Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзе стэрыльная прастора». Палітоляг пра тое, што стаіць за арыштам Дзьмітрыева, які «ня ў той час пайшоў на выбары»


Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Разам з палітычным аглядальнікам праекту «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім абмяркоўваем арышт былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Дзьмітрыева, аднаго зь лідэраў пазбаўленай рэгістрацыі грамадзкай кампаніі «Гавары праўду».

Глядзіце размову на відэа цалкам


Тут фрагмэнты інтэрвію

«Гэта кракадзіл, які са сваёй пашчы не выпускае»

— На момант, калі запісваецца размова, вядома толькі, што Андрэй Дзьмітрыеў у турме на Акрэсьціна. Часта кажуць, што пытаньне арышту ў Беларусі — гэта пытаньне часу. Чаму гэта адбылося цяпер?

— Можам толькі гадаць, што канкрэтна магло стаць трыгерам для сілавікоў, ці гэта быў загад зьверху ўзяць гэтага чалавека. На жаль, ёсьць асьцярога, што гэта надоўга, што ўлады не абмяжуюцца банальнымі 15 суткамі. Практыка паказвае, што калі гэтая сыстэма захоплівае больш-менш сур’ёзную фігуру, то гэта ўжо надоўга. Гэта кракадзіл, які са сваёй пашчы не выпускае.

Калі гаварыць пра лёгіку сыстэмы, то ідзе татальная зачыстка грамадзка-палітычнага абсягу ў Беларусі. І нават апазыцыйны палітык такога памяркоўнага кшталту, а ў Дзьмітрыева менавіта такая была рэпутацыя, ужо замінае. Ён ужо раздражняе. Таму з гэтага гледзішча, відаць, усё лягічна. Будзе стэрыльная прастора.

«У сёньняшніх умовах шлях, які выбіраў Дзьмітрыеў і ягоныя паплечнікі, не актуальны, мякка кажучы»

— Я крыху дадам кантэксту, каб лепей разумець ролю палітыка Андрэя Дзьмітрыева падчас трох прэзыдэнцкіх кампаній. Андрэй — экс-сустаршыня грамадзкай кампаніі «Гавары праўду», створанай у 2010 годзе. Першым лідэрам «Гавары праўду» стаў паэт Уладзімер Някляеў, кандыдат на прэзыдэнта на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. На наступных прэзыдэнцкіх выбарах «Гавары праўду» стала плятформай для кандыдаткі Тацяны Караткевіч. На выбарах 2020 году кандыдатам у прэзыдэнты стаў сам Андрэй Дзьмітрыеў. Лічбы, якія былі дадзеныя ЦВК на ўсіх трох выбарах, мы сур’ёзна разглядаць ня будзем, а вось ці назвалі б вы Андрэя Дзьмітрыева эфэктыўным палітыкам, які мэтанакіравана працуе на доўгатэрміновую пэрспэктыву?

— У беларускай рэчаіснасьці пра нейкую палітыку можна было і да 2020 году гаварыць зь вельмі вялікай нацяжкай, а цяпер увогуле гаварыць не выпадае. Бо любая не дазволеная ўладамі палітычная актыўнасьць — гэта турма адразу. І людзі баяцца варухнуцца лішні раз. А да 2020 году таксама не было ж сумленных выбараў, фальшаваліся галасы, апазыцыя была загнаная ў маргінальную нішу, таму пра нейкую эфэктыўнасьць, пасьпяховасьць апазыцыйнай палітыкі ўвогуле гаварыць, па вялікім рахунку, не выпадала і тады.

Збольшага апазыцыя варылася ва ўласным соку. Што тычыцца Дзьмітрыева, то ён, як вядома, быў у ня вельмі простых стасунках і з апазыцыйным, назавем яго так, мэйнстрымам. Яго лічылі нейкім «згоднікам», апартуністам і гэтак далей. Хоць лінія, якую вяла кампанія «Гавары праўду», і пазьней, у 2015 годзе, і Караткевіч артыкулявала гэтыя лёзунгі, — гэта ўсё выглядала па-свойму лягічным. Быў нейкі спадзеў на дыялёг з уладай, на тое, што яна здольная эвалюцыянаваць.

І сапраўды, чаму стаў магчымым 2020 год? Таму што было некалькі гадоў адлігі, калі ўлада пачала так званую мяккую беларусізацыю, увогуле трошкі адкруціла гайкі, расьлі грамадзкія ініцыятывы, і ўсё гэта было спажыўнай глебай тых падзей, які разгарнуліся ў 2020 годзе. У сёньняшніх умовах шлях, які выбіраў Дзьмітрыеў са сваімі паплечнікамі, не актуальны, мякка кажучы.

«Проста дайшоў час, дайшлі рукі і да Дзьмітрыева»


— Усе цяперашнія арышты і суды можна разглядаць як помсту ўладаў і ўласна Лукашэнкі за 2020 год, які яго дагэтуль не адпускае. Аляксандар, за што помсьцяць Андрэю Дзьмітрыеву?

— Я сумняваюся, што менавіта на першым пляне матыў помсты. Дзьмітрыеў ня ў той час пайшоў на выбары, таму што іншыя вылучыліся фігуры — Ціханоўскі, Бабарыка, Цапкала, потым жонка Ціханоўскага, калі яго арыштавалі, і тады ўсё на Сьвятлане Ціханоўскай сфакусавалася. Грамадзтва ўскладала менавіта на гэтую нечаканую фігуру спадзеў на нейкія перамены.

Дзьмітрыеву трэба аддаць належнае, бо ён зразумеў каньюнктуру моманту і радыкалізаваў сваю рыторыку, але ўсё роўна ён заставаўся ў цені. Ня думаю, што ў памяці Аляксандра Лукашэнкі застаўся ягоны выступ на рэгістрацыі кандыдатаў, што ён вырашыў помсьціць. Калі б нават так і закранула, то хутчэй бы прыйшлі па Дзьмітрыева. Мне здаецца, тут іншыя прычыны, іншыя матывы, і я ня ўпэўнены, што з самага верху пайшоў нейкі загад ці сыгнал. Ужо працуе лёгіка рэпрэсіўнага апарату, які павінен паказваць, што ён не дарэмна есьць хлеб, што ён раскрывае новыя змовы. Проста дайшоў час, дайшлі рукі і да Дзьмітрыева.

— У Беларусі застаюцца былыя кандыдаты на прэзыдэнта Ганна Канапацкая і Сяргей Чэрачань. Гэта розныя фігуры, якія з рознымі задачамі ішлі на выбары. Як вы мяркуеце, ім варта непакоіцца і рабіць пэўныя захады?

— Вонкава гэта зусім розныя фігуры, але з гледзішча дэмакратычнай супольнасьці, як ім «перамывалі» костачкі ў сацыяльных сетках, яны выглядалі падобнымі фігурамі. Была распаўсюджана сярод апазыцыйнай публікі думка, што гэта такія спарынг-партнэры ўлады. Так ці не, былі нейкія падазрэньні аб супрацы са спэцслужбамі. Натуральна, што я не магу ні пацьвердзіць, ні абвергнуць гэта. А ўвогуле я думаю, што ў Беларусі сёньня ніхто ня можа пачувацца ў бясьпецы.

«Ідзе мэтадычная, пасьлядоўная і татальная зачыстка палітычнай прасторы, і Дзьмітрыеў трапіў пад гэтую касу»


— Андрэй Дзьмітрыеў у публічным палітычным жыцьці з 2010 году, і ягоная рэпутацыя істотна пацярпела пасьля разгрому Плошчы і вымушанага «пакаяннага відэа», якое ён быў вымушаны запісаць пад пагрозамі ня толькі сабе і блізкім. Цяпер грамадзтва збольшага разумее, чаго вартыя відэа, запісаныя ў палоне. Калі цяпер Андрэя змусяць нешта сказаць на відэа, ці будзе ў людзей іншае стаўленьне і разуменьне мэтадаў рэжыму?

— Я адразу разумеў, што стаіць за гэтым відэа. Тады не было такога выразу «пакаяннае відэа», але сапраўды тады для многіх Дзьмітрыеў зь фінгалам пад вокам, калі ён нешта там гаварыў вельмі непераканаўча... Мне было зразумела, што за гэтым стаіць. Я ніколі не падзяляў гэтага маральнага максымалізму з боку тых людзей, якія самі на сваёй скуры такога не зазналі. Той, хто прайшоў праз жорны, уяўляе і стараецца пазьбягаць гэтага максымалізму.

— Арышт Дзьмітрыева — гэта сыгнал каму? Сыгнал да якіх дзеяньняў? Усім зьяжджаць, хто хаця б што рабіў? Ці там ужо не пасылаюць сыгналаў?

— У людзей у пагонах свая лёгіка. Гэта лёгіка зачысткі, яны разумеюць, што гэта генэральная лінія, што гэта ідзе з самага верху. Лукашэнка, як многія аналітыкі падкрэсьліваюць, атрымаў псыхалягічную траўму ў 2020 годзе... Ён скурай разумее, што няма ранейшай электаральнай падтрымкі, таму трэба толькі падтрымліваць градус рэпрэсій і страху, іначай гэтая сыстэма можа хутка пайсьці ўразнос. Ідзе мэтадычная, пасьлядоўная і татальная зачыстка палітычнай прасторы, і Дзьмітрыеў трапіў пад гэтую касу.

  • 11 студзеня стала вядома, што сілавікі затрымалі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева. Пазьней адвакат Дзьмітрыева паведаміў ягоным калегам, што той у турме на Акрэсьціна. Падрабязнасьці затрыманьня пакуль невядомыя.
  • Дзьмітрыеў балятаваўся на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе.
  • У 2021 годзе Вярхоўны суд пазбавіў рэгістрацыі кампанію «Гавары праўду», якая дзейнічала 11 гадоў. Тады Андрэй Дзьмітрыеў, які быў адным з кіраўнікоў «Гавары праўду», паведамляў, што ўдзельнікі кампаніі вырашылі стварыць новую арганізацыю «Робім разам» і спрабавалі зарэгістравацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG