Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будуць браць і з гемароем. Што мяняе новая пастанова аб наборы ў войска


Прызыўнікі ў беларускае войска. Архіўнае фота
Прызыўнікі ў беларускае войска. Архіўнае фота

Цяпер у войска могуць забраць нават з астмай, калі яна не праяўлялася 5 гадоў. Глядзім, што зьмянілася.

Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства абароны выпусьцілі сумесную пастанову, якая ўдакладняе, каму можна служыць у войску па стане здароўя, а каму нельга. Дакумэнт апублікавалі на Нацыянальным прававым партале 4 лютага.

У пастанове ўдакладнілі, зь якімі захворваньнямі і ў якой форме трэба служыць у войску, а зь якімі ў войска ісьці нельга. Сьпіс захворваньняў, зь якімі ў войска бяруць, пашырыўся.

Што зьмянілася

  • Цяпер у Сілах спэцыяльных апэрацый ня змогуць служыць людзі з вагой, большай за 100 кіляграмаў. Раней абмежаваньне складала 90 кіляграмаў.
  • Таксама цяпер ад войска ня вызваляць людзей зь недастатковай масай цела (ад 16 да 18 кіляграмаў на квадратны мэтар паверхні цела).
  • Таксама ў войска будуць браць з атлусьценьнем 1-й і 2-й ступеняў (да 37 кіляграмаў на квадратны мэтар паверхні цела).
  • Новыя правілы дазваляюць браць на тэрміновую службу людзей, якія маюць блізарукасьць любога вока ад 6 да 8 дыёптрый.
  • Прыгоднымі для службы ў войску цяпер таксама прызнаюцца грамадзяне з артэрыяльнай гіпэртэнзіяй I ці II ступеняў без паражэньня органаў-мішэняў ці АКС (асацыяваныя клінічныя станы).
  • У войска на тэрміновую службу паводле новых правілаў будуць браць і з гемароем, калі ён ня ўскладнены выпадзеньнем гемараідальных вузлоў. А на кантрактную службу цяпер будуць браць нават з такім ускладненьнем. Раней з гемароем у войска бралі пры ўмове працяканьня хваробы з «рэдкімі ўскладненьнямі пры пасьпяховым лячэньні».
  • У войска будуць браць і з бранхіяльнай астмай — пры ўмове, што ў чалавека не было прыступаў цягам 5 гадоў.
  • Плоскаступнёвасьць III ступені цяпер таксама не ўратуе ад службы, калі яна не зьвязаная з «парушэньнем функцый» і не абцяжараная «дэфармуючым артрозам суставаў сярэдняга аддзелу ступні». Раней у войска бралі толькі з плоскаступнёвасьцю II і I стадый.

Каго найперш крануцца зьмены

Найбольш на людзей паўплывае зьмена, якая датычыцца вагі цела, бо гэта раней дазваляла пазьбягаць службы. Пра гэта кажа прадстаўнік Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, былы юрыст ініцыятывы дапамогі прызыўнікам «Призывник.бай» Максім Кавалёў.

«На першы погляд, найбольш паўплывае на людзей частка, якая тычыцца вагі цела. Бо гэта шмат каго датычыць. Ёсьць таксама пытаньне пра астму. Яны пішуць, што будуць браць у войска пры ўмове, што апошні прыступ быў 5 гадоў таму, але няясна, як гэта праверыць. Ёсьць таксама засьцярога наконт блізарукасьці, шмат людзей носіць акуляры, значыць, цяпер больш такіх людзей змогуць набраць, бо плянку панізілі», — кажа Максім Кавалёў.

Зьмены ў крытэрах адбору на службу адбываліся і раней. Напрыклад, у 2020 годзе прынялі чарговыя папраўкі, паводле якіх служыць сталі браць з радзімкамі на пэўных частках цела (раней лічылася, што ім шкодзіць нашэньне формы), са скаліёзам, меншым за 17 градусаў (раней было менш за 11 градусаў).

Ці лёгка даказаць, што ня можаш служыць

У ліпені 2022 году сілавікі затрымалі прадстаўнікоў ініцыятыў Army Help, «Призывник.Бай», быў заблякаваны сайт «Повестка.Бай». Гэтыя ініцыятывы дапамагалі прызыўнікам юрыдычна даказаць, што яны ня могуць служыць у войску па стане здароўя ці іншых прычынах.

«Ініцыятывы не рабілі нейкага цуду, яны дапамагалі сабраць дыягназы пры ўмове, што яны ёсьць. Гэта вельмі залежыць ад камісіі камісарыяту, да якой належыць прызыўнік. Напрыклад, калі чалавек скажа, што ў яго баліць сьпіна, доктар на камісіі на гэта можа і не зрэагаваць. А вось калі будзе даведка, дакумэнт, то лекар мусіць накіраваць на дасьледаваньне. Тыя, хто сапраўды не хацеў ісьці ў войска, не ішлі», — гаворыць Максім Кавалёў.

Але цяпер сыстэма можа працаваць і па іншаму, дадае Максім Кавалёў.

«Цяжка сказаць, як будзе зараз, бо цяпер да нас зьвяртаюцца шмат мінулых студэнтаў, якіх ужо выклікаюць у суд за ўхіленьне ад прызыву. Гэта тычыцца студэнтаў, якіх адлічылі ці якія былі вымушаныя выехаць пасьля падзей 2020-2021 году. Сытуацыя ўскладняецца тым, што позву цяпер дасылаюць заказным лістом, яе могуць не ўручаць у рукі. А заказны ліст можа атрымаць хтосьці зь сям’і. І тады позва лічыцца ўручанай», — прыводзіць прыклад Максім Кавалёў.

Лекар: Зьмены ў наборы ў войска зьвязаныя з дэмаграфіяй

Сямейны лекар Антон, які працаваў у Беларусі, а цяпер жыве за мяжой, расказаў, што ўсё новыя зьмены ў наборы ў войска зьвязаныя з дэмаграфіяй.

«Гэтыя зьмяншэньні абмежаваньняў зьвязаныя з дэмаграфічным спадам у краіне. Увогуле ідзе мілітарызацыя ў Беларусі. Калі чалавек з плоскаступнёвасьцю будзе сядзець недзе за кампутарам у войску, то праблемы няма. Калі ён будзе капаць акопы ці мець іншую фізычную нагрузку, то гэта кепска. Незразумела, ці будуць гэта ў беларускім войску браць пад увагу», — гаворыць лекар.

Ён раіць тым, хто мае праблемы са здароўем і ня хоча ў войска, пачынаць зьбіраць дадзеныя з паліклінік.

«Калі няма паперкі ці іншых дакумэнтаў, гэта нікога не хвалюе. Калі нехта ходзіць у паліклініку і бярэ рэцэпты, то трэба забясьпечыць сябе дакумэнтамі. Агляд у камісіях ад камісарыяту — гэта вельмі хуткая справа. Калі няма дакумэнтаў, то ніхто ня будзе заглыбляцца і шукаць праблему», — дадае лекар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG