Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: анархіста Раманава зьмясьцілі ў ПКТ на 4 месяцы, журналіст Меркіс правёў 4 сутак у карцары


Сяргей Раманаў
Сяргей Раманаў

На 26 сьнежня ў Беларусі 1442 чалавекі знаходзяцца за кратамі праз палітычныя абвінавачаньні, паведамляе «Вясна». Іх колькасьць пастаянна расьце. Іншыя праваабарончыя ініцыятывы даюць большую лічбу палітзьняволеных.

Актывіста анархісцкага руху Сяргея Раманава, асуджанага на 20 гадоў зьняволеньня, на 4 месяцы зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).

Увесь час адміністрацыя ваўкавыскай калёніі цісьне на палітвязьня: раней яго некалькі разоў зьмяшчалі ў штрафны ізалятар, на месяц адпраўлялі ў ПКТ, а таксама пазбавілі рэжымнай перадачы і званкоў.

На мінулым тыдні праваабарончая ініцыятыва Dissident.by паведаміла, што ў дачыненьні да палітзьняволеных Сяргея Раманава і Мікіты Емяльянава з дазволу адміністрацыі адбываюцца правакацыі, якія пагражаюць іх жыцьцю і здароўю. У сувязі з гэтым Dissident.by падрыхтавала пэтыцыю, каб прыцягнуць увагу да сытуацыі, у якой знаходзяцца палітзняволеныя анархісты.

Юрыя Касьцюка перавялі ў берасьцейскае СІЗА

Касьцюка абвінавачваюць паводле арт. 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Падставай пракуратура назвала тое, што Юры дапамагаў іншым палітвязьням: папрасіў знаёмых адкрыць польскую банкаўскую картку, куды атрымліваў грошы, якія пасьля накіроўваў сваякам палітвязьняў. Грошы на дапамогу атрымліваў ад «арганізацый, якія пазыцыянавалі сабе як праваабарончыя».

Касьцюк адбыў тэрмін за «зьнявагу дзяржаўных сымбаляў» і 6 студзеня выйшаў на волю. 15 лютага яго затрымалі супрацоўнікі КДБ з прычыны ўдзелу ў тэлеграм-чаце «Волейбол по выходным». Касьцюк зьехаў у Расею, аднак яго затрымалі ў Сочы. Пазьней яго таемна вывезьлі ў Беларусь.

Як стала вядома «Вясьне», Касьцюка ў сярэдзіне сьнежня перавялі ў СІЗА-7, у наступным месяцы над ім можа адбыцца суд.

Журналіста Яўгена Меркіса зьмяшчалі ў карцар

Гомельскі краязнаўца і журналіст Яўген Меркіс правёў 4 сутак у карцары СІЗА-3. Палітвязьня пакаралі жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня за тое, што «не пагаліўся», паведамляе «Штодзень Гомель».

Паводле зьвестак выданьня, зараз Меркіс знаходзіцца ў звычайнай камэры, адчувае сябе нармальна.

Меркіса абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4), яму пагражае ад 2 да 6 год зьняволеньня. 13 верасьня ў журналіста прайшоў вобшук, у яго канфіскавалі носьбіты інфармацыі, а самога журналіста затрымалі. Таксама вобшукі прайшлі ў бацькі Яўгена і ў ягонай знаёмай. Праваабаронцы прызналі Яўгена палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG