Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Волат», «Брэст», «Тур» і іншыя. Беларусы, якія загінулі ва Ўкраіне

абноўлена

Разьвітаньне з загінулым байцом палку Каліноўскага
Разьвітаньне з загінулым байцом палку Каліноўскага

Ад 24 лютага 2022 году, калі Расея пачала поўнамаштабную вайну ва Ўкраіне, загінулі прынамсі 18 беларускіх добраахвотнікаў, якія баранілі тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Загінулыя ваявалі ў палку Каліноўскага, батальёне «Тэрор», аб’ядананьні «Пагоня», а таксама ў асобных частках украінскага войска.

Свабода ўспамінае пра беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ад пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.

Ільля «Літвін» Хрэнаў

27 гадоў

Ільля «Літвін» Хрэнаў
Ільля «Літвін» Хрэнаў

Першы беларус, які загінуў ва Ўкраіне падчас поўнамаштабнай вайны. Ільля ваяваў з 19-гадовага ўзросту, калі разам са сваімі таварышамі зьехаў зь Беларусі ў батальён «Азоў». Потым быў інструктарам у «Азове». У цывільным жыцьці ў яго было ўсё добра, працаваў джунам у ІТ-кампаніі, якая займаецца штучным інтэлектам і апрацоўкай дадзеных на рынках жыльля. Ажаніўся з украінскай дзяўчынай. Жыў у Браварах пад Кіевам.

Ільля — мянчук, вырас у Лошыцы ў шматдзетнай сям’і. Вучыўся ў Аўтамэханічным каледжы, нядоўга папрацаваў на МАЗе. Быў заўзятарам менскага «Дынама».

«Літвін» загінуў 3 сакавіка ў баях з расейскімі акупантамі пад Бучай. Гэта адбылося ў гатэлі Villa San-Marino, дзе група ўкраінскіх і беларускіх добраахвотнікаў адбівала атаку расейскай калёны тэхнікі. Іншаму беларусу Аляксею «Псыхолягу» Назараву ў выніку таго бою ампутавалі нагу.

Цела «Літвіна» праз акупацыю часткі Кіеўскай вобласьці не маглі забраць на працягу месяца. Пасьля ўрачыстага разьвітаньня цела крэміравалі. Цяпер прах знаходзіцца ў жонкі беларуса, пасьля вайны яго хочуць забраць бацькі Ільлі, каб пахаваць побач з роднымі.

Аляксей «Тур» Скобля

31 год

Аляксей «Тур» Скобля
Аляксей «Тур» Скобля

Адзіны беларус, які пасьмяротна атрымаў званьне героя Ўкраіны. Ваяваў з 2015 году.

Аляксей — мянчук. Таксама вучыўся ў Аўтамэханічным каледжы, працаваў мэханікам.

Потым завочна паступіў у Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, але адвучыцца не пасьпеў, бо прыняў рашэньне ехаць ва Ўкраіну. Пачынаў свой вайсковы шлях у якасьці парамэдыка, а канчаў ужо ў падразьдзяленьні сілаў спэцыяльных апэрацый УСУ. Меў украінскае грамадзянства.

«Тур» загінуў 13 сакавіка пад Кіевам. Яго моцна параніла ў баі. Беларус папрасіў яго не эвакуаваць, бо лічыў, што шанцаў выжыць няма, а замест гэтага адыходзіць. Сам Аляксей прыкрываў адыход, страляючы.

Беларускага ваяра таксама крэміравалі, а жонка перадала прах бацькам, каб яны маглі пахаваць сына ў Беларусі.

Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч

32 гады

Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч
Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч

Першая страта беларускага фармаваньня ва Ўкраіне — тады яшчэ батальёну імя Кастуся Каліноўскага. Зьміцер загінуў 24 сакавіка падчас баёў за Ірпень, што ў Кіеўскай вобласьці. Беларусы ў той апэрацыі біліся шэсьць дзён безь перапынку.

Зьміцер родам са Смаргоні. У Беларусі служыў у 38-й дэсантнай брыгадзе ў Берасьці. Вельмі любіў спорт і актыўны адпачынак.

Апошнім часам Зьміцер жыў у Варшаве. Працаваў дальнабойшчыкам. Калі пачалася вайна, «Тэрор» быў у рэйсе ў Рызе. Ён папрасіў свайго сябра Паўла «Борта» пачакаць яго некалькі дзён, каб разам адправіцца на вайну.

Зьміцер атрымаў асколачнае раненьне падчас абстрэлу пазыцый з расейскага БМП-3. Ён прыходзіў у прытомнасьць, і мэдыкі меркавалі, што жыцьцю нічога не павінна пагражаць. Але па дарозе ў шпіталь ваяр памёр.

У гонар Зьмітра названы беларускі батальён «Тэрор», які ваюе на поўдні Ўкраіны.

Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі

30 гадоў

Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі
Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі

Родам зь Берасьця. Вучыўся ў будаўнічай вучэльні. Ваяваў з 2015 году. Прыехаў у Львоў на футбольны матч зборных Беларусі і Ўкраіны, так і застаўся.

Ваяваў у шэрагах «Правага сэктару». За абарону шахты Бутаўка меў узнагароду «Народны герой Украіны». Рубашэўскі меў некалькі раненьняў. У 2019 годзе ў баях страціў вока. Пасьля раненьня яго даглядала сястра загінулага пабраціма. У хуткім часе яны пабраліся шлюбам, нарадзілі дачку.

Жыў у Львоўскай вобласьці. Пазыўны «Ганс» меў празь нямецкі шалом часоў Другой сусьветнай вайны. Апошнім часам служыў у складзе 24-й асобнай мэханізаванай брыгады князя Данілы Галіцкага.

Загінуў 12 красавіка падчас баёў у Луганскай вобласьці. Быў у складзе ротнай тактычнай групы, якая рабіла вылазкі ў тыл праціўніка. Перад сьмерцю «Ганс» зьнішчыў камандзіра расейскай групы.

Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла

34 гады

Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла
Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла

Таксама ўдзельнічаў у баях ва Ўкраіне ад 2015 году. Родам з Магілёва. У 2016 годзе застаўся жывым падчас баёў на Сьветладарскай дузе, дзе загінула шмат ваяроў з украінскага боку. Меў падзяку ад прэзыдэнта Ўкраіны.

Калі пачалася поўнамаштабная вайна, быў у складзе батальёну «Данбас — Украіна». Загінуў ад пападаньня снараду 26 красавіка ў Данецкай вобласьці.

Беларуса пахавалі ў Крывым Розе. Жыў ён у горадзе Папасная Данецкай вобласьці. Там жа сустрэў будучую жонку Яну, яна працавала дырэктаркай мясцовага краязнаўчага музэю.

Павал «Волат» Суслаў

27 гадоў

Павал «Волат» Суслаў на чале калёны
Павал «Волат» Суслаў на чале калёны

Адзін з найбольш аўтарытэтных і дасьведчаных беларускіх ваяроў ва Ўкраіне. Родам з Гомля, там у ўнівэрсытэце выкладала ягоная маці Натальля Суслава. Пасьля сьмерці сына яна далучылася да беларускіх добраахвотнікаў і нават удзельнічала ў паходзе на Херсон.

У Беларусі «Волат» служыў у вайсковай частцы 3214, у роце выведкі. Ад 2016 году ваяваў ва Ўкраіне. Меў мноства раненьняў, пабрацімы казалі, што на целе «Волата» не было жывога месца, увесь у шнарах. Прайшоў нават праз кому. Па стане здароўя яму адмаўлялі ў вяртаньні на фронт, але полк Каліноўскага даў такую магчымасьць.

«Волат» быў камандзірам роты. Загінуў 13 траўня ў Мікалаеўскай вобласьці, падарваўшыся на расьцяжцы. «Гэта вайна, ты альбо загінеш, альбо не», — пераказваюць словы «Волата» ягоныя таварышы па службе.

Быў жанаты, разам з жонкай жылі ў Луцку, мелі дачку. У гонар Паўла Суслава названы адзін з батальёнаў у палку імя Кастуся Каліноўскага.

Іван «Брэст» Марчук

28 гадоў

Іван «Брэст» Марчук
Іван «Брэст» Марчук

Аблічча палку Каліноўскага. Як кажуць пабрацімы, самы бясстрашны беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне. Камандзір батальёну «Волат».

Родам зь Берасьця. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на спэцыяльнасьці «Інжынэр па тэлекамунікацыях», але кінуў вучобу і зьехаў у Парыж, каб далучыцца да Францускага легіёну. Некалькі гадоў праслужыў там.

Ад 2015 году на вайне ва Ўкраіне. «Больш за ўсё, калі я прыехаў у зону АТА, мяне захапіла і зьдзівіла тое, як людзі гатовыя ахвяраваць сабой, але нічога не патрабуюць узамен, дзеля ўласнай краіны», — казаў Іван за дзень да сьмерці ў інтэрвію Свабодзе.

Іван загінуў 26 чэрвеня пад Лісічанскам, калі група беларусаў сутыкнулася з расейскай арміяй. Групу «Брэста» абстраляў танк. Іван і ягоныя паплечнікі прынялі бой, у выніку чацьвёра загінулі, а яшчэ дваіх узялі ў палон.

Цела Івана, як і астатніх беларусаў, што загінулі ў тым баі, усё яшчэ не аддадзенае ўкраінскаму боку.

Васіль «Сябро» Парфянкоў

38 гадоў

Васіль «Сябро» Парфянкоў зь дзіцем
Васіль «Сябро» Парфянкоў зь дзіцем

Мянчук. Шмат гадоў быў удзельнікам патрыятычных арганізацый — Беларуская партыя Свабоды, сымпатызаваў «Маладому Фронту» і «Гавары праўду». Яшчэ ў 2002 годзе Васіль браў удзел у абароне ўрочышча Курапаты.

Быў на Майдане ў 2004 годзе, дзе ўступіў у шэрагі УНА-УНСО. На пачатку 2011 году Парфянкоў быў затрыманы па крымінальнай справе за ўдзел у Плошчы 19 сьнежня. Васіля асудзілі да 4 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, але на волю ён выйшаў у верасьні таго ж году. Парфянкоў пісаў прашэньне аб памілаваньні, але не называў там сябе палітвязьнем.

Парфянкова таксама судзілі за парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду, адпраўлялі на прымусовае лячэньне ад алькагалізму. Ва ўсіх выпадках праваабаронцы прызнавалі яго палітвязьнем.

У 2015 годзе Васіль зьехаў ва Ўкраіну, дзе далучыўся да батальёну Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Ваяваў у Песках. Меў моцнае раненьне. Васіль ажаніўся ва Ўкраіне, разам з жонкай гадаваў траіх дзяцей. Украінскае грамадзянства Парфянкоў атрымаць не пасьпеў.

Вайну Васіль сустрэў разам з былымі паплечнікамі з батальёну АУН, а потым далучыўся да палку Каліноўскага. У Беларусі затрымлівалі маці і іншых сваякоў Васіля, стрыечны брат нават быў вымушаны зьехаць з краіны празь перасьлед.

Васіль «Атам» Грудовік

30 гадоў

Васіль «Атам» Грудовік
Васіль «Атам» Грудовік

Пінчук. Шмат гадоў займаўся музыкай, граў у розных гуртах у Беларусі і Польшчы, зарабляў часам вулічнай музыкай.

Зь Беларусі зьехаў пасьля пратэсту 2020 году. Сам Васіль удзельнічаў 9 жніўня ў сутычках зь міліцыяй у родным горадзе. На той момант ён працаваў у лягістычнай фірме.

На Васіля завялі крымінальную справу. Спачатку ён зьехаў ва Ўкраіну, а потым у Польшчу. Зарабляў на жыцьцё вырабам сьвечак. Калі пачалася вайна, то адразу далучыўся да беларускага фармаваньня ва Ўкраіне. У палку «Атам» быў у роце цяжкага ўзбраеньня, часта працаваў разам з камандзірам «Брэстам».

Паплечнікі кажуць, Васіль адчуваў, што можа не вярнуцца з апошняга заданьня зь Лісічанску.

Вадзім «Папік» Шатроў

44 гады

Вадзім «Папік» Шатроў
Вадзім «Папік» Шатроў

Шмат гадоў жыў у Днепрапятроўскай вобласьці Ўкраіны. Пабудаваў там дом, меў жонку і трох дзяцей. Родам з Воршы.

Паплечнікі кажуць, што «Папік» вельмі дзівіўся вялізнай колькасьці беларусаў, якія прыехалі на вайну ва Ўкраіну. «Я бараню свой дом, а вы што тут робіце?» — часам жартам, а часам усур’ёз казаў ён сваім сябрам.

Пры гэтым Шатроў ніколі ня ўлазіў ані ў палітычныя пытаньні, ані ўва ўнутраныя праблемы палку — быў засяроджаны выключна на выкананьні баявых задач. Разам з «Брэстам», «Сябро» і «Атамам» загінуў пад Лісічанскам 26 чэрвеня.

Алег «Хмуры» Панамароў

30 гадоў

Алег «Хмуры» Панамароў (на фота другі сьпераду)
Алег «Хмуры» Панамароў (на фота другі сьпераду)

Загінуў 7 ліпеня ля сяла Паўлаўка Данецкай вобласьці, але вядома пра гэта стала толькі нядаўна.

Алег быў родам з Магілёва. На вайну прыехаў яшчэ ў 2014 годзе, служыў у батальёнах «Шахтарск» і «Карпацкая Сеч». Удзельнічаў у баях на шахце «Бутаўка» і ў Песках. Жыў у Краматорску Данецкай вобласьці.

Алег Панамароў служыў намесьнікам камандзіра баявой машыны, наводчыкам-апэратарам штурмавога ўзводу штурмавой роты ў батальёне «Айдар». Загінуў, калі ў ягоны акоп трапіў снарад. Пахавалі «Хмурага» пад бел-чырвона-белым сьцягам у горадзе Ужгарадзе на захадзе Ўкраіны.

Аляксей «Жнец» Вешчавайлаў

31 год

Аляксей «Жнец» Вешчавайлаў
Аляксей «Жнец» Вешчавайлаў

Загінуў 26 верасьня падчас баёў за Бахмут. Быў сярод тых беларусаў, што групуюцца вакол суполкі «Пагоня».

Родам з Гомля. Па паходжаньні Аляксей быў прадстаўніком народу эрзя (субэтнас мардвы. — РС), часам выкарыстоўваў пазыўны на мове свайго народу — «Ледяй». Для яго былі важнымі абедзьве часткі ідэнтычнасьці — і беларуская, і эрзянская. 30 верасьня ён меўся быць у Таліне, дзе праходзіў эрзянскі нацыянальны зьезд.

«Жнец» ваяваў з 2014 году. У 2019-м ён вярнуўся ў Беларусь, ужо на мяжы Аляксея арыштавалі, а пасьля асудзілі на 2,5 года зьняволеньня за «наёмніцтва». Былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма дабіваўся вызваленьня ваяра, але беларускія ўлады толькі перавялі яго з калёніі на «пасяленьне». Вызваліўся ў верасьні 2021 году і зноў далучыўся да тых, хто ваюе за свабоду Ўкраіны.

«Жнец» загінуў ад міны, якая трапіла проста ў акоп. Пахавалі яго ў Чаркаскай вобласьці.

Міхась «Юнгер» Шавельскі

21 год

Міхась «Юнгер» Шавельскі
Міхась «Юнгер» Шавельскі

Загінуў падчас баёў за Херсонскую вобласьць. Міхась быў парамэдыкам, ён поўз дапамагчы параненаму пабраціму, калі аскепак расейскага снарада трапіў хлопцу проста ў шыю.

«Юнгер» узяў пазыўны ў гонар любімага нямецкага пісьменьніка. Хлопец родам з Горадні. Вучыўся ў мясцовым унівэрсытэце на псыхоляга, але быў адлічаны ў выніку пратэстаў 2020 году. Зьехаў у Польшчу, дзе пачаў вучыцца на тэоляга.

Міхась быў лютэранскім вернікам. Паплечнікі кажуць, што заўжды меў пры саюе Біблію. Пахавалі хлопца ў Віньніцы, там жыве нявеста «Юнгера».

Аляксей «Якуб» Аўдзеенка

Аляксей «Якуб» Аўдзеенка
Аляксей «Якуб» Аўдзеенка

Пра «Якуба» вядома мала. Ён ваяваў ва Ўкраіне ад 2015 году. Паводле аднаго з камандзіраў палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука, Аляксей кінуў у Беларусі добрую грашавітую працу.

Аляксей Аўдзеенка меў дзяржаўныя ўзнагароды Ўкраіны. Ваяваў у шэрагах УСУ. Загінуў 4 сьнежня пад Бахмутам.

* * *

Таксама вядома пра сьмерць яшчэ прынамсі чатырох беларускіх добраахвотнікаў, імёны і пазыўныя якіх не называюцца па просьбе сваякоў. Гэта тры байцы батальёну «Волат» (даты сьмерці — 28 ліпеня, 3 кастрычніка і 7 лістапада). А таксама адзін баец батальёну «Тэрор» (загінуў на пачатку верасьня).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG