Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня бі мяне, мужу, не карай». Каронная песьня Бяляцкага


Алесь Бяляцкі. Архіўнае фота
Алесь Бяляцкі. Архіўнае фота

У 1980-я мы сьпявалі. У «Майстроўні» і «Талацэ», у вандроўках па Беларусі, на археалягічных раскопках — словам, паўсюль, дзе зьбіралася грамада беларускай моладзі, сьпявалі народныя песьні. Была ў тых вандроўках свая песьня і ў Алеся Бяляцкага.

Прачытаў надоечы, што «кожную трэцюю беларуску б’юць дома»... Цяжкая для мяне тэма, бо, прызнаюся, чагосьці ў жыцьці я так і ня змог зразумець. Рацыянальныя тлумачэньні пра нерэалізаванага мужа, які спаганяе свой гнеў на жонцы, ці пра мужа, які даказвае сваё вяршэнства, ці пра мужа-псыхапата я чуў шмат разоў. Але...

Песьня ў маршавым рытме

У 1980-я, калі мы сьпявалі народныя песьні ў «Майстроўні» і «Талацэ», то часам нават рабілі спаборніцтвы, хто болей прасьпявае. І пераможца мог перасягнуць лічбу 100. Большасьць песень зьбіралася зь сямейных асяродкаў, ад бабуль-дзядоў. І вось той, хто песьню прыносіў (а тады ўжо яна, калі спадабаецца, трапляла ў агульны рэпэртуар), той яе заўсёды і запяваў, а падхоплівалі ўсе астатнія.

Алесь Бяляцкі, хударлявы хлопец з фрызураю Анджэлы Дэвіс, сьпяваў песьню, як цяпер сказалі б, пра хатні гвалт. Магчыма, праваабаронца і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру ўжо тады нешта ведаў пра свой жыцьцёвы шлях, які ён прысьвеціць абароне правоў чалавека.

Ой, расьцьвіла ружа ля вакна,

Ой, расьцьвіла ружа ля вакна,

Мела я мужа, мужа я мела,

Мужа я мела п’яніцу.

Нічога ня робіць, толькі п’е,

Нічога ня робіць, толькі п’е,

А дадому прыйдзе, прыйдзе ён дадому,

А дадому прыйдзе — мяне б’е.

Ня бі мяне, мужу, не карай,

Ня бі мяне, мужу, не карай,

Бо я ўсё кіну і дзяцей пакіну,

А сама паеду за Дунай.

Асабліва падабалася сьпяваць ідучы, бо песьня ў маршавым рытме.

Пра Дунай у беларускім фальклёры сьпяваецца часта. Кажуць, што гэта ўвогуле пра вялікую ваду — мора (сустракаецца Дунай-мора) ці раку. І што ўвогуле вялікая вада — гэта калі ў назьве ёсьць гукі «д» і «н» (Дняпро, Дзьвіна, Дон, Днестар...). Але цяпер пра іншае.

Гвалт як «традыцыйныя каштоўнасьці»

Галасы дыктатарскіх рэжымаў у Беларусі і Расеі шмат гавораць пра абарону «традыцыйнай сям’і» (мужчына+жанчына+дзеці). Патрыярх Кірыл нават гэтую абарону назваў галоўнай прычынай нападу Расеі на Ўкраіну. Быццам ва Ўкраіне, як, зрэшты, і ва ўсім сьвеце, зь сям’ёй ёсьць нейкія праблемы, супастаўныя з хатнім гвалтам. Што адметна: ні Пуцін, ні Лукашэнка, у адрозьненьне ад лідэраў цывілізаваных краін, «традыцыйнай сям’і» ня маюць. Таксама важна згадаць, што ў Беларусі рэжымныя заканадаўцы адмовіліся прымаць закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. У выніку атрымліваецца, што «абарона традыцыйнай сям’і» — гэта папраўдзе абарона хатняга гвалту. Больш за тое, хатні гвалт — гэта адзін са стаўпоў, на якіх гэты рэжым стаіць. Нават прапагандыст Азаронак, як прызнаўся ў інтэрвію Сяргею Бяспалаву ягоны бацька, — гэта прадукт захмялелай бацькавай рукі.

Выглядае, што з дазволу на хатні гвалт пачынаецца дазвол на гвалт увогуле.

«Зь міленькім ва спаленку»

У беларускім фальклёры вельмі шмат песень пра горкую «жаночую долю». У такіх песьнях шмат русізмаў і датуюцца яны апошнімі двума стагодзьдзямі, з прыходам у Беларусь расейскіх парадкаў і ўяўленьняў, у тым ліку і «сямейных».

У ранейшых песьнях часоў ВКЛ ня тое што хатняга гвалту не было зусім, але адносіны паміж мужам і жонкай мелі зусім іншы характар. Муж ішоў на вайну, а жонка была ўвасабленьнем дому, куды муж вяртаўся. І гэтая традыцыйная сям’я мне асабіста якраз вельмі зразумелая. Чаму і любілі і ахвотна сьпявалі мы такія песьні.

Вось адна зь іх, якую Алесь, мабыць, ня раз напяваў сабе ў вязьніцы. Паводле нашай сьпеўнай кіраўніцы і кампазытаркі Ларысы Сімаковіч, датуецца песьня ХІV стагодзьдзем. Ацаніце.

Устану я ранюсенька,

ўмыюся бялюсенька.

Выйду я на ганачак,

Гляну я на зоранькі.

Мілы мой з вайны едзе,

Коніка ў руках вядзе.

Я ж яму рада стала,

Я ж яго пераймала.

Коніку аўса-сена,

Зь міленькім сама села.

Коніка ва стаенку,

Зь міленькім ва спаленку.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG