Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жанчыны паміраюць псыхалягічна, становяцца рабамі сацыяльнай нормы». Як хатнія абавязкі прыводзяць да зьнясіленьня


Ганна Матуляк
Ганна Матуляк

Паразмаўлялі з псыхолягам Ганнай Матуляк пра тое, як хатнія справы, адказнасьць за дзяцей і мужа прыводзяць жанчын да выгараньня. Даведаліся, чаму так адбываецца і як гэтага пазьбегнуць.

Ганна Матуляк — сямейны, рэпрадуктыўны псыхоляг, гештальт-тэрапэўт, супэрвізар, трэнер. Расказваць аб праблеме Ганна пачынае з параўнаньня сытуацыі ў Беларусі, постсавецкіх краінах і Эўропе. Экспэртка адзначае, што ў Эўропе мужчыны больш уключаныя ў агульную сямейную гісторыю, больш татаў зь дзецьмі на вуліцах (і побач няма мамы). Яны занятыя чымсьці зь дзецьмі, прыводзяць малых на гурткі і нейкія актыўныя падзеі.

«Вось нядаўна я выпадкова ўбачыла рэкляму пральнага парашку. Там дзіця ў зэдліку для кармленьня есьць, пэцкаецца, тата яго падхоплівае, нясе ў ванны пакой, пераадзявае. Я злавіла сябе на думцы, што ўвесь ролік была ў чаканьні: у які момант мама зойдзе і дасьць гэтую выратавальную капсулу для пральнай машыны, — усьміхаецца Ганна. — Але на маё зьдзіўленьне, мама так і не зьявілася».

Гіпэрадказнасьць, якая звальваецца на жанчын, зьвязаная і з гістарычнай спадчынай патрыярхальнай культуры, кажа экспэртка. Цяпер жа адбываюцца спробы зрушыць гэтую культуру ў бок раўнапраўя, каб мужчыны таксама бралі на сябе адказнасьць за дзяцей, агульнасямейныя справы.

«Пару дзён таму з жанчынамі ў адной з маіх груп мы размаўлялі пра тое, што ўсё роўна чаканьні соцыюму ад жанчыны застаюцца, нягледзячы на ўсе зьмены. Нават калі зьмяняецца сытуацыя ў сямʼі, то соцыюм усё роўна застаецца перадузятым да жанчыны. У Беларусі жанчыну ўшчамляюць у правах пры ўладкаваньні на працу: калі ў яе ёсьць дзіця, адмаўляюць у месцы. У Эўропе іншая сытуацыя: тут можна трапіць у суд за пытаньні пра дзяцей, цяжарнасьць, плянаваньне».

Яшчэ адна праблема, празь якую жанчыны адчуваюць дадатковы ціск — масмэдыя, перакананая экспэртка.

«Яны культывуюць карцінку посьпеху, калі жанчына павінна і дзесяць дзяцей нарадзіць, выхаваць, і ў карʼеры чагосьці дасягнуць. І вось гэты нэўроз недасяжнага, ідэальнага ладу жыцьця прымушае жанчыну заставацца ў нейкіх вельмі сьціснутых рамках і ўвесь час ад сябе нешта патрабаваць. Гэта ўплывае на тое, што складана становіцца адпусьціць, падзяліць адказнасьць з кімсьці».

Ганна Матуляк
Ганна Матуляк

«Варта прыглядацца, якія адносіны ў партнэра з бацькамі»

Калі жанчына толькі пачынае стасункі, вельмі складана праверыць, ці не адбудзецца так у будучыні, што ўся адказнасьць зваліцца на яе, адзначае Ганна.

«Калі мы ў рамантычным пэрыядзе, калі намі кіруюць гармоны, вельмі складана бачыць рэальнасьць, бо мы ідэалізуем адно аднаго. Мы гатовыя адно дзеля аднаго на значна большае, чым у звычайным стане. Але варта прыглядацца, якія адносіны ў партнэра з бацькамі, якія там парадкі і правілы, як узаемадзейнічаюць члены сямʼі між сабой, як ён ставіцца да гэтага».

Сваім кліенткам Ганна раіць размаўляць з партнэрам, абмяркоўваць прынцыпова важныя рэчы.

«Няхай гэта будуць пакуль мары і пляны, але ўжо ў такіх размовах мы можам зразумець настрой адно аднаго і вызначыць, ці гэта нейкі крытычны пункт, у якім мужчына кажа: „Не, я катэгарычна супраць, каб мая жанчына працавала, калі ў нас зьявяцца дзеці“. Адна гісторыя, калі гэта катэгарычны пункт гледжаньня і адразу можна разумець, што са зьяўленьнем дзіцяці могуць узьнікнуць складанасьці, і ацэньваць, ці гатовая я да такога сцэнару. А з другога боку, зьяўляецца магчымасьць для размовы і абмеркаваньня».

Важна разумець, што мы ўсе выходзім з нашых бацькоўскіх сем’яў з пэўным багажом, мы сфармаваныя нашым мінулым досьведам, зазначае экспэртка.

«Калі партнэр кажа: „Так, я ведаю, у маіх бацькоў гэта ўладкавана так. Я бачу ў сабе зародкі такіх жа тэндэнцый, але я б хацеў мяняць гэта, я лічу, што важна рухацца ў іншым кірунку, я гатовы для гэтага нешта рабіць“. Тады гэта іншая гісторыя, але яна не абяцае адразу нейкіх супэрвынікаў».

Таксама на фармаваньне асобы моцна ўплывае гістарычны кантэкст: апроч патрыярхальнасьці, гэта войны, рэвалюцыі, рэпрэсіі, ссылкі.

«Вельмі доўгі час мужчын выкошвала, іх не было ў семʼях. І калі наступілі часы адносна спакойныя, калі яны фізычна не зьнікалі з семʼяў, на зьмену прыйшла хваля алькагалізму. Я дзіця 80-х, і я памятаю, што ў нас толькі ў некалькіх чалавек у клясе таты не пілі, а ўсе астатнія пакутавалі ад алькагалізму. Гэта таксама можа быць спадчынай таго, што мужчыны засталіся ў сямʼі, але не зразумелі, як сябе прымяніць у бацькоўстве, у шлюбе, бо няма досьведу прысутнасьці».

«Усё магчыма толькі пры жаданьні абаіх»

У жанчыны глыбока ў несьвядомасьці можа быць і ідэя свайго большага ўплыву, адказнасьці, бо зваротны бок такіх паводзінаў — улада і кантроль, мяркуе экспэртка.

«Калі я працую з жанчынамі, я часта сутыкаюся з тым, што ім складана бывае адпусьціць нешта: «Чаму я не магу адпусьціць і падзяліць з партнэрам адказнасьць, хаця мне здаецца, я б хацела гэта зрабіць. Але калі я не кантралюю, у мяне зьяўляецца трывога, бо калі я не цягну ўсё на сабе, я не адчуваю сябе каханай».

Але ў стасунках заўжды можна нешта зьмяніць, калі гэтага хочуць абое, кажа Ганна. Жанчына павінна сутыкнуцца са сваёй «няўсёмагутнасьцю», раіць экспэртка. Калі яна праз 20 гадоў жыцьця ў шлюбе ўсьвядоміла, што ня можа ўсё цягнуць на сабе, то яе адказнасьць у тым, каб пра гэта паведаміць, прапанаваць сваё бачаньне.

«Можна нават пазначыць некаторыя ўмовы: „Цяпер я буду рабіць гэта, але ня буду рабіць вось гэтага“. Калі жанчына гатовая да таго, што адносіны могуць завяршыцца ў выпадку, калі партнэр ня пойдзе на важныя для яе ўмовы, то тады яна проста працягвае прытрымлівацца сваіх патрэбаў. Калі не атрымліваецца адно з адным пагаварыць — ёсьць вялікае мноства сямейных тэрапэўтаў, якія дапамагаюць гэта зрабіць. Але ўсё магчыма толькі пры жаданьні абаіх».

«Ты ведаеш, мама, гэта нашая сямʼя і мы ўдваіх разьбяромся, як нам лепш зрабіць»

Калі ў вашай сям’і падзеленая адказнасьць, існуюць пэўныя дамоўленасьці, то вас могуць пачаць крытыкаваць блізкія людзі.

«Сямʼя, пара — гэта асобная структура, у якой ёсьць свае межы. І іх важна абараняць ад вонкавых уварваньняў, каб нейкі балянс, каб правілы і нормы, прынятыя парай, выконваліся. Часам абарона межаў — гэта дастаткова жорсткія адказы і інтэрвэнцыі, якія могуць уплываць на адносіны зь іншымі сваякамі і знаёмымі, бо могуць ісьці ў ход маніпуляцыі. Наогул у дачыненьні да блізкіх можа быць вельмі складана нават проста адмовіць або сказаць: „Ты ведаеш, мама, гэта нашая сямʼя і мы ўдваіх разьбяромся, як нам лепш зрабіць“».

Калі блізкія людзі, бацькі пачынаюць вамі маніпуляваць, крыўдзіцца, варта разумець, што вы маеце права на тое, каб будаваць сваё жыцьцё так, як вы лічыце правільным, зазначае псыхоляг.

«Любой жанчыне важна разумець, што тое, як яна пражыве сваё жыцьцё, наколькі яна будзе адчуваць сябе гарманічна, здаровай, вясёлай, недэпрэсіўнай, будзе залежаць ад таго, наколькі яна дазволіць праявіцца сваім жаданьням, патрэбам, пачуцьцям. І выстраіць у адпаведнасьці з гэтым свае адносіны з партнэрам».

Ганна Матуляк
Ганна Матуляк

«Жанчыны часта адчуваюць віну за жаданьні, не зьвязаныя зь сямʼёй»

Выгараньне, пачуцьцё, быццам жыцьцё праходзіць міма, жанчыны часта пачынаюць адчуваць пасьля таго, калі дзеці вырастаюць і пакідаюць дом, кажа Ганна Матуляк.

«Мацярынства займае вельмі шмат прасторы ў жыцьці жанчыны, і яна падчас выхаваньня дзяцей можа не заўважаць, што ейнае асабістае жыцьцё знаходзіцца ў цені. І, калі дзіця пакідае бацькоўскі дом, утвараецца пустое месца, якое можа выклікаць і дэпрэсіўныя рэакцыі, бо жанчына паварочваецца да сябе і задаецца пытаньнем: «А з чаго складаецца маё жыцьцё? Што ёсьць у маім жыцьці пра мяне, майго?».

Крытэры такога зьнясіленьня — апатыя, туга, расчараванасьць, прыкрасьць, адчуваньне, што жыцьцё праходзіць міма, пачуцьцё нерэалізаванасьці, пачуцьцё віны.

«Я вельмі часта сутыкаюся ў працы з жанчынамі, калі яны адчуваюць віну за жаданьні, не зьвязаныя зь сямʼёй і дзіцем, калі яны хочуць проста пагуляць у лесе адной або завесьці нейкае хобі, дзе ня будзе дзіцяці».

Залішняя адказнасьць і кантроль за сям’ёй прыводзяць да таго, што жанчыны становяцца выключанымі са свайго жыцьця.

«У большасьці выпадкаў яны „паміраюць“ псыхалягічна, становяцца замарожанымі, рабамі нейкага ладу, сацыяльнай нормы, чаканьняў мужа, дзяцей, іншых сваякоў, але толькі не сябе».

Каб такога не адбывалася, важна, каб у жыцьці кожнай жанчыны была частка, не зьвязаная ні з кім і ні з чым, акрамя яе самой, кажа Ганна.

«Камусьці дастаткова раз на тыдзень выйсьці і адной прагуляцца некалькі гадзін, а некаму трэба больш часу, больш разнастайна яго правесьці асобна ад сямʼі, ад нейкіх абавязкаў. Часта жанчыны нават у свае ўласныя заняткі ўмудраюцца ўпіхнуць нейкую карысьць: «Я пайшла адна гуляць, а заадно сыну кашулю купіла, па дарозе дзесяць спраў зрабіла — яны ж маленькія».

Тут экспэртка раіць сілай волі прымушаць сябе нечага не рабіць, каб іншы чалавек узяў частку адказнасьці. Гэта ж тычыцца і дзяцей.

«Адказнасьць у пары і сямʼі — гэта ўзаемадапаўняльная пасудзіна. Калі я ўвесь час бяру адказнасьць на сябе, то іншы не бярэ. Калі я яе не бяру, то так ці інакш хтосьці падхопіць. Але часта, калі гэтага не адбываецца ў першую ж сэкунду, жанчына зноў на сябе ўсё бярэ. Вось тут патрэбна сіла волі ў тым, каб праходзіць міма гэтай кінутай на падлогу кашулі і проста зьвяртаць увагу на тое, чыя гэта рэч».

Калі вы бачыце, што ваш блізкі чалавек знаходзіцца ў зьнясіленым стане, вы можаце выказаць свае перажываньні і прапанаваць дапамогу, можна нават парэкамэндаваць зьвярнуцца да спэцыяліста, раіць экспэртка. Але вельмі важна пытацца ў самога чалавека, якая дапамога яму цяпер патрэбная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG