Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор Швед перапісваецца з краінамі Лацінскай Амэрыкі аб выдачы былых эсэсаўцаў і назваў мінімальную суму шкоду ад нацысцкай акупацыі


Андрэй Швед
Андрэй Швед

Сёньня Андрэй Швед сустрэўся з Лукашэнкам і расказаў яму, што мінімальная сума матэрыяльнай шкоды ад нацысцкай акупацыі БССР складае 43,5 тысячы тон золата або 2 трлн 300 млрд далараў па цяперашнім курсе. Пра гэта ён заявіў у эфіры Беларускай тэлевізіі.

Справу аб генацыдзе беларускага народу ініцыявалі ў Беларусі пасьля пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Па выніках расьсьледаваньня крымінальнай справы пракуроры прыйшлі да высновы, што ў Беларусі было зьнішчана ня менш за 10,5 тысячы населеных пунктаў і забіта сама меней 3 млн чалавек. У кастрычніку мінулага года завяршыла працу спэцыяльная ўрадавая камісія, якая вызначала матэрыяльную шкоду, нанесеную ў гады ІІ Сусьветнай вайны БССР.

Швед раскрытыкаваў краіны Эўропы за нежаданьне дапамагчы ў расьследаваньні справы аб генацыдзе і патлумачыў гэта тым, што там цяпер кіруюць ідэалягічныя нашчадкі нацыстаў. У той жа час ён згадаў пра перапіску зь дзяржавамі Лацінскай Амэрыкі.

«Сёньня вядзецца перапіска зь некаторымі краінамі Лацінскай Амэрыкі, дзе, магчыма, яшчэ жывуць жывыя эсэсаўцы. Мы ставім пытаньне ці аб іх выдачы, ці аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці. У гэтым ключы вядзецца пэўная перапіска», — адзначыў Андрэй Швед у эфіры аднаго з праўладных тэлеканалаў.

Паводле генпракурора, па даручэньні Лукашэнкі карэктуюцца навучальныя праграмы агульнаадукацыйных школ, вышэйшых навучальных устаноў, а таксама шэрагу іншых крыніц, якія выкарыстоўваюцца для ідэалягічнай, выхаваўчай, адукацыйнай работы. Пракурорскія работнікі нібыта арганізавалі ва ўсіх раённых цэнтрах выставы аб генацыдзе беларускага народу, якія наведалі больш за 1 млн 700 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG