Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычная Расея — адзіная для ўсіх пазытыўная пэрспэктыва. Чытаючы артыкул Андруса Кубілюса


Андрус Кубілюс, архіўнае фота
Андрус Кубілюс, архіўнае фота

Спатрэбілася шмат намаганьняў «калектыўнага несьвядомага», каб беларусы зразумелі, што яны і расейцы — розныя народы, што Беларусь не Расея. А пасьля 2020-га і наступных гадоў гэта сталі разумець і ў навакольным сьвеце. Такая першая дадзенасьць.

Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну мы і паўсюль у сьвеце сталі разважаць пра тое, чым гэтая «кампанія» скончыцца ці павінна скончыцца. Перамога Ўкраіны, суд над Пуціным і яго атачэньнем, распад Расеі, немагчымасьць у Расеі дэмакратычных парадкаў, расейская «смута», ядзерная бомба... Гэта другая дадзенасьць, якую мы «ператраўляем» сёньня. Але ці ўсё тут слушна? І галоўнае — што далей?

Літоўскі палітык Андрус Кубілюс напісаў артыкул, у якім паставіў пад сумнеў гэтую дадзенасьць. Вядома, перамога Ўкраіны і суд над Пуціным пойдуць на карысьць усяму сьвету. Але ці адбудзецца распад Расеі? І ці на карысьць сьвету, а найперш суседзям, была б тая «смута»?

Артыкул надрукаваў партал Delfi, а па-беларуску пераклала «Наша ніва».

Выснова Кубілюса такая: толькі дэмакратыі не ваююць адна з адной. І толькі дэмакратычная Расея была б рэальнай гарантыяй бясьпекі для сьвету, а найперш для суседзяў. І гэта трэцяя дадзенасьць.

Тыранія ўчора, сёньня і... заўтра?

Кубілюс прыводзіць прыклады краінаў, у якіх ніколі не было дэмакратычнай традыцыі і якія, тым ня менш, сталі цалкам дэмакратычнымі.

Сёньня мы ўмацоўваем сябе ў перакананасьці, што Расея ня можа ня быць тыранічнай. Бо ніколі такой не была. І варта такі дыскурс разглядаць як неабходную прыступку самавызначэньня (Беларусь не Расея). Але, гледзячы наперад, мы тым самым адмаўляем магчымасьць лепшай будучыні для Беларусі, для ўласных дзяцей. Мы кажам, што ў гісторыі ніхто на нас не нападаў так часта і так ня мучыў ды няволіў, як Масква. І пры тым даказваем, што яе характар ня зьменіцца, ня можа зьмяніцца. Што гэтае даказваньне дае нам самім? Працяг цярпеньня і выжываньня, бо ніякай сьцяной і ніякай арміяй Беларусь ад усходняй суседкі не адгародзіцца. І нікуды тая суседка не падзенецца. Адзіная альтэрнатыва — трэцяя дадзенасьць.

Андрус Кубілюс піша:

«Пуцін пасьлядоўна спрабуе пераканаць Захад паверыць у тую ж самую ўстаноўку, што ў Расеі няма ніякіх шанцаў стаць дэмакратыяй. Сваімі дзеяньнямі ён фактычна стварыў і працягвае ствараць аблічча дзікай, азіяцкай Расеі, якая атручвае сваіх праціўнікаў, агрэсіўнай дзяржавы зь ядзернай бомбай у руках. І таму Захад павінен перастаць наіўна гаварыць пра пэрспэктывы дэмакратыі ў Расеі, таму што гэта можа нэрваваць, правакаваць Пуціна і ён зноў пачне пагражаць ядзернай зброяй. На думку Пуціна, Захад проста павінен прыстасавацца, адаптавацца да такой Расеі, якая яна ёсьць цяпер, а значыць, Захад проста абавязаны падтрымліваць дыялёг з Пуціным, незалежна ад таго, як ён сябе паводзіць.

Макрон зьяўляецца прыкладам таго, што заходнія лідэры схільныя прымаць такую дактрыну, навязаную Пуціным, і схільныя прыстасоўвацца да яе, паколькі Макрон ня верыць, што Расея можа быць іншай. Наступствам гэтага зьяўляецца тое, што некаторыя заходнія лідэры па-ранейшаму схільныя геапалітычна „ахвяраваць“ Украінай, каб толькі можна было б „падстроіцца“ пад Пуціна. Падтрымкай Украіны, маўляў, ня трэба раздражняць і правакаваць Пуціна. Таму што Пуцін і Расея дзікія, ніколі ня будуць іншымі, і ў іх яшчэ ёсьць жахлівая ядзерная бомба».

Такім чынам, ідэя немагчымасьці дэмакратыі ў Расеі — гэта найперш пуцінская ідэя, а не ягоных крытыкаў.

Варта ўспомніць Расею ў часы «перастройкі» і ў пачатку 1990-х. Варта разумець, што імпэрская сьвядомасьць расейцаў (мы лепшыя за іншых) у большай ступені трымаецца на прапагандзе, а не на «генах». Варта ўрэшце параўнаць, як мы самі, беларусы, у масе сваёй зьмяніліся ў сваёй сьвядомасьці пасьля 1994 году. Мы ж таксама былі заражаныя імпэрскай сьвядомасьцю, як «тыя ж рускія». Гэта цяпер мы «проста беларусы», адзін з многіх народаў.

Два пляны для пасьляваеннай Нямеччыны

Андрус Кубілюс параўноўвае сытуацыю з досьведам Захаду ў адносінах да Нямеччыны пасьля Другой сусьветнай вайны.

«Яшчэ ў 1944 годзе, калі саюзьнікі абдумвалі, што рабіць з эканомікай пераможанай Нямеччыны, быў ухвалены плян, складзены міністрам фінансаў ЗША Генры Маргентаў, вядомы як «плян Маргентаў», які прадугледжваў зьнішчэньне цяжкай прамысловасьці Нямеччыны і падзел Нямеччыны на некалькі незалежных дзяржаў. У аснове такога пляну ляжала ўласная галоўная ўстаноўка Маргентаў і яго паплечнікаў, што толькі такім чынам можна будзе пазьбегнуць таго, што пасьля вайны эканамічна падужэлая Нямеччына пачне гадоў празь дзесяць Трэцюю сусьветную вайну.

Але пасьля вайны амэрыканцы вельмі хутка зразумелі, што такі плян быў зусім ня слушным, таму што ён выракаў бы немцаў на доўгі пэрыяд галечы, што адкрыла б шлях да перамогі на выбарах розным радыкалам, уключаючы камуністаў, што падтрымліваліся б Сталіным.

Таму ўжо ў 1946 годзе Злучаныя Штаты і прэзыдэнт Гары Трумэн пачалі ўсьведамляць, што галоўная мэта ЗША ў пасьляваеннай Эўропе — абарона дэмакратый ад замахаў на іх Сталіна, і хутка адмовіліся ад рэалізацыі дактрыны Маргентаў і хоць якіх намёкаў на разбурэньне эканомікі Нямеччыны ці яе тэрытарыяльны падзел.

У 1947 годзе ЗША абвясьцілі дактрыну Трумэна і плян Маршала, рэалізацыя якіх была накіраваная на эканамічнае аднаўленьне пасьляваеннай Эўропы (уключаючы Нямеччыну), а за ўсім гэтым стаяла выразная геапалітычная мэта — абараніць эўрапейскія дэмакратыі ад радыкалізму выбарнікаў, расчараваных пасьляваеннымі цяжкасьцямі, і тым самым ад сталінскай камуністычнай экспансіі.

Такім чынам, калі мы хочам большай бясьпекі для сябе, мы павінны паклапаціцца пра дэмакратыю ў Расеі. А для гэтага трэба, каб дэмакратычная Расея мела магчымасьці эканамічна разьвівацца і стаць моцнай эканомікай.

Таму сёньня, калі мы думаем, як Захаду давядзецца паводзіць сябе з Расеяй, якая прайграла вайну, мы павінны разглядаць ня «пляны Маргентаў» для такой Расеі, а нешта падобнае да пляну Маршала для дэмакратычнай Расеі. Таму што толькі гэта дапаможа стабілізаваць адроджаную пасьля прайгранай вайны расейскую дэмакратыю, калі такое адраджэньне адбудзецца».

Іншай пазытыўнай пэрспэктывы няма

Развагі пра дэмакратызацыю Расеі могуць здацца несвоечасовымі, асабліва з гледзішча Беларусі, якая сёньня сама ў палоне тыраніі. Гаворка хутчэй пра зьмену беларускага дыскурсу — з поўнага адмаўленьня расейскіх дэмакратычных пачаткаў (умоўнага Максіма Каца ці ўмоўнага «Дождя» ці Навальнага) да размовы зь імі і спробаў пераканаць іх у шкоднасьці атавістычных імпэрскіх уяўленьняў. Як гэта нядаўна зрабіў, напрыклад, Мікіта Мелказёраў у гутарцы з Максімам Кацам.

«Як толькі Расея прайграе вайну, — піша Андрус Кубілюс, — у Расеі могуць зьявіцца магчымасьці для пераменаў. Неабходна быць гатовымі выкарыстоўваць гэтыя магчымасьці. Да гэтага павінен быць гатовы ўвесь Захад, да гэтага павінны быць гатовыя мы, і да гэтага павінна быць гатовая расейская апазыцыя».

Можна згаджацца са спадаром Кубілюсам, можна не згаджацца, але выглядае, што іншай пазытыўнай пэрспэктывы для ўсіх нас, асабліва суседзяў Расеі, няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG