Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вытворцы алею і вітамінаў закрылі прадстаўніцтвы ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Менгарвыканкаме ў студзені прынялі заявы аб закрыцьці беларускіх прадстаўніцтваў ад кіраўніцтва Кіеўскага вітаміннага і Полагаўскага экстракцыйнага заводаў.

Офіс Кіеўскага вітаміннага заводу адкрыўся ў Беларусі ў 2011 годзе, на той момант ён быў першым замежным прадстаўніцтвам фармацэўтычнага вытворцы, да гэтага сваю прадукцыю (вітаміны, лекавыя прэпараты, харчовыя дабаўкі і вэтэрынарныя прэпараты ён прадаваў толькі праз дыстрыбутараў, піша Office Life.

Яшчэ вясной мінулага году беларускае Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што на беларускім рынку ўсяго каля 40 найменьняў украінскіх лекаў розных вытворцаў, і што ўсім ім знайшлі замену.

Прадукцыя Полагаўскага алеяэкстракцыйнага заводу вядомая беларускім спажыўцам па гандлёвай марцы «Славія». У 2020-2021 гадах завод уваходзіў у топ-14 украінскіх вытворцаў алею. У сакавіку 2022 году горад Палагі разам зь некаторымі іншымі населенымі пунктамі Запароскай вобласьці перайшоў пад кантроль расейскіх акупантаў, а завод быў часткова разбураны падчас баёў.

У ліку ўкраінскіх бізнэсаў, якія сышлі зь Беларусі раней, — адна з найбуйнейшых фармацэўтычных кампаній на постсавецкай прасторы «Фармак» і вытворца гаспадарчых і гігіенічных тавараў «Эргапак» («Мелочи жизни», Novax, Morning Fresh).

«Фармак» пастаўляў некалькі дзясяткаў лекаў на беларускі рынак, уключаючы антысэптыкі, сэдатыўныя і іншыя прэпараты, «Эргапак» — тавары для дома.

У сакавіку мінулага году спыніў вытворчасьць і найбуйнейшы ўкраінскі працадаўца ў Беларусі. На Сьветлагорскім заводзе зварачных электродаў у найлепшыя часы працавала звыш 450 чалавек, але з пачатку канфлікту яго ўладальнік, віньніцкая кампанія «ПлазмаТэк», спыніла выпуск зварачных электродаў і адклікала вядучых упраўленцаў. У сьнежні летась, даючы наказ новаму кіраўніку раёну, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Лічыце, што гэта прадпрыемства ваша». Тады ж ён даручыў ураду да новага году прыняць завод ва ўласнасьць дзяржавы.

Яшчэ адзін буйны актыў украінскіх бізнэсоўцаў уключаны ў сьпіс прадпрыемстваў, у якіх іншаземцам забаронена прадаваць свае долі. Гэта — Гомельскі вагонабудаўнічы завод. Пакетам акцый у ім юрыдычна валодае эстонская кампанія «Стыфлер», але дэ-факта гэта актыў Ўладзімера і Паўла Прыходзькаў, якія кантралююць аднаго з найбуйнейшых вытворцаў пасажырскіх вагонаў у былым СССР — Крукоўскі вагонабудаўнічы завод у горадзе Крэменчук.

З пачатку ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне аб спыненьні дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі заявілі звыш дзясятка ўкраінскіх кампаній.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG