Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: менчука арыштавалі за «пікетаваньне шапкай з нашыўкай герба Пагоня»

абноўлена

Суд у Менску. Ілюстратыўнае фота
Суд у Менску. Ілюстратыўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

Суд за «пікетаваньне шапкай»

У сярэдзіне сьнежня ў Менску затрымалі мужчыну за «пікетаваньне шапкай з нашыўкай герба Пагоня», паведамляюць праваабаронцы «Вясны». У Ленінскім РУУСе на яго склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.

На судзе ён прызнаў сваю віну. Мянчук пацьвердзіў, што ведаў пра тое, што Пагоня зьяўляецца пратэставай сымболікай, але не выказваў сваіх грамадзка-палітычных інтарэсаў. У выніку судзьдзя Ленінскага раёну Менску Юлія Інчына прызнала яго вінаватым у пікетаваньні і асудзіла на 15 дзён арышту.

Беларуса выдварылі з Расеі, цяпер яго судзяць за абразу сілавіка

У Маскоўскім судзе Берасьця 12 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы Андрэя Пратасевіча паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу. Працэс вядзе судзьдзя Яўген Брэган. Пракурор запрасіў Андрэю тры месяцы арышту.

Андрэю ставяць у віну, што ён пакінуў абразьлівы камэнтар у дачыненьні да камандзіра Берасьцейскага АМАПа Максіма Міховіча.

Андрэй Пратасевіч быў абвешчаны беларускімі ўладамі ў міжнародны вышук, 23 верасьня 2022 года яго затрымалі ў Маскве і зьмясьцілі пад варту. Генпракуратура Расеі адмовіла ў выдачы Пратасевіча праз адсутнасьць у яго дзеяньнях складу злачынства. Але мужчыну ўсё адно выдварылі з Расеі праз «парушэньне міграцыйнага заканадаўства».

Прысуд павінны былі агучыць 13 студзеня. Але пакуль праваабаронцам вынік суду невядомы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG