Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Васільеву забаранілі карыстацца бібліятэкай, наведваць касьцёл, пагражаюць перавесьці ў калёнію


Палітвязень Сяргей Васільеў. Архіўнае фота.
Палітвязень Сяргей Васільеў. Архіўнае фота.

Палітвязьню Сяргею Васільеву, які адбывае пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 46 у Круглым Магілёўскай вобласьці, пагражае перавод у калёнію.

У жніўні 2021 году Васільеў раздрукаваў на прынтары фотапартрэт Аляксандра Лукашэнкі, напісаў на ім слова «Ўзурпатар» і выйшаў да Дому ўраду ў Менску. Яго схапіла міліцыя, неўзабаве яго асудзілі па арт. 367 КК за «паклёп» на Лукашэнку на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

Пакараньне Сяргей Васільеў адбывае ў папраўчай установе № 46 у Круглым Магілёўскай вобласьці. У студзені 2022 году яго прызналі палітычным вязьнем.


Як і практычна да ўсіх «палітычных» у сыстэме выкананьня пакараньняў, да Васільева асаблівае стаўленьне начальства.

Нягледзячы на дзьве вышэйшыя адукацыі (культуралягічную і гістарычную), яму забаранілі наведваць бібліятэку. Начальнік установы, падпалкоўнік міліцыі Ігар Івіцкі патлумачыў Васільеву, што бібліятэка не пазначана ў сьпісе месцаў, якія дазволена наведваць асуджаным.

Таксама Сяргею Васільеву забаранілі наведваць касьцёл. Тлумачэньне тое ж самае: касьцёл у сьпісе не пазначаны. На заўвагу Васільева, што Канстытуцыя гарантуе грамадзянам права веравызнаньня, падпалкоўнік Івіцкі адказаў, што кіруецца дакумэнтамі сыстэмы МУС.

Імкненьне палітвязьня абараняць свае грамадзянскія правы не засталося без увагі начальства і супрацоўнікаў папраўчай установы. Капітан Цагельнік заўважыў, што Васільеў надзеў «ня тыя» тапкі, і маёр Кірыла Шаболдаў вынес папярэджаньне.

Гэта ўжо трэцяе папярэджаньне, якое вынесена Сяргею Васільеву ў папраўчай установе. Пасьля гэтага яго могуць перавесьці ў калёнію.

  • Сяргей Васільеў — актывіст Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД). У свой час за палітычную актыўнасьць яго звольнілі з працы, неаднаразова затрымлівалі і каралі. 27 траўня 2020 году міліцыянты затрымалі Васільева ў цэнтры Мёраў з плякатам «Выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай», і Мёрскі раённы суд аштрафаваў яго на 135 рублёў.
  • За «абразу Лукашэнкі» ў жніўні 2021 году судзьдзя Маскоўскага раёну Менску Сяргей Кацар асудзіў Васільева на тры гады абмежаваньня волі ў калёніі адкрытага тыпу. У студзені 2022 году Васільева прызналі палітычным вязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG