Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Кастусёва, Фядуту і Слаўнікаву перавялі ў калёніі


Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

На 16 сьнежня ў Беларусі 1432 чалавекі знаходзяцца за кратамі праз палітычныя абвінавачаньні, паведамляе «Вясна». Іх колькасьць пастаянна расьце. Іншыя праваабарончыя ініцыятывы даюць большую лічбу палітзьняволеных.

Паліттэхноляга Фядуту і журналістку Слаўнікаву перавялі ў калёніі

Жонка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко паведаміла ў сваім фэйсбуку, што да 20 сьнежня яе муж знаходзіцца на «карантыне» у ПК-15 Магілёва.

«Піша, што першае знаёмства з новым месцам жыхарства прайшло нармальна, атрымаў казённую форму, якая цалкам прымальная, нават „кажан“ (куртка, напэўна) цёплы і зручны, а чаравікі ўзяў на памер большыя, каб пры прыступе падагры залазілі ногі. Ну чамусьці навучыўся ўжо. Не магла сабе ўявіць у дрэнным сьне— АІФ на зоне, але вось так, будзе павышаць кваліфікацыю», — напісала Марына Шыбко.

Аляксандра Фядуту асудзілі да 10 гадоў калёніі за «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Палітзьняволеную журналістку TVP Ірыну Слаўнікаву абвінавацілі ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзеле ў ім (ч. 1 арт. 361-1 КК), а таксама арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным у іх удзеле (ч. 1 арт. 342 КК) і асудзілі да 5 гадоў калёніі. Цяпер яна знаходзіцца ў гомельскай жаночай калёніі.

Рыгор Кастусёў адбывае прысуд у калёніі ў Івацэвічах

Палітыка і публіцыста Рыгора Кастусёва накіравалі адбываць 10 гадоў зьняволеньня ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму ў папраўчую калёнію №22 у Івацэвіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці, паведаміў БАЖ.

«Закінулі ажно ў Івацэвіцкі раён. Як плянавалася, і прасіўся на Магілёў ці Шклоў, во бач, як збылося. Дабіраліся па этапе доўга. Тут такая працэдура. Выдалі зэкаўскую форму. Усё, што небходна. Пастрыгся налыса, давялося згаліць вусы. Вось такія мае навіны», — напісаў палітык у лісьце да жонкі Ларысы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG