Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран дадаў пэрсыдзкамоўную службу Радыё Свабода ў санкцыйны сьпіс


Радыё Фарда
Радыё Фарда

Афіцыйны Тэгеран увёў санкцыі супраць больш чым двух дзясяткаў асобаў і арганізацый, у тым ліку пэрсыдзкамоўнай службы Радыё Фарда (Радыё Свабода).

Прэс-сакратар МЗС Ірану Насэр Канаані заявіў, што Эўропа нясе адказнасьць за цяперашнюю палітычную і эканамічную нявызначанасьць, якая скаланае краіну пасьля «ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Ісламскай Рэспублікі Іран».

Пасьля лета хваляваньняў праз дрэнныя ўмовы жыцьця і эканамічныя праблемы, выкліканыя санкцыямі ЗША супраць Ірану за яго ядравую праграму, новыя пратэсты ўспыхнулі пасьля сьмерці Махсы Аміні 16 верасьня падчас затрыманьня яе паліцыяй за парушэньне дрэс-коду — «няправільнае» нашэньне хіджабу.

Усяго, як сказаў Канаані, у новы санкцыйны сьпіс іранскіх уладаў трапілі 32 асобы і арганізацыі. Сярод іх Кен МакКалум, кіраўнік брытанскага агенцтва MI5; начальнік штабу абароны Вялікай Брытаніі адмірал Тоні Радакін; былы міністар замежных справаў Францыі Бэрнар Кушнэр; некалькі нямецкіх палітычных дзеячоў. Санкцыі супраць іх уступаюць у сілу неадкладна. У сьпіс увайшлі таксама пэрсыдзкамоўная служба Радыё Свабода і францускі сатырычны часопіс Charlie Hebdo.

«Сёньняшняе прызнаньне — абсурдная маніпуляцыя праўдай, узятая з усіх аўтарытарных падручнікаў. Рэальнасьць такая, што кожны дзень іранскі рэжым забівае мужчын, жанчын і дзяцей, якія пратэстуюць дзеля лепшай будучыні, зьневажае ахвяраў і іхныя сем’і. Пры ўсім гэтым крыніцы і аўдыторыя давяраюць Радыё Фарда, якое перадае інфармацыю аб тым, што адбываецца сапраўды», — заявіў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай.

Санкцыі забараняюць асобам са сьпісу ўяжджаць у Іран, а іх маёмасьць і актывы ўнутры краіны падлягаюць арышту.

На сустрэчы ў Брусэлі 12 сьнежня міністры замежных справаў Эўразьвязу асудзілі Іран за здушэньне антыўрадавых пратэстаў і пастаўкі бесьпілётнікаў у Расею. ЭЗ «прыме любыя магчымыя меры для падтрымкі маладых жанчын і мірных дэманстрантаў», — заявіў кіраўнік замежнай палітыкі ЭЗ Жузэп Бурэль. ЭЗ таксама прасоўвае новы пакет санкцыяў, накіраваных на ўзмацненьне ціску на Тэгеран, які 12 сьнежня пакараў сьмерцю ўжо другога затрыманага за пратэсты чалавека.

Міністэрства выведкі Ірану раней называла супрацоўнікаў замежных пэрсыдзкамоўных СМІ «ворагамі дзяржавы», заявіўшы, што тыя, хто «служыць іншаземцам» і «здраджвае краіне», будуць пакараныя.

Радыё Фарда забясьпечвае радыёпраграмы для Ірану на розных плятформах, уключна з спадарожнікавымі і кароткахвалевымі перадачамі, якія цалкам ахопліваюць Іран у рэжыме 24/7. Сайт пэрсыдзкай службы Радыё Свабода — адна з самых папулярных крыніц навін і інфармацыі на пэрсыдзкай мове ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG