Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Байдэна дома знайшлі сакрэтныя дакумэнты, якія павінны захоўвацца ў Нацыянальным архіве. Як так сталася


Джо Байдэн у Дэлаверы, 17 сьнежня 2022
Джо Байдэн у Дэлаверы, 17 сьнежня 2022

У асабістым кабінэце Джо Байдэна ў аналітычным Цэнтры дыпляматыі і глябальнага ўзаемадзеяньня Пэн-Байдэн у Вашынгтоне і ў ягоным доме ў горадзе Ўілмінгтан, штат Дэлавэр, выявілі сакрэтныя дакумэнты, якія тычацца пэрыяду, калі Байдэн займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта ў адміністрацыі Барака Абамы (2009-2017). Міністэрства юстыцыі пачало праверку наконт парушэньня закону аб прэзыдэнцкіх архівах: ён загадвае перадаваць усе дакумэнты — і сакрэтныя, і не сакрэтныя — у Нацыянальны архіў пасьля зьмены адміністрацыі ЗША.

Памочнікі Байдэна знайшлі сакрэтныя паперы, калі правяралі дакумэнты перад пераездам цэнтру з аднаго памяшканьня ў іншае. Пасьля гэтага агледзелі і ягоны дом. Сярод дакумэнтаў, у тым ліку, дадзеныя выведкі і матэрыялы брыфінгаў, якія датычацца іншых краін, уключаючы Ўкраіну, Іран і Вялікабрытанію.

Белы дом распаўсюдзіў заяву ад імя дарадцы прэзыдэнта Рычарда Сабера, у якой гаворыцца, што дакумэнты захоўваліся ў каморы ў гаражы дома і ў суседнім зь ім памяшканьні — сярод іншых асабістых і афіцыйных папер. Юрысты прэзыдэнта запэўніваюць, што пра сакрэтныя дакумэнты неадкладна апавясьцілі міністэрства юстыцыі ЗША.

Як паведамляе CNN, на брыфінгу 12 студзеня журналісты спыталіся Байдэна, як ён ставіцца да таго, што сакрэтныя дакумэнты захоўваліся ў гаражы «побач з ягоным „Карвэтам“». Байдэн адказаў: «Мой „Карвэт“ стаіць у замкнёным гаражы, ок? Так што яны не ляжалі проста на вуліцы». Раней Байдэн казаў, што «быў зьдзіўлены», калі даведаўся, што ў яго офісе ў аналітычным цэнтры знайшлі сакрэтныя дакумэнты. Ён адзначаў, што яму невядомы зьмест гэтых папер і што ён вельмі сур’ёзна ставіцца да захоўваньня сакрэтнай інфармацыі.

Генпракурор ЗША прызначыў спэцпракурора для правядзеньня расьсьледаваньня. Раней гэтак адбылося з былым прэзыдэнтам Дональдам Трампам. Пасьля сваёй адстаўкі ў пачатку 2021 году Трамп забраў з сабой вялікую колькасьць дакумэнтаў, адмовіўшыся перадаць іх у Нацыянальны архіў. Мінюст і Нацыянальны архіў 20 месяцаў дамагаліся вяртаньня гэтых папер, пакуль ведамства не атрымала ордэр на ператрус рэзыдэнцыі Трампа ў Флорыдзе. У выніку ператрусу, які адбыўся 8 жніўня, супрацоўнікі ФБР канфіскавалі 11 скрыняў сакрэтных дакумэнтаў. У дачыненьні да Трампа вядзецца расьсьледаваньне, зьвязанае з магчымым парушэньнем закону аб шпіянажы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG