Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Важна данесьці палякам, што беларусы не „саветы“, а сучасны народ». Зьявілася адукацыйная онлайн-гульня пра беларускія пратэсты


Павал Станкевіч
Павал Станкевіч

Пагутарылі з адным зь яе стваральнікаў, кіраўніком фонду Tutaka Паўлам Станкевічам, пра тое, як прыйшла ідэя праекту, як рэагуюць на гульню палякі і чаму яна цяпер важная.

«Трапляе беларускае дзіця ў польскую школу, а там ніхто не разумее ягонай сытуацыі»

Праект «Гадзіна адсюль на ўсход» — гэта інтэрактыўная гульня-лекцыя ў абарону грамадзянскіх правоў, арыентаваная на моладзь. Ён фінансуецца са сродкаў Эўрапейскай гаспадарчай прасторы ў рамках праграмы «Актыўныя грамадзяне» — «Рэгіянальны Фонд» і рэалізуецца фондам Sustainable Strategies Network сумесна з партнэрамі — фондам Tutakа і Цэнтрам разьвіцьця і навакольнага асяродзьдзя (SUM) пры Ўнівэрсытэце Осла.

Заснавальніца і рэжысэрка праекту — Марыя Чыквін. Сцэнар гульні-лекцыі распрацавалі журналіст Алесь Залеўскі, акторка Крысьціна Дробыш і кіраўнік фонду Tutaka Павал Станкевіч.

«У гэтай гульні-лекцыі мы запрашаем пражыць шлях двух герояў — 20-гадовых маладых людзей зь Менску, студэнтаў. У іх гадавіна стасункаў, але таксама прэзыдэнцкія выбары. І тут першае пытаньне: ці ісьці ўвогуле на выбары? Ці зьменіць гэта штосьці? Потым пачынаецца ўсё, што адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе, мы гэта ўсё паказваем у дакумэнтальных роліках, куды ўкладзеныя часткі лёсаў нашых герояў. Мы ствараем магчымасьць школьнікам выбіраць, што павінны рабіць героі ў той ці іншай сытуацыі. І, адпаведна іхнаму выбару, лёс герояў мяняецца», — тлумачыць Павал Станкевіч.

Алесь Залеўскі, адзін з тых, хто працаваў над праграмай
Алесь Залеўскі, адзін з тых, хто працаваў над праграмай

Дзякуючы гульні, якая праводзіцца онлайн, вучні даведваюцца, што было раней у Беларусі, што здарылася ў жніўні 2020-га і што адбываецца сёньня. Гэты ўрок-гульня інфармуе дзяцей і дарослых пра парушэньні правоў чалавека, перакананы Павал.

«Такая цудоўная нагода, каб, з аднаго боку, данесьці гэтыя ўсе веды, якія, на жаль, польскім вучням зусім не вядомыя. А з другога, каб данесьці думку пра лёс беларусаў, да якіх дадаўся ціск праз вайну ва Ўкраіне. Мы гаворым пра велізарную хвалю хэйту, якая прайшла праз розныя краіны. І ў такой сытуацыі сапраўды знаходзіцца мігрант зь Беларусі, які трапіў сюды з палітычных прычынаў, у Польшчу ці Ўкраіну. Трапляе такое дзіця ў польскую школу — і ніхто не разумее ягонай сытуацыі», — кажа Павал.

Сілавік Цімур Грышко, фотаздымак зь якім стаў адным з самых папулярных на беларускіх пратэстах
Сілавік Цімур Грышко, фотаздымак зь якім стаў адным з самых папулярных на беларускіх пратэстах

«Мы даносім, што права на пратэст павінен мець любы грамадзянін любой краіны»

Праз такі ўрок-гульню ёсьць магчымасьць уплываць і на бацькоў, перакананыя яе стваральнікі.

«Мы заўжды маем такі водгук у канцы гульні-лекцыі: «О, добра, што я даведаўся, бо я пра гэта ўвогуле нічога ня чуў». Удзельнікі гавораць вельмі кранальныя словы, што гэтыя веды вельмі важныя для іх, для іхнага бачаньня, што адбываецца. Але гэта лекцыя не толькі пра Беларусь, а яшчэ каб паразмаўляць, што дэмакратыя — гэта ня тое, чаго проста раз дасягнуў і ніхто ня можа гэтага адабраць. На жаль, Беларусь ёсьць вельмі добрым прыкладам, як можна хутка сапсаваць дэмакратыю. І мы гаворым, што і ў Польшчы гэта магчыма: «Толькі калі вы будзеце адказнымі грамадзянамі гэтай краіны, вы зможаце ўплываць на лёс, таму што лёс вашай краіны ў вашых руках».

На гэты момант ініцыятары праекту правялі больш за паўсотню сустрэч з моладзьдзю школ Падляшша і Мазовіі. У гульнях паўдзельнічалі каля 1000 вучняў. Здараецца і адмоўная рэакцыя ў польскіх школах на прапанову правесьці такі ўрок, прызнаецца Станкевіч.

«Часам дырэкцыя ці настаўнікі, зь якімі ідзе размова пра правядзеньне лекцый, ня хочуць закранаць тэму палітыкі. Настаўнік можа хвалявацца, крыху баяцца, — расказвае Павал. — Лекцыя адбываецца онлайн, і відаць па актыўнасьці вучняў, які ў іх настаўнік. Бывае, што зусім няма ніякага водгуку, а часам вельмі актыўны водгук. Гэта паказвае, як настаўнік увогуле працуе зь дзецьмі».

Акторка Крысьціна Дробыш распрацоўвала сцэнар гульні-лекцыі
Акторка Крысьціна Дробыш распрацоўвала сцэнар гульні-лекцыі

«Было б супэр, каб дзеці і дарослыя ў Польшчы разумелі, які велізарны высілак зрабіла беларускае грамадзтва»

Цяпер ёсьць велізарная дапамога беларусам з боку польскай дзяржавы і грамадзян, але ўсё адно ведаў пра Беларусь у іх недастаткова, мяркуе Павал.

«Ёсьць пакаленьні, якія памятаюць савецкія часы ў Польшчы. Памятаюць, што адбылося з „Салідарнасьцю“, круглы стол, пратэсты, забастоўкі, яны збольшага разумеюць, наколькі важная барацьба за свабоду. Але вучні ня памятаюць гэтых часоў і лёгка страціць кантроль над думкамі, што дэмакратыя — гэта ня тое, што ёсьць заўсёды. Яны нічога ня ведаюць і пра сучасную сытуацыю, знаходзяцца ў сваёй інфармацыйнай бурбалцы, і там тэма Беларусі не перабіваецца. Шмат дарослых разумеюць, што былі беларускія пратэсты, бо пра іх пісалі польскія СМІ, але яны гэта ўспрымалі, мне здаецца, як „ну так, штосьці ў суседняй краіне адбываецца“».

Наступствы гвалту сілавікоў у жніўні 2020 году ў Беларусі
Наступствы гвалту сілавікоў у жніўні 2020 году ў Беларусі

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, палякі сталі больш разумець, што адбываецца, бо адчулі рэальную пагрозу, лічыць Павал.

«Мы хочам данесьці, што гэта (беларусы. — РС) сучаснае грамадзтва і людзі, якія маюць супольную з Польшчай культуру — вельмі шмат супольнага, і варта проста пацікавіцца. Я цяпер разумею празь лекцыю, што ні палякі, ні беларусы ня ведаюць адно пра аднаго, па шчырасьці. Савецкі мур, які пабудавалі паміж дзяржавамі, велізарны. На жаль, шмат гадоў нам прыйдзецца чакаць, каб адно аднаго сур’ёзна пачуць, зразумець і ацаніць», — мяркуе Павал Станкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG