Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну супраціву


За 20 гадоў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» пабачылі сьвет дзевяць дзясяткаў выданьняў пра беларускую палітыку, мову, гісторыю, грамадзтва, журналістыку, турму, здароўе і шмат што яшчэ. Працягваем знаёміць вас з нашым выдавецкім плёнам. Дарэчы, кожная кніга дасяжная ў лічбавым фармаце.

Сёмы ліст да тых, хто ўмее чытаць. Краіна супраціву

Сёлета Беларуская служба ў намінацыі «Людзі году» абрала «Героеў супраціву» — супраціву дыктатуры ў Беларусі і расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Гэта праваабаронцы на чале з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім, валянтэры, якія змагаюцца за Ўкраіну на фронце і дапамагаюць выжыць у тыле, беларускія партызаны, які пачалі сабатаж супраць расейскага войска, удзельнікі пратэстаў супраць вайны.

Супраціў стаўся сталай рысай беларускага жыцьця апошняй чвэрці стагодзьдзя і ня мог ня стаць прадметам кніг «Бібліятэкі Свабоды».

Некаторыя выданьні, якія належаць да гэтай плыні, ужо былі прадстаўленыя, у тым ліку апошняя кніга «Бібліятэкі» «Алесь Бяляцкі на Свабодзе». А зараз — яшчэ некалькі напамінаў пра гісторыю, якой варта ганарыцца, бо яна захоўвае ў сабе будучыню.

Аляксандар Лукашук, бібліятэкар Свабоды

«Дарога праз Курапаты»

Тут пачалася новая гісторыя Беларусі — легендарныя Дзяды-88. Але другая па ліку кніга «Бібліятэкі», якая выйшла дваццаць гадоў таму, — пра іншы, больш позьні пэрыяд, калі ўлады спрабавалі павярнуць час назад. Гісторыя безразважнай абароны месца масавых пахаваньняў ахвяраў камунізму падчас будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі ня стала гісторыяй, бо абарона памяці — заўсёды задача сучаснасьці. Гэты ўнікальны дакумэнт штодзённага рэпартажу з аднаго месца на працягу васьмі месяцаў пісаўся рознымі рэпартэрамі Свабоды, але Ганна Соўсь была ў Курапатах больш за дзьвесьце разоў, і Беларускі ПЭН адзначыў яе працу прэміяй імя Алеся Адамовіча. Кніга абароненай годнасьці.

«Плошча. 19.03–25.03.2006»

Калі б можна было вызначыць жанр кнігі як цуд, дык гэта кніга цуду, бо любая тэрыторыя свабоды ў сучаснай Беларусі — цудоўная і цудатворная. Намётавы лягер у цэнтры Менску ў адказ на абвешчаныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў — сам па сабе цуд. Кругласутачныя рэпартажы, каляровыя фота, званкі на «Свабоду» — адкрыйце кнігу, і вас захопіць агульнанацыянальная акустыка менскага цуду.

«Галасы Беларусі — 2020»

Шматгалосьсе і ўнісон сумяшчаюцца ў гэтай харальнай фрэсцы. Кніга распавядае пра беспрэцэдэнтны ў гісторыі Беларусі 2020 год. Сотні сьведкаў адкрыта загаварылі пра свае клопаты, жаданьні, радасьці і пакуты ў часе, дзе сышліся пандэмія, прэзыдэнцкія выбары і масавыя рэпрэсіі. Вялікія гісторыі суседзяць з кароткімі эпізодамі і рэфлексіямі «адным сказам». Першая кніга з трылёгіі нацыянальнага мэлясу, якую складае Сяргей Дубавец.

«Галасы Беларусі — 2021»

У 2021-м героі папярэдняй кнігі «Галасоў» за сваю грамадзянскую пазыцыю перажылі звальненьне з працы, ператрусы ў хаце, гвалт, прыніжэньне, допыты, прысуды, уцёкі за мяжу або патрапілі ў турму. Укладальнік і рэдактар першых дзьвюх кніг «Галасоў» Сяргей Дубавец завяршае працу над трэцяй кнігай, якая пабачыць сьвет на пачатку наступнага году. Трылёгія, безь якой немагчыма будзе напісаць ніводзін падручнік гісторыі новай Беларусі.

«Забойства ў цэнтры Эўропы»

11 лютага 2019 году ў школе № 2 гораду Стоўпцы вучань 10-й клясы Вадзім М. учыніў падвойнае забойства — зарэзаў сваю настаўніцу Марыну Пархімовіч і вучня Сашу Раманава. Праз гісторыю гораду, мясцовыя легенды, меркаваньні стаўпецкіх людзей, з дапамогай філязофіі таталітарызму Ганны Арэнт аўтар Дзьмітры Гурневіч вывучае прычыны і матывы злачынства, якое скаланула Беларусь сваім дзікім выкідам зла. Зло не сышло, а вырвалася як гной амапу, міліцыі, спэцслужбаў. Як першы падземны штуршок, яно прадказвала землятрус, які пачаўся ў наступным годзе і дагэтуль ня скончыўся.

«Жыцьцё пасьля раку»

Сярод кніг супраціву гэтая — самая агульначалавечая. Гісторыі анкалягічных хворых, якія пасьпяхова лечацца, ведаюць, што рак — гэта не прысуд, і дапамагаюць іншым усьвядоміць гэта і змагацца з хваробай. Стваральніца гэтай кнігі Ганна Соўсь працавала зь лекарамі, шпіталямі, валянтэрскімі арганізацыямі, праводзіла сустрэчы і прэзэнтацыі, рэзананс якіх выйшаў далёка за межы «Бібліятэкі».

«Забіць упалмінзага»

Мы ўжо згадвалі пра гэтую кнігу-бомбу, калі гаворка ішла пра падарожжы ў часе. Але большасьць кніг «Бібліятэкі» можа стаяць на розных палічках адначасна, як і гэтая, 89-я па ліку. Рэха невядомай вайны супраць савецкай улады ў паваеннай Беларусі адгукнулася ў 2020-м. Яна заслугоўвае не адной, а мноства кніг, манаграфій, фільмаў, як і героі супраціву — артыкулаў у энцыкляпэдыях. Пабудаваная на дакумэнтах сэнсацыя Зьмітра Бартосіка пра антысавецкую Беларусь завяршае трылёгію ягоных «Падарожжаў Свабоды» — паездак па таямнічай краіне і размоваў зь яе загадкавым народам, які хавае сваю будучыню, але не губляе яе.

І. Быў у пана верабейка гаварушчы
ІІ. Клініка кітайскага дантыста

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG