо Сідарэнку затрымалі.

Раней Сідарэнка падтрымліваў Лукашэнку і супрацоўнічаў з праўладным блогерам Аляксеем Голікавым.

Тым часам у берасьцейскім аўтапарку ідуць праверкі, а працаўнікоў запалохваюць. Крыніца «Белсату» паведамляе, што працоўным пагражаюць, калі інфармацыя будзе выходзіць за межы прадпрыемства «вы, як Сідарэнка, ня вылезеце з содняў».

Па тры гады «хатняй хіміі» вынесла тром удзельнікам акцый пратэсту судзьдзя Дзядкова

Суд Партызанскага раёну Менску цягам 17 і 18 студзеня вынес адразу тры прысуды ўдзельнікам акцый пратэсту ў 2020 годзе, абвінаваціўшы іх у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак альбо актыўным удзеле ў такіх дзеяньнях (ч.1 арт. 342 КК), паведамляе «Вясна».

Так, 17 студзеня судзьдзя Натальля Дзядкова разгледзела крымінальную справу маці трох непаўнагадовых дзяцей Крысьціны Вячоркінай, якая зьяўлялася дырэктаркай салёна прыгажосьці «Мільфей». Да суда знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе.

У справе — некалькі эпізодаў удзелу Крысьціны ў маршах пратэсту. Паводле абвінавачаньня, Вячоркіна парушала грамадзкі парадак, выходзіла на праезную частку вуліц, у тым ліку праспэкта Пераможцаў, публічна дэманстравала пальцамі рукі ў якасьці пратэстнага сымбаля знак V, парушала працу грамадзкага транспарту.

Суд прызнаў Вячоркіну вінаватай і прызначыў ёй пакараньне ў выглядзе 3 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама суд задаволіў грамадзянскі пазоў КУП «Менсктранс» на суму 47 716 рублёў. Аўтамабіль і кампутарная тэхніка Вячоркінай засталіся пад арыштам да вырашэньня пытаньня з грамадзянскім пазовам.

У тым жа Партызанскім судзе на другі дзень, 13 студзеня, разглядалася крымінальная справа жыхара Асіповіч Паўла Далгакова і жыхара вёскі Ячава Слуцкага раёна Яўгена Краўчука, таксама абвінавачаных па «народным» 342 артыкуле. Справу ізноў жа разглядала судзьдзя Натальля Дзядкова.

Па матэрыялах абвінавачаньня, Далгакоў і Краўчук падчас несанкцыянаванай масавай акцыі ў Менску у 2020 годзе парушалі грамадзкі парадак, дэманстравалі сымбаль «вікторыі» і мелі бел-чырвона-белыя сьцягі як сымбалі пратэсту, рухаліся па праезнай частцы праспектаў Пераможцаў і Незалежнасьці, блякавалі рух грамадзкага транспарту. Сваю віну абодва ў судзе прызналі цалкам.

Суд прысудзіў Далгакову і Краўчуку па 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Абодвух вызвалілі з пад арышту пад падпіску аб нявыезьдзе.

За размову ў чат-рулетцы затрымалі жыхара Пружанаў

У блізкім да берасьцейскага ГУБАЗіКу тэлеграм-канале зьявілася паведамленьне пра крымінальнаю справу супраць чарговага ўдзельніка чат-рулеткі. Гэтым разам гаворка пра 35-гадовага Сямёна. У размове з правакатарам Ігарам Канюшыкам ён выказваўся супраць Лукашэнкі ды адзначаў, што менавіта празь яго ва Ўкраіну ляцелі ракеты, паведамляе «Вясна».

Паводле сілавікоў, на мужчыну завялі крымінальную справу па арт. 368 КК за публічную абразу Лукашэнкі.

Затрымалі адміністратара чата «Ружаны 97%» Паўла Дурэйку

Мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён быў адміністратарам чата «Ружаны 97%», які ў студзені 2022 году прызналі «экстрэмісцкім». Чат выглядае як закінуты ўжо доўгі час — туды рэпосьцяць праўладныя медныя і відэа сілавікоў, але ніхто іх не выдаляе.

Акаўнт мужчыны ня быў схаваны зь пераліку адміністратараў, на аватарцы стаяць ягоныя фота і імя, а таксама нікнэйм, піша «Наша Ніва».

68-гадовую пэнсіянэрку, якая флямастарам напісала «Не вайне», будуць судзіць па крымінальнай справе

21 лютага ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця пачнуць судзіць 68-гадовую Людмілу Коган. Паводле інфармацыі @viasna_brest, жанчына з канца сьнежня знаходзіцца пад хатнім арыштам. Людмілу Мікалаеўну абвінавачваюць паводле арт. 341 КК РБ (Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці). У ролі судзьдзі выступіць Іна Клышпач, якая неаднаразова выносіла палітычна матываваныя прысуды.

Падобна, крымінальная справа зьвязаная з нанясеньнем флямастэрам пратэстных надпісаў у Берасьці. Раней сілавікі заяўлялі аб затрыманьні 68-гадовай пэнсіянэркі, якая напісала на прыпыначным пункце «Не вайне» і «Жыве Беларусь!».

Затрыманьні на Віцебшчыне

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра затрыманьні ў Наваполацку і Расонах напрыканцы студзеня.

24 студзеня быў затрыманы супрацоўнік «Паліміра» Канстанцін Яўтушэнка. Яго асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне) на 15 дзён арышту. Вядома, што яго звольнілі з завода.

У гарадзкім пасёлку Расоны 24 студзеня быў затрыманы Мікалай Машарскі. Яго асудзілі па двух пратаколах на 25 сутак. Мужчыну ўтрымліваюць у ЦІП Наваполацку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG