Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 9 лютага: вырак у Менску за абразу Лукашэнкі, затрыманьне пэнсіянэркі ў Гомлі


Суд у Менску. Ілюстрацыйнае фота
Суд у Менску. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў па палітычных матывах працягваюцца.

За 17 камэнтароў — два гады калёніі і 200 базавых штрафу

Суд Цэнтральнага раёну Менску вынес прысуд 36-гадоваму Алегу Юшкевічу, якому інкрымінавалі публічныя абразы Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368), судзьдзі (арт. 391) і прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК). Як паведамляе «Вясна», справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Карсюк.

Па матэрыялах сьледзтва, абвінавачаны ў чатах Telegram-каналаў, прызнаных судом экстрэмісцкімі матэрыяламі, апублікаваў 17 камэнтароў абразьлівага характару зь нецэнзурнай лаянкай у адрас судзьдзі, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іншых прадстаўнікоў улады, а таксама Лукашэнкі.

Суд прызначыў Юшкевічу пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін два гады са штрафам у памеры 200 базавых велічынь (7,4 тысячы рублёў).

У Гомлі затрымалі пэнсіянэрку Сьвятлану Кароль

Як стала вядома Свабодзе, яе затрымала міліцыя за «падпіску ў тэлеграме на экстрэмісцкі канал». Цяпер яна ў ІЧУ, калі будзе суд — пакуль невядома.

Сьвятлана Кароль актыўна ўдзельнічала ў веларуху Гомля. Увосень 2020 яе з калегамі-пэдагогамі (раней Сьвятлана працавала настаўніцай) затрымліваў АМАП за ўскладаньне кветак да помніка Ірыне Паскевіч.

Асудзілі былую студэнтку лінгвістычнага ўнівэрсытэту

У Менскім абласным судзе 8 лютага асудзілі палітзьняволеную Кацярыну Хулхачыеву паводле ч. 1 арт. 130 (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) КК, піша «Вясна».


Судзьдзя Ірына Майко прызначыла Кацярыне два гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). Кацярыну выпусьцілі на волю ў залі суду.

Летась напрыканцы студзеня дзяўчыну завочна адлічылі зь Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Кацярына мае малога сына.


Спартоўца з Фаніпаля асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах 2020 году

Як паведамляе «Вясна», у судзе Дзяржынскага раёну асудзілі палітзьняволенага Юрыя Джэнжэру паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) КК. Судзьдзя Тацяна Фядчук прызначыла Юрыю 2 гады і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе ён перакрываў рух транспарту ў Фаніпалі — а менавіта ішоў па дарозе падчас акцыі пратэсту.

Падчас пасяджэньня Юры не пагадзіўся з прад’яўленымі яму абвінавачаньнямі. Мяркуючы па відэа, якое апублікавалі сілавікі, доказамі «блякаваньня дарог» сталі «сторыс» у Instagram. Яны былі ў архіве профілю, знайшлі іх супрацоўнікі пасьля «вывучэньня» тэлефона мужчыны. Юры прафэсійна займаецца міні-футболам. Спартовы досьвед больш за 20 гадоў. Раней граў за клюб «Лівадыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG