Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці захаваюць уладу Лукашэнка і Пуцін: прагнозы беларускіх экспэртаў на 2023 год


Свабода, як і ў папярэднія гады, зьвярнулася да шэрагу экспэртаў з прапановай спрагназаваць, чаго чакаць беларусам у годзе, які толькі пачаўся.

У канцы году мы вернемся да гэтай анкеты і паглядзім, чые прагнозы аказаліся найбольш трапнымі.

Сёньня публікуем другую частку экспэртных прагнозаў на 2023 год.

Зьміцер Лукашук, рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі»

Зьміцер Лукашук
Зьміцер Лукашук

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

Каля 3 рублёў за даляр. Калі Беларусь ня скоціцца ў вайну.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

430–450.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Вось абсалютна ня мае ніякага значэньня прозьвішча.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Ізноў жа, будзе залежаць ад уцягваньня Беларусі ў вайну. Але і ў такім выпадку ня выключана, што з пачаткам актыўнага ўдзелу ў вайне рэпрэсіі ўзмоцняцца да такой ступені, што пратэсты ня будуць магчымыя. Зьяўленьне ж партызанскага руху дапускаю толькі з пачаткам ваенных дзеяньняў на тэрыторыі Беларусі.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Найхутчэй, колькасьць афіцыйна прызнаных праваабаронцамі палітвязьняў будзе на сёньняшнім узроўні. З улікам таго, што пэўная колькасьць будзе выходзіць на свабоду па адбыцьці тэрміну зьняволеньня.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Выглядае, што, на жаль, уступіць.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Так.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Не. Пакуль ня будзе зруйнаваны існуючы рэжым, а Расея ў сёньняшнім выглядзе не перастане існаваць. Толькі падзел будзе гарантыяй вынішчэньня імпэрскіх амбіцый. Без чаго нават выхад украінскіх войскаў на межы 2014 году не гарантуе канчатковага спыненьня вайны, а стане толькі замарозкай канфлікту.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Так. З улікам сёньняшняй васальнай залежнасьці яго ад Крамля.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Так.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

8.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Не бяруся прагназаваць.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Ня будзе прызнаньня на афіцыйным узроўні.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Будзе залежаць ад фармату ўдзелу ў вайне.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Не.

Вадзім Мажэйка, доктар культуралёгіі, палітычны аналітык і кансультант, каардынатар экспэртнай сеткі «Наше мнение»

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

За 2022 год беларускі рубель увогуле ўмацаваўся да даляра, але спажывецкія магчымасьці беларусаў ад гэтага лепшымі ня сталі. Так што час ужо перастаць арыентавацца толькі на курс даляра.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Лукашэнкаўская эканоміка топчацца вакол «папіцот», і лепшага я б ад яе не чакаў.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Як і год таму — чалавек, які ў пункце біфуркацыі не адважыцца ні на што большае, чым адзіны здымак у інстаграме жонкі, і той потым выдаліць.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Так, калі беларускае войска возьме ўдзел у вайне ва Ўкраіне, альбо ўлады яшчэ нейкім чынам змогуць пераступіць цераз нават цяперашнія жорсткія стандарты прымальнага. Або наадварот — калі беларусы адчуюць, што празь зьбег абставін пратэст стане адносна бясьпечны (прынамсі як у сьнежні 2019 году).

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Каля 1000 пры адносна пазытыўным сцэнары (старыя пакрысе адбываюць тэрміны і выходзяць, новых масава не набіраюць), і каля 2000 — пры нэгатыўным (працяг масавых пасадак як за новыя праявы грамадзка-палітычнай актыўнасьці, гэтак і за падзеі 2020 году).

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Усе вельмі хацелі б, каб не — і беларускае грамадзтва, і беларускае войска, і ўкраінцы, і Захад, і Лукашэнка, і я. Аргумэнтаў супраць шмат, яны неаднаразова прыводзіліся. Але рызыка ўсё роўна застаецца вялікая: люты 2022 году яскрава прадэманстраваў, што старыя аўтарытарныя лідэры далёка не заўсёды кіруюцца рацыянальнасьцю нават у пытаньнях вайны.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Залежыць выключна ад таго, ці будзе ў іх такая вайсковая патрэба. Пярэчаньняў з боку Лукашэнкі я б не чакаў, як і адносна любога выкарыстаньня беларускай тэрыторыі расейскімі вайскоўцамі.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Не, хоць Украіна і будзе мець ваенныя посьпехі.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Ягоны кантроль будзе працягваць скарачацца, і выключны кантроль беларускага войска над беларускай тэрыторыяй ён ня верне.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Хутчэй так.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Іх сустрэчы апошнія гады падобныя не да сустрэч двух прынамсі фармальна роўных прэзыдэнтаў, а да працоўных плянёрак боса і падначаленага. Пасьля плянёрак і прэсавыя канфэрэнцыі ня ладзяць, і колькасьць іх ня мае такога сымбалічнага значэньня.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так, у нас насамрэч рэдка зьнікаюць палітычныя структуры. Што Каардынацыйная рада, што партыя КХП-БНФ. Але ад здольнасьці чальцоў Кабінэта сфакусавацца на працы, якая ім па сілах, і знайсьці адпаведныя рэсурсы залежыць, наколькі Кабінэт будзе жывой і ўплывовай структурай.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Хіба калі беларускае войска ўступіць у вайну, Ціханоўская асудзіць гэта і абвесьціць сябе прэзыдэнткай у выгнаньні, а Абʼяднаны пераходны кабінэт — урадам у выгнаньні, і Ўкраіна прызнае іх легітымнымі ўладамі Беларусі. Але тут усё пад пытаньнем, і гэтая сустрэча наўрад ці некага суцешыць пры такіх вялікіх выдатках.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Таксама хіба калі беларускае войска ўступіць у вайну, а Ціханоўская абвесьціць сябе прэзыдэнткай у выгнаньні. Тады патэнцыйна магчымае прызнаньне некалькімі дзясяткамі краін. А пры захаваньні цяперашняй сытуацыі гэта мае не да канца зразумелы сэнс і наўрад ці адбудзецца.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Гэта хіба можа ісьці ў камплекце з прызнаньнем Ціханоўскай прэзыдэнткай у выгнаньні пасьля ўступленьня беларускага войска ў вайну. Ну, а цяпер факт акупацыі Беларусі выглядае сумнеўна зь міжнародна-прававога пункту гледжаньня.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Меней, чым адносна Расеі.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Так, у чаканьні рэгіянальнага абвастрэньня макронаўшчына знойдзе сваіх аматараў.

Павал Мацукевіч, старшы аналітык Цэнтру новых ідэй (Польшча), былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарыі

Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

4 рублі.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Сярэдні налічаны заробак будзе менш за 600 даляраў.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Раман Галоўчанка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

З удзелам ад 10 тысяч і больш — не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Менш, чым напрыканцы 2022 году.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Не, але цалкам магчыма.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Так.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Цалкам магчымае нейкае замірэньне, калі кожны з бакоў будзе лічыць, што перамог.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Так.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Так, калі раптоўна не памрэ.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

6 разоў.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Афіцыйная двухбаковая сустрэча — не.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Афіцыйна амаль ніхто.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Недзе столькі ж, колькі прызнаюць Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

0, але ў выпадку ўдзелу ў вайне беларускага войска — 1–2.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Так.

Марына Рахлей, паліталягіня, экспэртка Нямецкага фонду Маршала ЗША, Бэрлін

Марына Рахлей
Марына Рахлей

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

3–3,3.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Будзе зьніжацца надалей, складзе ня болей за 400 даляраў.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Раман Галоўчанка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Пакуль складана казаць, што для іх будуць умовы.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Значна менш, чым зараз.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Калі Пуцін запатрабуе гэтага ад Лукашэнкі, то ўступіць.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Не.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Выглядае, што так — ваеннай паразай Крамля.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Калі Пуцін застанецца ва ўладзе, то і Лукашэнка застанецца.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Выглядае на тое, што так.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

3.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Не.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Калі і будзе такая сустрэча, то, напэўна, у кулюарах буйной міжнароднай канфэрэнцыі.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

4.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

0.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

0–1.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Хутчэй за ўсё, што не.

Леся Руднік, паліталягіня, дасьледчыца Цэнтру новых ідэй (Польшча), дактарантка паліталёгіі ва Ўнівэрсытэце Карлстаду (Швэцыя)

Леся Руднік
Леся Руднік

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

3,0–3,2 рубля за даляр.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

600 даляраў, улічваючы падзеньне курсу.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Галоўчанка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Імаверна, што не. Рызыкі ўдзелу ў пратэстах занадта высокія, а грамадзтва яшчэ траўмаванае рэакцыяй уладаў на пратэсты 2020 году. Нават калі ўявіць сытуацыю, у якой Беларусь робіцца больш інтэграванай у вайну, чым сёньня, замест пратэстаў нас хутчэй чакае новая хваля эміграцыі і вонкавай дэпалітызацыі. У выпадку сканчэньня вайны мы можам уявіць сабе малаверагодныя сцэнары сілавога характару, але нават яны хутчэй стануць не пратэстам, а скаардынаваным і кропкавым дзеяньнем, стратэгіяй, якая прадугледжвае мінімальную ступень стыхійнасьці.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Думаю, каля 2000, улічваючы колькасьць тых, хто адседзіць свае тэрміны.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Мы шмат памыляліся з прагнозамі наконт вайны, таму, я лічу, ня варта адмаўляць горшы сцэнар разьвіцьця падзей. Пры гэтым, гледзячы на рост прыхільнасьці расейцаў (згодна з праўладнымі апытаньнямі) да перамоваў і згортваньня вайны, ёсьць імавернасьць, што Лукашэнка будзе імкнуцца пазьбягаць увядзеньня беларускіх войскаў, чакаючы дээскаляцыі па сыгнале расейскага боку.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Прадастаўленьне тэрыторыі Беларусі для атак на Ўкраіну, а таксама лягістычная падтрымка расейскай арміі — ужо апрабаваная стратэгія, якая не прывяла да катастрафічных для рэжыму Лукашэнкі наступстваў. Пакуль удзел у агрэсіі ў такім фармаце прыносіць эканамічную стабільнасьць і не наносіць вырашальнага ўдару па рэжыме, ня бачу прычын, чаму Лукашэнка павінен адмаўляцца ад дазволу выкарыстоўваць тэрыторыю для ўчыненьня нападу з боку Беларусі войскамі Расеі.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Я думаю, што ў 2023 годзе вайна дасягне стадыі замарожанага канфлікту. Гэта значыць, што пагроза новай атакі на Кіеў, хутчэй за ўсё, будзе нізкая, пры гэтым Расея будзе працягваць кантраляваць уразьлівыя рэгіёны на ўсходзе Ўкраіны. У 2023 годзе мы не пабачым татальнай паразы Расеі, вяртаньня Крыму, «ДНР» і «ЛНР», прызнаньня віны і пачатку выплаты рэпарацый. Хочацца, аднак, памыляцца і пабачыць перамогу УСУ на ўсіх франтах.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Застанецца асобай, якая ўзурпуе ўладу і кантралюе рэпрэсіўны апарат.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Думаю, нават пры адводзе войскаў з Украіны Пуціну ўдасца ўтрымацца ва ўладзе. Расейскае грамадзтва паказвае высокую ляяльнасьць да рашэньняў Пуціна і эліты. Таму я думаю, што расейскім уладам удасца пераканаць насельніцтва ў тым, што сканчэньне вайны — неабходная мера. Тым больш Пуцін застанецца, калі вайна будзе працягвацца. Яго рэйтынгі высокія, узровень рэпрэсій высокі. Ні для ўнутранага перавароту, ні для пратэстаў на дадзены момант падставаў няма, бо стрэс-тэст на ляяльнасьць сыстэма ўжо прайшла на пачатку вайны.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Можа, 5–8, залежыць ад разьвіцьця ваенных падзей і патрэбаў у перамовах з абодвух бакоў.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Фармальна будзе. Устойлівасьць кабінэта як эфэктыўнай палітычнай структуры — гэта ўжо іншае пытаньне. У выпадку нястачы рэсурсаў кабінэт можа перайсьці ў іншы фармат працы, аднак як структура ён існаваць будзе.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не. Сустрэча Зяленскага зь Ціханоўскай адбудзецца толькі ў выпадку доступу Ціханоўскай да ўлады ў Беларусі. Беларускія дэмакратычныя сілы не зьяўляюцца прыярытэтам для офіса Зяленскага, пакуль яны ня могуць вырашаць стратэгічных пытаньняў, зьвязаных з дээскаляцыяй канфлікту і пабудовай міждзяржаўных адносін. Гэта стане магчымым у выпадку зьмены ўлады ў Беларусі на больш дэмакратычную, што нават пасьля перамогі Ўкраіны не адбудзецца аўтаматычна.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Літва, Польшча — максымум. Гэтае прызнаньне магло б адбыцца з боку шматлікіх краін, калі б такое пазыцыянаваньне з боку Ціханоўскай адбылося ў 2020-м — на пачатку 2021 году. Сёньня момант шырокамаштабнага прызнаньня менавіта з такім статусам страчаны. Аднак варта зазначыць, што ў ЭЗ і ЗША Каардынацыйная рада, створаная з ініцыятывы Ціханоўскай, мае задакумэнтаваную легітымнасьць. І яе варта выкарыстоўваць на міжнароднай арэне.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Фармальна — наўрад ці хтосьці прызнае. Хаця залежыць ад разьвіцьця падзей. Калі пагроза незалежнасьці Беларусі і прыкметы акупацыі згодна з дэфініцыяй акупацыі ў міжнародным праве будуць больш яскравыя — гэта імаверна. У такім выпадку рашэньне, хутчэй за ўсё, будзе ўніфікаванае як мінімум для ўсіх краін ЭЗ.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Думаю, да трох новых пры захаваньні сёньняшняй ролі Беларусі ў вайне, больш — у выпадку эскаляцыі.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Вельмі малаімаверна. Нават да эскаляцыі ваенных дзеяньняў у лютым кантакты з Лукашэнкам былі мінімізаваныя. Уявіць сабе, што, нягледзячы на наданьне пэўнай мэдыйнай суб’ектнасьці Лукашэнку, яго будуць запрашаць да размовы заходнія палітыкі, цяжка. Пры патрэбе Захад будзе камунікаваць з Лукашэнкам праз санкцыі, Пуціна альбо непублічныя перамовы больш нізкага ўзроўню.

Павал Сьлюнькін, экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносін, былы супрацоўнік упраўленьня Эўропы ў МЗС Беларусі

Павал Сьлюнькін
Павал Сьлюнькін

1.Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

2,82.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Па афіцыйных дадзеных уладаў паводле афіцыйнага курсу — 620–670 даляраў.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Галоўчанка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Масавых пратэстаў (больш за 5–7 тысяч чалавек у адной лякацыі) ня будзе. Спарадычныя ўспышкі незадаволенасьці магчымыя (па аналёгіі з пратэстамі работнікаў малаказаводаў на прахадных прадпрыемстваў у 2022 годзе, пратэсты некалькіх сотняў ці тысяч чалавек у выпадку, калі беларускае войска будзе накіраванае ва Ўкраіну, і г.д.).

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

1500–1700 чалавек.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Калі гаварыць пра накіраваньне вялікіх вайсковых кантынгентаў і ўсеагульную мабілізацыю, то хутчэй не, чым так. Пры гэтым цалкам магчымая адпраўка ва Ўкраіну спэцпадразьдзяленьняў кшталту сілаў спэцыяльных апэрацый для выкананьня баявых або небаявых (напрыклад, ахова абʼектаў на акупаваных тэрыторыях) задач. Магчымыя варыянты, пры якіх беларускія вайскоўцы будуць залічвацца ў расейскія падразьдзяленьні ці добраахвотна-прымусова рэкрутавацца ў прыватныя вайсковыя кампаніі РФ.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Так.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Не. Вайна ня скончыцца, будуць спробы заключыць перамірʼе.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Так.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Так.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

5–7 разоў — рабочыя двухбаковыя сустрэчы, яшчэ некалькі разоў у шматбаковым фармаце.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Фармальна будзе.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не. Але працоўныя сустрэчы на высокім узроўні з рознымі прадстаўнікамі беларускіх дэмсілаў стануць больш частымі.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Калі гаворка аб юрыдычным прызнаньні яе законным прэзыдэнтам, то ніводнай. Калі гаворка пра заявы палітыкаў, якія публічна назавуць яе прэзыдэнтам-электам безь юрыдычных і пратакольных наступстваў, то такіх можа быць шмат.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Калі Беларусь будзе акупаваная, то такое рашэньне можа быць прынятае на ўзроўні ўсяго ЭЗ ці асобных краін — Польшчай, краінамі Балтыі, Украінай, ЗША і г.д.

Калі Беларусь ня будзе акупаваная (як гэта мае месца цяпер), то такое сымбалічнае рашэньне можа быць прынятае хіба Ўкраінай.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

2–3.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Так.

Ігар Тышкевіч, палітоляг, экспэрт Украінскага інстытуту будучыні

Ігар Тышкевіч
Ігар Тышкевіч

1. Якім будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

Залежыць ад таго, ці скончыцца вайна ва Ўкраіне (і як скончыцца). У выпадку працягу вайны ў цяперашнім стане ці выхадзе на паўзамарожаны варыянт дыяпазон 2,9-3,2 рублі за даляр. У выпадку заканчэньня вайны з пройгрышам РФ (унутрыпалітычны крызіс ў Расеі) 3,1-3,5 У выпадку міру на ўмовах «ні тым ні тым» ад 2,7 да 3.

2. Якім напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

640 +\- 5%.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Пры ўмове працягу вайны й адсутнасьці кардынальных зьменаў на зьнешнім полі — Галоўчанка. У выпадку паражэньня РФ верагодная зьмена. Хто будзе — ня так важна. Важны працэс зрухаў у атачэньні Лукашэнкі ды неабходнасьці скінуць нэгатыў на «старыя кадры».

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

У выпадку зацягваньня Беларусі ва ўдзел у вайне ўзброенымі сіламі (супольная з РФ агрэсія) — сабатаж і лякальныя акцыі пратэсту. У іншых варыянтах малаімаверна.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Не меней за 800 пры ўмове захаваньня сытуацыі, блізкай да цяперашняй. Меней за 200 у варыянце, калі РФ замыкаецца на ўласных праблемах (параза ў вайне).

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Імавернасьць пакуль малая. Крытычны час — пачатак вясны і лета 2023 году.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Цалкам імаверна, але не раней за люты.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Імавернасьць ёсьць. Найбольш імаверны сцэнар: «недаведзеная» перамога Ўкраіны. Аднаўленьне кантролю над большасьцю ці ўсімі захопленымі РФ у 2023 тэрыторыямі + частка Данбасу і, магчыма, частка Крыму. Зь іншага боку, ня меней за 35-40% імавернасьці таго, што вайна можа зацягнуцца.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Так. У выпадку паразы ў вайне ён можа зьляцець, але ўжо ў 2024-м.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Напрыканцы 2023 году — так. Далей — залежыць ад вынікаў вайны.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Інтэнсіўнасьць ня меней 4-5 разоў на квартал.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Аб’яднаны Пераходны Кабінэт?

Існаваць будзе : канец бюджэтнага году ў ЗША — верасень, у частцы эўрапейскіх краінаў — канец восені. Адпаведна, да канца бюджэтнага году пакуль ідуць грантавыя праграмы, няхай на паперы, але існаваць будзе.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Малаімаверна. Атачэньне Ціханоўскай сваімі паводзінамі робіць усё магчымае, каб такой сустрэчы не было. Выключэньне — уступленьне Беларусі ў вайну. Сустрэча «на палях» міжнароднай пляцоўкі (канфэрэнцыя ў Кіеве, дзе будуць эўрапейскія дыпляматы) магчымая. Атачэньне Ціханоўскай будзе спрабаваць надаць такой падзеі статусу «афіцыйнага»

14. Колькі дзяржаваў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Калі Беларусь не ўступае ў вайну — ніколькі, за выключэньнем, хіба, Летувы. Калі ўступае — 2-3. Эўрапейскія лідэры маюць перад сабою прэцэдэнт Гуайдо, які ўжо ганебна канчаецца.

15. Колькі дзяржаваў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Не болей за 2-3. Але найбольш імаверна — ніводнай.

16. Колькі пакетаў санкцыяў прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Бессэнсоўнае пытаньне, бо важна, якія санкцыі і супраць каго, а не нумарацыя пакетаў.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу ці ЗША?

У другой палове 2023 году — імаверна, што 1 ці 2 тэлефанаваньні будуць.

Тацяна Чуліцкая, паліталягіня, дасьледчыца Гарадзкога ўнівэрсытэту Манчэстэру (Вялікая Брытанія)

Тацяна Чуліцкая
Тацяна Чуліцкая

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

2,8 руб. за даляр.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

250–300 даляраў.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Раман Галоўчанка ці хтосьці зь цяперашніх сілавых міністраў (чыноўнікі зь сілавых міністэрстваў).

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Калі ня зьявіцца нейкіх «чорных лебедзяў» ці надзвычайных падзей, а сытуацыя будзе разьвівацца па сёньняшніх трэндах, то не, не адбудуцца.

Магчымасьць існуе ў выпадку, калі Лукашэнка адправіць беларускіх вайскоўцаў ва Ўкраіну.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

2,5 тысячы, але гэта залежыць ад разьвіцьця падзей. Калі Лукашэнка адправіць беларускіх вайскоўцаў ва Ўкраіну, то палітвязьняў можа быць больш.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Хутчэй так, чым не, але тут складана сказаць. Бо рацыянальна ня мусіць, але, на жаль, рацыянальны падыход ня вельмі працуе пры прагназаваньні дзеяньняў Лукашэнкі.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Хутчэй так, чым не. Магчыма, ня будзе непасрэднага нападу, але расейскія войскі будуць падтрымліваць сваю прысутнасьць і дэманстраваць гатоўнасьць напасьці зь Беларусі.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Магчыма. Калі скончыцца, то тым, што Ўкраіна адновіць свае межы да 2014 (Крым, Луганская і Данецкая вобласьці). Калі не, то будзе працягвацца пазыцыйная вайна, Украіна, імаверна, узмоцніць сыстэму СПА, і вайсковыя дзеяньні будуць марудна працягвацца, як раней было ў Луганскай і Данецкай абласьцях.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Ён зь вялікай імавернасьцю застанецца асобай, якая кантралюе дзяржаўны апарат, чыноўнікаў і сілавікоў, а таксама распрацоўку і імплемэнтацыю ўнутранай палітыкі ў розных сфэрах. Але Лукашэнка ўжо зараз згубіў самастойнасьць у міжнароднай палітыцы, то бок яна будзе заставацца па-за сфэрай ягонага кантролю і выбудоўвацца з улікам парадку дня Крамля. Магчыма, у яго будзе менш кантролю над арміяй, якую будзе збольшага кантраляваць Расея.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Так, на мой погляд, няма падставаў лічыць, што ён сыдзе. Невялікая імавернасьць ягонага сыходу існуе, калі Ўкраіна выйграе вайну альбо адбудзецца ўнутрыэлітны канфлікт у Расеі, у выніку якога Пуціна адхіляць ад улады. Але апошні сцэнар малаімаверны. Таксама патэнцыйна Пуцін можа памерці, але гэта непрагназавальныя абставіны.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Хутчэй за ўсё, яны будуць сустракацца досыць рэгулярна раз на паўтара-два месяцы.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так, існаваць будзе. Але ён альбо ўзмоцніцца і стане паўнавартаснай палітычнай структурай — альбо, наадварот, маргіналізуецца і будзе выглядаць прыкладна як Каардынацыйная Рада напрыканцы 2022 году.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Хутчэй так, чым не. Гэта было б лягічным, калі б Украіна больш арыентавалася на парадак дня дэмакратычных краін, у прыватнасьці, краін ЭЗ, у адносінах да Беларусі. Але можа, наадварот, захавацца трэнд на падтрымку status quo ў адносінах з афіцыйным Менскам з боку Ўкраіны. У гэтым выпадку сустрэча не адбудзецца.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

Цяжка сказаць, гэта будзе залежаць ад таго, ці будзе сама Сьвятлана і яе каманда праводзіць кампанію па такім прызнаньні. Гіпатэтычна, калі будзе, то магчыма прызнаньне з боку найбольш актыўных у адносінах да Беларусі эўрапейскіх дзяржаў (Польшчы, Эстоніі, Літвы, Латвіі), але наўрад ці такое прызнаньне адбудзецца з боку так званых старых эўрапейскіх краін. Паспрыяць такому прызнаньню мог бы такі крок з боку ЗША, але ён патрабуе шмат намаганьняў і працы. Невядома, ці будуць яны зробленыя.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Ізноў-такі гэта будзе залежаць ад таго, наколькі актыўна будзе праводзіцца лабіяваньне гэтага статусу з боку Сьвятланы Ціханоўскай, а таксама, магчыма, палку Каліноўскага.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Калі Лукашэнка адправіць беларускіх вайскоўцаў ва Ўкраіну, то санкцыйная палітыка можа ў значнай ступені сынхранізавацца з той, што прымаецца ў адносінах да Расеі. Калі не, то можна чакаць 2–3 пакетаў.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Гэта можа адбыцца толькі ў выпадку нейкіх надзвычайных сытуацый (накшталт непасрэднага ўступленьня беларускіх войскаў у вайну альбо міграцыйнага крызісу). Яшчэ адна (невялікая) магчымасьць: калі Лукашэнка вырашыць пачаць гандаль палітзьняволенымі і гэта будзе адным зь неабходных крокаў ці ўмоваў на гэтым шляху. Калі сытуацыя будзе захоўвацца як цяпер, то хутчэй не, ніхто ня будзе яму тэлефанаваць.

Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік Радыё Свабода

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

2,95.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

600 даляраў.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Галоўчанка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

1100.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Не.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Так.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Ня скончыцца.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Так.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Так.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

6–7.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

0.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

0.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

1–2.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Не.

Кацярына Шмаціна, паліталягіня, дасьледчыца крытычнай геапалітыкі, дактарантка Вірджынскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту (ЗША)

Кацярына Шмаціна
Кацярына Шмаціна

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

3 рублі, і курс будуць утрымліваць штучна.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Такія паказчыкі гучаць для мяне як «сярэдняя тэмпэратура па шпіталі». Па 500? Але якая з гэтага карысьць, калі з паліц зьнікаюць тавары і краіна на мяжы вайны?

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

Галоўчанка.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Шанцы невялікія, з улікам маштабу рэпрэсій і расейскай вайсковай прысутнасьці ў нашай краіне.

Сеткі салідарнасьці, створаныя ў 2020 годзе, застаюцца, і яны праявяцца, калі адкрыецца «акно магчымасьцяў» — калі штосьці пахісьне вэртыкаль улады і будзе магчымасьць скарыстацца гэтым, абыграўшы крамлёўскі ўплыў (штосьці накшталт аслабленьня Масквы напрыканцы 1980-х).

Сацыялягічныя апытаньні паказваюць рост прыхільнікаў сілавога варыянту пратэстаў — і трыгерам да гэтага могуць стаць нейкія драматычныя падзеі, датычныя незалежнасьці Беларусі.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

1000. Мяркую, што выпусьцяць кагосьці з тых, хто сядзіць зараз, але набяруць і новых. Ключавыя фігуры застануцца за кратамі.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Так.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Так.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Пагаджуся з украінскім бокам і ў тым ліку з разьлікамі Залужнага, што зімой-вясной 2023 году Расея будзе паўтараць спробы поўнамаштабнага наступу і што Ўкраіне варта рыхтавацца да доўгай барацьбы.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Калі Расея ня прыме рашэньня нарэшце яго пазбавіцца — то застанецца. Але Лукашэнка і сёньня не кантралюе сытуацыю цалкам — зараз, будучы ўцягнутым у вайну, Лукашэнка ня можа сказаць наўпрост «не» на запыты Крамля. Больш за тое, чым даўжэй цягнецца вайна і чым больш стратаў Расея нясе, тым больш імаверна, што Пуціну спатрэбіцца дэманстраваць хоць якія перамогі — і «інтэграцыйныя посьпехі ў саюзнай дзяржаве» могуць стаць адной зь іх.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Калі не адбудзецца перавароту, то так.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

4 — раз у сэзон, так бы мовіць.

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Складана ўявіць, каб асобы, якія ўваходзяць у кабінэт, адмовіліся ад сваіх пазыцый. Калі і адбудуцца зьмены, то гэта будуць усё тыя ж фігуры, але з выкарыстаньнем новай шыльды. Адкрытым застаецца пытаньне іх эфэктыўнасьці і сувязі зь беларускім грамадзтвам, асабліва ўнутры Беларусі.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Калі каманда Ціханоўскай зможа пераканаць офіс Зяленскага, што для ўкраінскага боку ад такой сустрэчы будуць нейкія палітычныя здабыткі, і галоўным чынам штосьці датычнае бясьпекі і ваеннага вымярэньня, — то так. Але гэта малаімаверна. Думаю, захаваецца тэндэнцыя, пры якой офіс Зяленскага не ўспрымае фігуру Ціханоўскай і яе атачэньне ўсур’ёз. Больш шанцаў ёсьць у прадстаўнікоў палку Каліноўскага.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

0.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

1.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

2.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Магчыма, знойдуцца тыя, хто вырашыць наладжваць сувязі з Лукашэнкам — спрабуючы збалянсаваць яго залежнасьць ад Расеі і зьнізіць імавернасьць поўнамаштабнага ўдзелу Беларусі ў вайне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG