Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Легалізуючы пірацтва, Лукашэнка „страляе па Валожыне“». Тлумачэньне эканаміста Яраслава Раманчука


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Перасьлед ІТ-шнікаў — навошта рэжуць курку, якая нясе залатыя яйкі? Чаму ўлады фактычна скасавалі аўтарскае права для «недружалюбных» краін? Чаму Лукашэнка, нягледзячы на залежнасьць ад Масквы, не аддаў ёй флягманы беларускай індустрыі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Сьцісла

  • Лукашэнку ня трэба прыстойныя ІТ-кампаніі, яму хопіць расейскіх хакераў.
  • Дарадцы Лукашэнкі і ён сам не разумеюць, якія наступствы будзе мець стварэньне на мапе сьвету «чорнай дзіркі», дзе права інтэлектуальнай уласнасьці скасаванае.
  • За легалізацыю пірацтва ў Беларусі ЗША ўвядуць другасныя санкцыі супраць кітайскіх і індыйскіх партнэраў Беларусі.
  • Карл Маркс у трэцім томе «Капіталу» пісаў, што можна зарабляць не на актывах, а на патоках.
  • Расейцам не патрэбныя беларускія вытворчыя актывы, яны цалкам кантралююць патокі рэсурсаў і фінансаў.
  • Закон аб інтэлектуальнай уласнасьці, які Лукашэнка падпісаў, — гэта нашмат больш разбуральны ўдар па беларускай эканоміцы, чым любыя санкцыі.

— У Беларусі пачаўся перасьлед ІТ-шнікаў, якія рабілі ахвяраваньні ў дабрачынныя фонды ByPol і BySol. Чаму гэта адбываецца? І без таго працягваецца велізарны адток зь Беларусі ІТ-спэцыялістаў. Некалькі гадоў таму ўлады гаварылі пра Беларусь як пра ІТ-краіну, ганарыліся разьвіцьцём гэтай галіны — якая і сапраўды рабіла ладны ўнёсак у ВУП краіны.

Чаму ж цяпер улада, фігуральна кажучы, рэжа курку, якая нясе залатыя яйкі?

— ІТ-галіна — гэта адноснае «золата рэжыму». Каб гаварыць пра курку, якая нясе залатыя яйкі, трэба, каб яны падалі ў патрэбныя кошыкі. Лукашэнка апошнія гады фактычна прадае добры падатковы статус, магчымасьць працаваць. І ён кажа: хай сабе ня будзе EPAM i World of Tanks — добра вядомых сьвету кампаній беларускага ІТ-бізнэсу, дык будуць хакеры з ГРУ РФ, якія ўзломваюць і шантажуюць сусьветныя фінансавыя арганізацыі. Прыходзьце да мяне, я зраблю тут такі хакерскі хаб.

Адток ІТ-спэцыялістаў сапраўды ёсьць, але з пункту гледжаньня патоку даходаў, якія прыносіць гэтая эканамічная зона, сытуацыя не такая і кепская.

Лукашэнка ня бачыць у ІТ-галіне лякаматыў разьвіцьця эканомікі. Яго падыход — такі ж, як да кітайскага «Вялікага каменя», да свабодных эканамічных зонаў. Ён робіць у іх свой бізнэс.

А калі нейкія айцішнікі пакаюцца і заплацяць у дзесяціразовым памеры, то змогуць і далей працаваць у Беларусі. Але вока «вялікага брата» будзе пільна сачыць за імі.

Так што гэта не стратэгія, гэта бандыцкае стаўленьне.

— Вы сказалі пра гавань для хакераў. А яны могуць прыносіць даход? Гэта ж ня бізнэс, гэта спэцапэрацыі. Напэўна, Масква гэта аплачвае са свайго бюджэту. Але камэрцыйныя прыбыткі ўтрыманьне ў сябе хакераў хіба дае?

— Адзін з асноўных выклікаў для сусьветнай эканомікі зараз — гэта пагрозы ў кібэрпрасторы. Глябальныя страты ад небясьпек у гэтай сфэры складаюць 4,7 трыльёна даляраў. Кібэрвойскі займаюцца ня толькі дэзынфармацыяй, яны таксама зарабляюць грошы. За кібэрбясьпеку многія гатовыя заплаціць. І хакеры могуць іх шантажаваць альбо прапаноўваюць свае паслугі, каб прадухіліць атакі іншых хакераў. Рынак паслуг у сфэры кібэрбясьпекі ў бліжэйшыя 10 гадоў будзе расьці тэмпам 25% у год.

— 6 студзеня ў Беларусі былі прынятыя законы «Аб абмежаваньні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці» і «Аб канфіскацыі маёмасьці».

Першы закон дазваляе выкарыстоўваць фільмы, музыку, тэле- і радыёперадачы, праграмнае забесьпячэньне зь «недружалюбных» краін бяз згоды праваўладальніка. Другі закон спрашчае працэдуру канфіскацыі маёмасьці замежных кампаній.

Раней улады ставілі на мэце прыцягнуць замежныя інвэстыцыі. Зараз, так здаецца, падобнымі дзеяньнямі робіцца ўсё, каб гэтых інвэстыцый не было. Чаму?

— Лукашэнка пасьлядоўна рэалізуе тое, што ён кажа. Трэба проста яго ўважліва слухаць. У 2020 годзе ён казаў, што трэба браць лепшае з ваеннага камунізму. Ён марыць аб часе, калі былі савецкія парадкі. А пры савецкіх парадках, калі ты «вораг народу», то ў цябе ўсё забіралі. І гэта рэалізуецца ў Беларусі ў 2023 годзе праз гэтыя законы.

Але за тыя невялікія грошы, якія беларускія чыноўнікі заробяць, парушаючы аўтарскія правы «недружалюбных» краін, Беларусь, беларуская эканоміка страцяць значна больш.

У 2022 годзе рынак нематэрыяльных актываў складаў амаль 60 трыльёнаў даляраў. Гэта 60% сусьветнага ВУП.

Нематэрыяльныя актывы складаюць падмурак чацьвёртай прамысловай рэвалюцыі. І калі Лукашэнка сёньня стварыў «чорную дзірку» на мапе сьвету, дзе аўтарскіх правоў няма, можна нарвацца на вельмі рэзкую рэакцыю тых кампаній, тых структур, якія зьяўляюцца ўласьнікамі гэтых нематэрыяльных актываў.

Тыя «лямпасы і фуражкі», якія сёньня даюць парады Лукашэнку, нават не ўсьведамляюць, куды яны свайго шэфа і Беларусь штурхаюць.

Ім могуць выбачыць нейкія схемы продажу нафтапрадуктаў. Але права ўласнасьці сьвет будзе абараняць жорстка.

— А гэтыя палкоўнікі і генэралы (ці сам Лукашэнка) могуць адказаць словамі героя савецкага фільму: «Няма ў вас мэтадаў супраць Косьці Сапрыкіна». А што хто ім зробіць?

Вось увялі супраць іх санкцыі. Ну, зьнізіўся летась ВУП на 4,7%. Дык няшмат. Выстаялі. Хіба не?

— Я казаў, што санкцыі, якія ўводзіліся адносна Беларусі, будуць неэфэктыўнымі. У іх шмат дзірак. Калі санкцыі ўводзяць толькі 20% краінаў сьвету, а астатнія — не, то вынік непазьбежна будзе сьціплы.

Але інтэлектуальная ўласнасьць — гэта іншая матэрыя. Адмова захоўваць права на гэтую ўласнасьць ударыць па стасунках з краінамі з тых 80%, якія не ўвялі санкцыі супраць Беларусі.

За парушэньне гэтага права ЗША ня будуць уводзіць дадатковыя санкцыі адносна беларускіх прадпрыемстваў. Але яны папярэдзяць Індыю і Кітай, што за супрацу зь Беларусьсю, якая легалізавала пірацтва, пакараюць іх.

— Гэта мэханізм другасных санкцый?

— Так, менавіта. Кітай зараз за гэтым сочыць, Індыя і Турэччына сочаць.

— Кітай, наколькі я ведаю, і сам з задавальненьнем парушае правы інтэлектуальнай уласнасьці і практыкуе яе крадзеж.

— Ён на 300–400 мільярдаў даляраў, сапраўды, скраў. Але гэта было ў мінулым. Тады яго ніхто за гэта не пакараў. А сёньня ён паводзіць сябе больш асьцярожна. Ну, і адна справа, калі гэта робіць Кітай, чыя эканоміка — 19 трыльёнаў даляраў, і іншая справа — калі робіць Беларусь, доля якой у сусьветнай эканоміцы — 0,07%.

— Яшчэ адно пытаньне — пра тое, чаго не адбылося. Зараз агульнае месца — што Беларусь амаль пазбаўленая сувэрэнітэту, расейскія войскі ў Беларусі робяць што хочуць. Лукашэнка самастойны ў сваіх рашэньнях ня больш, чым расейскі губэрнатар.

Зь іншага боку, мы памятаем, што ў нулявыя гады расейцы квапіліся на ласыя кавалкі беларускай дзяржаўнай уласнасьці — «Гродна Азот», Наваполацкі і Мазырскі НПЗ, «Беларуськалій», МЗКЦ. «Белтрансгаз» менавіта тады ім і прадалі.

Цяпер нібыта Лукашэнка на каленях, цалкам падпарадкаваны Маскве. Дык чаму расейцы менавіта цяпер не забіраюць усё гэтае «фамільнае срэбра»? Не забралі нічога з гэтага ні ў 2020-м, ні ў 2021-м, ні ў 2022-м. Чаму? Расейцы такія слабыя? Лукашэнка такі змагар?

— Расейцы, як і Лукашэнка, чыталі ня толькі першы, але і трэці том «Капіталу» Маркса. А там Маркс пісаў пра тое, што можна зарабляць ня толькі на актывах, але і на патоках. І тое, што зараз мы назіраем, — гэта ўлада Расеі над Беларусьсю, расейскіх крымінальных груповак, якія кантралююць асноўныя патокі рэсурсаў і фінансаў.

Дык калі гэта ўсё ўжо пад кантролем, дык навошта нешта прыватызаваць у Беларусі, навошта гэты фармальны тытул уласнасьці на актывы? Яны ўжо валодаюць патокамі.

Мы бачылі, як разьбівалі галаву кувалдай аднаму з байцоў Яўгена Прыгожына. У такім сьвеце патрэбы ў фармальным валоданьні актывамі ўжо няма.

Навошта сёньня камусьці купляць «Беларуськалій», калі беларускія ўгнаеньні ідуць на экспарт праз Расею, празь фірмы-«пракладкі»?

Усе разумеюць, што расейская імпэрыя дажывае апошнія гады. Пасьля яе ня будзе. Правапераемніцай яе ня будзе вялікая Расея. І тыя крымінальныя групоўкі, якія зараз кантралююць і Расею, і Беларусь, будуць думаць пра тое, як убудавацца ў новыя палітычныя і геапалітычныя рэаліі.

І яны разумеюць, што яны ў будучыні ня здолеюць захаваць правы ўласнасьці, якія набудуць зараз. Пасьля краху расейскай імпэрыі ніводзін суд — ні расейскі, ні беларускі — не прызнае гэтага іх права.

Таму сёньня трэба зарабляць на патоках, зарабляць гатоўку і хаваць яе. А калі вайна скончыцца, яны з гэтымі грашыма вылезуць на паверхню.

— Расейцы маглі прыдумаць нейкую хітрую схему прыватызацыі патоку рэсурсаў і фінансаў адносна, скажам, Запароскай АЭС. Але яны проста захапілі яе, прысвоілі сабе. Узялі актыў, а не паток. Чаму зь «Беларуськаліем» — ня так, як з Запароскай АЭС?

— Захоп Запароскай АЭС — гэта вынік вайны, вынік захопу тэрыторыі. У Беларусі гэтага пакуль не было. У Беларусь заходзяць расейскія войскі, паўзучая акупацыя адбываецца. Але ад таго, што вакол «Беларуськалію» паставяць тысячу «вагнэраўцаў», прынцыпова нічога ня зьменіцца для тых людзей, якія сёньня зьяўляюцца бэнэфіцыярамі тых схемаў, якія існуюць.

Беларусы думаюць, што яны працуюць на сваю краіну, на свой заробак. У многіх ёсьць адчуваньне, што Беларусь усё яшчэ незалежная краіна.

Гэта такі больш гнуткі падыход.

— Учора Эўразьвяз абвясьціў, што Беларусь трапіць у наступны пакет санкцый за агрэсію супраць Украіны. У яго трапяць таксама Расея і Іран.

Летась ЭЗ 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі, 5 раўндаў гэтага пашырэньня былі за саўдзел у расейскай агрэсіі. Аднак у апошнія пакеты, прынятыя напрыканцы 2022 году, Беларусь не трапляла.

Наступны пакет санкцый, пад якія Беларусь трапіць — чаго ён можа тычыцца?

— Я думаю, што гэта хутчэй пагроза, чым ужо вызначаны намер. Гэта папярэджаньне — калі Лукашэнка яшчэ глыбей уцягнецца ў вайну, тады будуць новыя санкцыі.

Закон аб інтэлектуальнай уласнасьці (дакладней, аб яе скасаваньні), які Лукашэнка падпісаў, — гэта нашмат больш разбуральны ўдар па беларускай эканоміцы, чым любыя санкцыі. Гэта стрэл па Бабруйску, па Валожыне, па ўсіх вёсках і гарадах Беларусі — малых і вялікіх.

У арсэнале ЭЗ няма ніякай санкцыі, якая нават блізка падыходзіла б да гэтай меры паводле яе разбуральнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG