Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даў згоду на стварэньне «партыі ўлады». Дзеля чаго?


Зьезд праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь», кастрычнік 2008 году
Зьезд праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь», кастрычнік 2008 году

7 лютага праўладнае аб’яднаньне «Белая Русь» правяло арганізацыйны сход дзеля стварэньня палітычнай партыі, як можна зразумець, з той жа назвай. Пра гэта заявіў старшыня гэтай арганізацыі Алег Раманаў. Такім чынам, Лукашэнка, відавочна, даў згоду на стварэньне «партыі ўлады».

Сьцісла:

  • Дасюль Лукашэнка не даваў згоды на такое пераўтварэньне, бо «партыя ўлады» ня ўпісвалася ў беларускую палітычную сыстэму.
  • 15 гадоў «Белая Русь» існавала ў форме грамадзкай арганізацыі, як чамадан бяз ручкі.
  • Цяпер жа зьмяняецца прырода ўлады. Адбываецца эвалюцыя аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны.
  • Верагодна, партыя «Белая Русь» ствараецца пад тую задачу, якую выконвала КПСС. То бок яна можа стаць нейкім дадатковым фільтрам, новым мэханізмам вызначэньня ляяльнасьці для чыноўнікаў, якія займаюць кіроўныя пасады.

15 гадоў Лукашэнка быў супраць стварэньня «партыі ўлады»

Грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь» утварылася ў далёкім 2007 годзе. З таго часу было некалькі спробаў трансфармаваць гэтую арганізацыю ў партыю. Але кожны раз Лукашэнка не даваў згоды. Бо «партыя ўлады» ня ўпісвалася ў беларускую палітычную сыстэму.

У Беларусі замацавалася патрыярхальная мадэль, якая складаецца, па вялікім рахунку, з двух суб’ектаў: правадыр і народ. «Бацька нацыі» апэлюе непасрэдна да народу і атрымлівае ад яго санкцыю на вечнае панаваньне безь ніякіх пасярэднікаў у выглядзе парлямэнту, партый, прафсаюзаў і іншых элемэнтаў палітычнай сыстэмы. (Фармальна, вядома, яны ёсьць, але іх значэньне набліжаецца да нуля). У такой мадэлі рутынную функцыю «партыі ўлады» эфэктыўна выконвае кіраўнічая «вэртыкаль». І нейкая фармалізаваная кіроўная партыя ня толькі не патрэбная, а нават шкодная. Бо зводзіць вобраз народнага правадыра да лідэра хай сабе і вельмі масавай, але ўсяго толькі адной партыі, звужае сацыяльную базу.

Да таго ж узьнікала адна важная дылема. Калі рэйтынг самога Лукашэнкі значна вышэйшы за рэйтынг «партыі ўлады» (гэта якраз расейская сытуацыя, дзе рэйтынг Пуціна значна перавышае рэйтынг праўладнай партыі «Адзіная Расея»), то навошта яму патрэбная такая слабая падпорка? А калі раптам здарыцца адваротная сытуацыя, і рэйтынг партыі «Белая Русь» нечакана акажацца вышэйшы за лукашэнкаўскі, то зноў жа — навошта яму канкурэнт на ягоным палітычным полі?

Акрамя таго, кіроўная партыя патрэбная для ўтрыманьня ўлады ва ўмовах прапарцыйнай выбарчай сыстэмы, якая існуе, напрыклад, часткова ў Расеі. Пры ёй выбаршчыкі галасуюць не за канкрэтнага кандыдата (як пры мажарытарнай сыстэме), а за палітычную арганізацыю. Пры прапарцыянальнай сыстэме адбываецца канкурэнцыя агульнанацыянальных палітычных праектаў.

У Беларусі ж дзейнічае мажарытарная выбарчая сыстэма, якая за многія гады прадэманстравала сваю высокую эфэктыўнасьць у тым сэнсе, што дае патрэбны ўладам вынік. Пераход да прапарцыйнай выбарчай сыстэмы патрабуе іншых мэханізмаў маніпуляваньня, сурʼёзнай пераналадкі выбарчай сыстэмы. Напрыклад, перавучваньня выбарчых камісій, як «правільна» лічыць згодна з новай схемай. І навошта ламаць тое, што добра працуе?

Такім чынам, 15 гадоў «Белая Русь» існавала ў форме грамадзкай арганізацыі, як чамадан бяз ручкі. Улады ня ведалі, што зь ёй рабіць і навошта яна патрэбная.

У крытычныя дні 2020 году, калі на вуліцы выйшлі сотні тысяч абураных грамадзян, «Белая Русь», як і іншыя праўладныя арганізацыі, кшталту ФПБ ці БРСМ, проста зьнікла з палітычнага экрана, іх не было ні відаць, ні чуваць. Праўладныя мітынгі і аўтапрабегі ладзіліся самімі ўладамі, а ня гэтымі штучна створанымі прыдворнымі структурамі. Высьветлілася, што яны — ніякая не апора рэжыму, а проста нахлебнікі дзяржаўнага бюджэту. Лукашэнка некалькі разоў выказваў сваё незадавальненьне, расчараваньне тым, як паводзілі сябе гэтыя арганізацыі падчас масавых пратэстаў. У выніку Генадзя Давыдзьку, які доўгі час узначальваў «Белую Русь», адправілі ў адстаўку.

Чаму стаўленьне да кіроўнай партыі цяпер памянялася?

Чаму ж цяпер Лукашэнка даў згоду на стварэньне «партыі ўлады»? Што здарылася?

А здарылася тое, што зьмяняецца прырода ўлады. Адбываецца эвалюцыя аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны.

Да 2020 году Лукашэнка імкнуўся так ці інакш легітымізаваць сябе з дапамогай грамадзкай падтрымкі. Важным элемэнтам гэтай легітымізацыі быў папулізм. Лукашэнку было важна, што пра яго думае народ. Адсюль прыдуманы ім вобраз «народнага прэзыдэнта».

Цяпер жа папулізм калі ня зьнік, то адышоў на другі плян. Рэжым абапіраецца не на падтрымку грамадзтва, а на АМАП і ГУБАЗіК. Той пэрыяд, калі Лукашэнка казаў «Я ня зь левымі і ня з правымі, я з народам», мінуў. Ён перастаў баяцца, што партыя «ябацек» звужае сацыяльную базу ягонай падтрымкі.

У дыскусіях сярод палітолягаў пра пераход да таталітарызму было шмат пярэчаньняў, што, маўляў, у клясычнай таталітарнай сыстэме павінна існаваць кіроўная партыя і ідэалёгія. Ну вось вам і партыя! Як замаўлялі. А ў сваёй лекцыі старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» Алег Раманаў прэтэндуе на фармаваньне ідэалёгіі.

Вядома, наўрад ці Лукашэнка чытаў кніжкі па тэорыі таталітарнага грамадзтва. Хутчэй ён рухаецца гэтым шляхам інтуітыўна. Да таго ж ён ня можа выйсьці за межы ўласнага жыцьцёвага досьведу. Паколькі цяпер Беларусь шмат па якіх парамэтрах вяртаецца ў СССР, то лягічным прыкладам для перайманьня можа стаць КПСС.

КПСС была ня проста партыяй, а найвышэйшым паверхам дзяржаўнай улады. Яна выконвала функцыю ня выбарнай машыны, як тое адбываецца ў краінах, дзе ўлада легітымізуецца выбарамі. Кампартыя была ядром дзяржапарату.

Дык і ў Беларусі сёньня роля выбараў дэвальвуецца і мінімізуецца. Яны ўсё больш падобныя да савецкіх. Вышэйшы дзяржаўны орган паводле новай Канстытуцыі — Усебеларускі народны сход — не выбіраецца. Лукашэнка разважаў, што варта было б адмяніць і ўсеагульныя прэзыдэнцкія выбары. Таму, можна меркаваць, кіроўная партыя ствараецца не пад выбары. Дакладней, выбары — не першачарговая задача. А пад тую задачу, якую выконвала КПСС.

То бок «Белая Русь» можа стаць нейкім дадатковым фільтрам, новым мэханізмам вызначэньня ляяльнасьці для чыноўнікаў, якія займаюць кіроўныя пасады. Як у савецкія часы, кіраўніком дзяржустановы, супрацоўнікам КДБ ці ГУБАЗіК можа быць толькі чалец кіроўнай партыі.

Ну, а партыйны апарат можа стаць яшчэ адным апірышчам для рэжыму, на дадатак да дзяржапарату.

А калі вяртацца да тэмы выбараў, то цяпер можна ўводзіць і прапарцыйную сыстэму. Да канца году ў выніку перарэгістрацыі ўсе апазыцыйныя партыі будуць ліквідаваныя. Канкураваць зь «Белай Русьсю» проста ня будзе каму.

Зразумела, усё гэта гіпотэзы. Цалкам магчыма, што Лукашэнка яшчэ спужаецца і ў апошні момант адмовіцца ад ідэі, каб не ствараць новага цэнтру сілы ў выглядзе кіраўніцтва партыі. І ў такім выпадку зьмена юрыдычнага статусу «Белай Русі» мала паўплывае на яе фактычны статус.

Як бы там ні было, размова ідзе пра палітычны экспэрымэнт зь невядомымі наступствамі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG