Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Узялі за допіс у Instagam». Падрабязнасьці затрыманьня топ-мэнэджара «Беларуснафты»


Запраўка кампаніі «Беларуснафта»
Запраўка кампаніі «Беларуснафта»

Сяргея Патупчыка затрымалі перад навагоднім карпаратывам кампаніі.

«Наша Ніва» паведаміла, што затрымалі намесьніка генэральнага дырэктара ў эканоміцы «Беларуснафты» Сяргея Патупчыка, сына былога міністра энэргетыкі Ўладзімера Патупчыка.

Свабода даведалася некаторыя падрабязнасьці затрыманьня Патупчыка-малодшага.

«На „Беларуснафце“ усе былі проста ў шокавым стане ад затрыманьня Сяргея Патупчыка. Гэта здарылася перад навагоднім карпаратывам кампаніі. Яшчэ большы шок быў ад прычыны затрыманьня — допісу ў Instagram, зробленым у лютым 2022 году. Сяргей проста напісаў тады на ангельскай мове „f...ck war, Kiev is in my heart“. І больш нічога», — паведаміла крыніца.

Цяпер акаўнт Сяргея Патупчыка ў Instagram закрыты. Паводле суразмоўцы, затрымалі і іншых супрацоўнікаў «Беларуснафты» з Гомля і Рэчыцы. Але ў іх выпадку «абышлося» суткамі і звальненьнем.

«Патупчыку першапачаткова далі 15 сутак. Усе маўчалі, бо думалі, што яго адпусьцяць пасьля сутак. Але завялі крымінальную справу. Паводле якога артыкула, пакуль невядома», — дадала крыніца.

Іншы суразмоўца, былы супрацоўнік «Беларуснафты», паведамляе, што Сяргея Патупчыка цанілі і паважалі на працы, бо ён быў прафэсіяналам і кампэтэнтным спэцыялістам. У ягоным профілі ў LinkedIn напісана, што топ-мэнэджар скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя П.Сухога і атрымаў ступень MBA (Master of Business Administration) у Акадэміі Леана Казьмінскага ў Варшаве.

Імя Сяргея Патупчыка ўжо прыбралі з сайта «Беларуснафты».

Сяргей Патупчык займаецца трыятлёнам, у ягоных сацыяльных сетках шмат здымкаў з розных спаборніцтваў. У 2021 годзе ён атрымаў званьне «жалезнага чалавека» — удзельнічаў у спаборніцтвах «IRONSTAR SOCHI 2021». Гэта дыстанцыя 226 кілямэтраў (плаваньне 3,86 км, роварная гонка 180 км, бег 42,195 км).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG