Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка вельмі добра ўспрымае тэорыю змовы, яна яму блізкая», — дасьледчыца прапаганды Ірына Сідорская


Беларуская прапаганда. Ілюстрацыя
Беларуская прапаганда. Ілюстрацыя

Доктар філялягічных навук Ірына Сідорская расказвае пра новыя мэтады беларускай афіцыйнай прапаганды; аналізуе, якое месца займае ў іх «тэорыя змовы», а таксама адказвае на пытаньне, ці самастойная беларуская прапаганда, альбо яна цалкам перайшла на расейскія наратывы.

Сьцісла:

  • Да 2020 году не было прапаганды ў такім аб’ёме і маштабе, як гэта мы назіраем цяпер.
  • Зварот да тэорыі змовы — гэта істотны крок назад, у мінулае.
  • Калі прапаганда гаварыла пра стабільнасьць, то яна жыла больш у цяперашнім часе, «тут і цяпер».
  • Галоўныя спажыўцы тэорыяў змовы — малаадукаваныя і бедныя людзі.

— Нядаўна журналістам і грамадзкасьці былі прадстаўлены вынікі дасьледаваньня «Тэорыі змовы ў структуры дзяржаўнай мэдыйнай прапаганды». Дасьледаваньне выканаў Media Hub ePramova на базе вынікаў маніторынгу Media IQ групай экспэртаў пад вашым кіраўніцтвам. Чаму ўзьнікла ідэя зрабіць менавіта такі аналіз, з фокусам на тэорыю змовы?

Ірына Сідорская
Ірына Сідорская

— Тэорыі змовы актыўна ўзьніклі ў беларускай прапагандзе адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Маўляў, няма ніякіх унутраных прычынаў для пратэстаў — усё гэта падкопы «калектыўнага Захаду». З таго часу тэорыі змовы нікуды не зьнікалі і ўвесь час прысутнічаюць у прапагандысцкім дыскурсе. Нейкія іншыя аспэкты прапаганды вывучаныя і прааналізаваныя досыць добра. Я маю на ўвазе, напрыклад, «мову варожасьці», дэгуманізацыю, прыёмы лжывай дылемы і гэтак далей. Што тычыцца тэорыі змовы, то, наколькі я ведаю, яшчэ не было такіх дасьледаваньняў, каб на беларускім матэрыяле гэта вывучылі.

— Вы сказалі, што тэорыі змовы актыўна зьявіліся пасьля выбараў 2020 году. Але хіба не было іх цягам усяго кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, які, здаецца, заўсёды актыўна прасоўваў гэтую тэму? Ці проста да 2020 году гэта былі адзінкавыя выпадкі, якія не складаліся ў маштабную сыстэму?

— Так, да 2020 году не было прапаганды ў такім аб’ёме і маштабе, як гэта мы назіраем цяпер. Прапаганда звычайна актывізоўвалася падчас выбараў, але потым зьнікала. Лукашэнка тэму «тэорыяў змоваў» любіць, гэта можна патлумачыць і гістарычнымі прычынамі. Ён чалавек з Савецкага Саюзу, з «халоднай вайны» паміж сьветам сацыялізму і капіталізму, калі ўсюды шукалі і знаходзілі змоўшчыкаў і ворагаў. Людзі, старэйшыя за 60 гадоў, на тэорыях змовы выгадаваліся і не забыліся на іх.

— Якая любімая «тэорыя змоваў» у беларускай дзяржаўнай прапаганды, якая найбольш распаўсюджаная і папулярная?

— У 2021 годзе пераважала найбольш тая тэорыя змовы, што Беларусь знаходзіцца ў варожым атачэньні, што паўсюль ворагі, якія абвясьцілі краіне «гібрыдную вайну», «эканамічны генацыд», «сапраўдны тэрор», «перайшлі ўсе чырвоныя рысы». Таму сапраўдныя патрыёты павінны згуртавацца вакол лідэра, і тады, можа, атрымаецца ўсе гэтыя пагрозы прадухіліць.

Усе тэорыі змовы паразытуюць на страху чалавека перад нейкімі магутнымі арганізацыямі, якія валодаюць сьветам і могуць лёгка зьмяніць жыцьцё простага чалавека. Таму лідэры і абараняюць свой народ ад вонкавых пагрозаў. Аўтарытарная лідэры вельмі любяць такую схему, бо тады можна не дэманстраваць эканамічных посьпехаў, дасягненьняў у сацыяльнай палітыцы. Варта толькі гаварыць: «Глядзіце, вакол нас ворагі, ад іх усе праблемы, але мы іх не пускаем, прадухіляем пагрозы, што ідуць ад іх».

— Наколькі захапленьне тэорыямі змовы кладзецца ў старую, традыцыйную прапаганду? Ці яна гарманічна спалучаецца са старой мантрай стабільнасьці, ці тут ёсьць пэўныя супярэчнасьці, якіх прапаганда не заўважае?

— Мне здаецца, што калі прапаганда гаварыла пра стабільнасьць, то яна жыла больш у цяперашнім часе, «тут і цяпер». А зварот да тэорыі змовы — гэта істотны крок назад, у мінулае, калі сьвет быў падзелены на сваіх і чужых.

— Ці можна сказаць, што беларуская прапаганда проста паўтарае галоўныя матывы расейскай прапаганды, што актыўна назіраецца пасьля жніўня 2020 году? Ці яна ўсё ж мае пэўную самастойнасьць, вызначаецца сваімі задачамі, адрознымі ад расейскіх? Тая ж тэорыя змовы даўно прапісалася ў расейскіх дзяржаўных СМІ, а для Беларусі ў такіх маштабах гэта даволі новая зьява.

— Уплыў Расеі ў гэтым даволі значны. Сапраўды, для Масквы тэорыя змовы — улюбёная тэма для прапагандыстаў. Яны ўвесь час расказваюць пра «калектыўны Захад, які хоча разбурыць і захапіць Расею». Мне здаецца, што калі беларуская прапаганда падхоплівае гэтую тэму, то гэта вельмі спрыяльна ўспрымаецца Аляксандрам Лукашэнкам. У гэтым сэнсе Лукашэнка і Пуцін думаюць аднолькава, яны ў гэтай тэме разумеюць адзін аднаго.

Прапагандысты проста паўтараюць на свой лад тое, што гаворыць праўладны палітык. Магчыма, ім самім як маладым людзям гэтая тэорыя змовы даволі далёкая. Але паколькі іхная задача — трансьляваць і разьвіваць ідэі вышэйшых чыноўнікаў, то яны іх паўтараюць.

— Як выглядае эфэктыўнасьць дзяржаўнай прапаганды ў цэлым, які працэнт насельніцтва схільны ёй давяраць?

— Калі прапаганда працуе, то яна мае ўплыў на некаторую частку беларускага грамадзтва. Ёсьць частка беларусаў, якая не паддаецца на прапаганду, а ёсьць тыя пласты, якія больш ёй падуладныя. Хто галоўныя спажывальнікі тэорыяў змовы? Гэта пераважна малаадукаваныя і бедныя людзі, у якіх няма рэсурсаў ці магчымасьцяў, каб шмат чытаць, цікавіцца, слухаць лідэраў думак.

У амэрыканскай тэорыі камунікацыі, дзе тэорыі змоваў добра дасьледаваныя, гаворыцца пра тое, што спажыўцы гэтых тэорыяў пераважна людзі, якія маюць досыць абмежаваныя магчымасьці, каб арыентавацца ў сучасным складаным і неадназначным сьвеце. Гэта людзі, якія шукаюць самыя простыя адказы на складаныя пытаньні. Яны і будуць з задавальненьнем спажываць самыя разнастайныя тэорыі змовы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG