Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мае ўзнагароды МУС Беларусі і грамату ДАІ». Расказваем пра журналіста, якога судзяць у «справе Зельцара»


Генадзь Мажэйка ў кабіне самалёта. Архіўнае відэа
Генадзь Мажэйка ў кабіне самалёта. Архіўнае відэа

У Менску працягваецца суд над журналістам Генадзем Мажэйкам, заметку якога палічылі «распальваньнем сацыяльнай варожасьці», ды яшчэ абвінавацілі яго ў нібыта «абразе прэзыдэнта» на сустрэчы ў дэпутатам у 2020 годзе. Адвакат знайшоў відэазапіс, які далучылі да справы.

Расказваем, хто такі Генадзь Мажэйка і пра што ён пісаў.

  • Генадзь Мажэйка адпрацаваў у «Камсамолцы» 12 гадоў. Прычым адукацыяй ён не журналіст — скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.
  • Пісаў у асноўным на аўтамабільную тэматыку, авіятранспарт, пра новыя тэхналёгіі, навінкі вайсковай тэхнікі: пра першы беларускі БТР, бесьпілётны верталёт-паляўнічы.
  • Па працы быў у Бразыліі на заводзе Embraer, дзе вырабляюць сучасныя самалёты.
  • Сур’ёзна захапляецца фатаграфіяй. Ляўрэат прэміі «DOT-журналістыка».
  • Мае ўзнагароды МУС Беларусі: мэдаль «Абавязак, парадак, справядлівасьць» і грамату ДАІ.
  • У жніўні 2020 году як журналіст Мажэйка асьвятляў пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • У ноч з 11 на 12 жніўня быў моцна пабіты ў мікрараёне Серабранка.

Першага кастрычніка 2021 году Генадзя Мажэйку затрымалі ў Маскве. Яго арышт нібыта зьвязаны з публікацыяй на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднаклясьніцай айцішніка Андрэя Зельцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ. У апублікаваным на сайце kp.by артыкуле аднаклясьніца станоўча характарызавала Зельцара. Сайт выданьня на наступны дзень пасьля публікацыі заблякавалі ў Беларусі, перастала выходзіць і папяровая вэрсія беларускага выданьня «КП».

Доўгі час Мажэйка знаходзіўся ў жодзінскай турме, падрабязнасьці яго затрыманьня не былі вядомыя. Пазьней журналіста перавялі на СІЗА на Валадарку. Цяпер яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта) і ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці). Генадзю Мажэйку пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.

«Гена проста „зьзяў“ ва ўсялякіх „хлапчуковых“ тэмах: армія, авіяцыя, аўтамабілі, грошы»

У рэдакцыю «Комсомольской правды» в Белоруссии" Генадзь Мажэйка прыйшоў у 2009 годзе — газэце быў патрэбен чалавек, які разьбіраецца ў аўтамабілях, каб пісаць на гэтую тэму. А потым дакладна «вымалеваўся» кірунак ягоных захапленьняў: тэхніка, самалёты, узбраеньне.

«Гена проста „зьзяў“ ва ўсялякіх „хлапчуковых“ тэмах: армія, авіяцыя, аўтамабілі, грошы — ён такія цікавінкі вышукваў! Хадзіў на ўсе міжнародныя выставы ўзбраеньняў „MILEX“, пісаў пра вайсковыя вучэньні, сам езьдзіў на іх. І вельмі любіў капацца ў такіх тэмах, вельмі ўедліва, скрупулёзна.

Ён сам тэставаў першыя электрамабілі. Менавіта наш Генадзь напісаў артыкул пра ўвесь аўтапарк Лукашэнкі, потым яго многія СМІ перадрукавалі. Матэрыял называўся „13 аўтамабіляў і трактар з аўтапарку Лукашэнкі“

Гена сабраў цікавы матэрыял пра ўнікальнае сховішча ядзерных боегаловак каля Мачулішчаў, дзе захоўваліся надрукаваныя ў Нямеччыне новыя беларускія грошы, сам лазіў па нейкіх сутарэньнях. Такое ў нас толькі Гена мог зрабіць!

Таксама ён вельмі любіў самалёты, быў экспэртам у авіяцыі, падрыхтаваў матэрыял аб прэзыдэнцкім авіяпарку, разабраў усе ягоныя самалёты і верталёты. Ён быў нават у Бразыліі на заводзе, дзе зьбіраюць знакамітыя самалёты Embraer», — пералічвае самыя цікавыя матэрыялы Генадзя Мажэйкі яго былая калега па «Камсамолцы», якая назвалася Аленай.

Генадзь Мажэйка, архіўнае фота
Генадзь Мажэйка, архіўнае фота

У рэдакцыі, дзе быў у асноўным жаночы калектыў, заўсёды не хапала супрацоўніка, які пісаў бы, напрыклад, пра вайсковыя вучэньні, успамінае яшчэ адна былая калега Генадзя, якая назвалася Ганнай.

«Мы нібыта нічога ў гэтым не разумелі альбо не хацелі разумець, таму пра гэта даводзілася пісаць Генадзю. Але ёсьць яшчэ адна такая характэрная рыса: Гену трэба было даваць тэмы, якія яму падабаліся. Бо калі Гену даставалася тэма, якая не выклікала ў яго энтузіязму, у яго адразу псаваўся настрой. Затое калі трапляла тэма, якая яму самому падабалася, тады адбываўся цуд: ён здабываў нейкія неймаверныя зьвесткі і знаходзіў такія крыніцы інфармацыі, дзе ніхто іншы не здагадаўся б і шукаць. То бок, калі Гена загарэўся тэмай, то з матэрыялам дакладна будзе ўсё добра», — не хавае эмоцый Ганна.

Галоўная рэдактарка праекту Media IQ Надзея Белахвосьцік, якая дзесяць гадоў працавала разам з Генадзем у газэце «Комсомольская правда» в Белоруссии», успамінае, як у таго загараліся вочы, калі ён знаходзіў нейкія цікавыя рэчы.

«Гена — такое „вечнае дзіця“ ў добрым сэнсе, чалавек з маладой душой. Ніколі ня скажаш, што яму ўжо 40 гадоў. Памятаю, яшчэ ніхто з нас ня ведаў, што можна адсочваць, як самалёты лятаюць. Гена даведаўся і паказваў нам, які самалёт куды паляцеў. Як ён сам усім захапляўся і мог перадаць гэта захапленьне нам! Гена ж скончыў БДУІР, а не журфак, як бальшыня супрацоўнікаў „КП“. Таму да яго заўсёды можна было зьвярнуцца па дапамогу з кампутарам, зь іншай тэхнікай», — кажа Надзея Белахвосьцік.

«Ён умеў так тонка пажартаваць, што было вельмі востра, сьмешна, але ня крыўдна»

Генадзь вельмі кампанейскі, ён заўсёды быў зоркай любога карпаратыву, любой кампаніі, узгадвае Алена.

«У яго вельмі добрае пачуцьцё гумару, ён вельмі вясёлы, забаўны, любіць жартаваць. Расказвалі людзі, якія хадзілі на першае паседжаньне суду, што ён жартуе і там. Судзьдзя пытаецца: «Вы працавалі ў «Комсомольской правде»? Ён адказавае: «Так, у самай любімай і найбольш чытанай газэце краіны». Калегі казалі, што ён вельмі добра выглядаў на судзе: бадзёры, у сьвежай кашулі.

І лісты піша такія бадзёрыя: «Я выправіўся на рэпартаж», «Я крыху затрымаўся ў чарговай камандзіроўцы», — уздыхае Алена.

Лёгкі характар і цудоўнае пачуцьцё гумару адзначае і Ганна:

«Гумар у Гены такі зьедлівы, але ня крыўдны. Ён умеў так тонка пажартаваць, што было вельмі востра, сьмешна, але пры гэтым ён нікога ня крыўдзіў. Вясёлы, авантурны, забаўны».

Душой любой кампаніі называе Генадзя Мажэйку і Надзея Белахвосьцік:

«Мы кожны год езьдзілі ў канцы зімы на гарналыжныя курорты ў Сілічы ці Лагойск, і Гена заўсёды прыдумляў нейкае сьмешнае прыстасаваньне, вельмі забаўныя фота былі. Ён вельмі лёгкі на пад’ём. Ён сам сур’ёзна захапляўся сноўбордам... Гэта, вядома, кашмар, што адбываецца цяпер зь Генам. Мае сяброўкі, якія хадзілі на суд, пісалі, што і там ён добра трымаецца, нават жартуе. Гэта ў ягонай натуры, жартачкі», — распавядае Надзея Белахвосьцік.

«Гэта абсалютна у духу „КП“: знайсьці падрабязнасьці, цікавінкі пра чалавека»

Былыя калегі-журналісты выказаліся і на вострую тэму, аб матэрыяле ў «КП» пра супрацоўніка ІТ кампаніі Андрэя Зельцара, які загінуў у перастрэлцы.

Галоўная рэдактарка праекту Media IQ Надзея Белахвосьцік перакананая, што той апошні артыкул, за які цяпер судзяць Мажэйку — гэта абсалютна нармальная прафэсійная праца.

«Гэта абсалютна ў духу «КП», «па-камсамольску», як мы казалі: знайсьці падрабязнасьці, цікавінкі пра чалавека, які трапіў у рэзанансную гісторыю. І шукаліся чалавечыя дэталі ў першую чаргу. Гэта было цалкам нармальна: сухую афіцыйную інфармацыю падмацаваць чымсьці жыцьцёвым, каб раскрыць аблічча чалавека. Гэта заўсёды было нашай фірмовай асаблівасьцю, менавіта «Камсамолкі».

Генадзь Мажэйка
Генадзь Мажэйка

Заметку, якая «падвяла» Генадзя Мажэйку, на думку сьледзтва, пад крымінальны артыкул, яму ніхто не даручаў пісаць. Тут ён сам праявіў ініцыятыву, бо працаваў на сайце на навінах, расказала калега Ганна.

«Генадзь спрацаваў вельмі апэратыўна, імгненна знайшоў крыніцу інфармацыі, якая была знаёмая з айцішнікам Зельцарам, яна былая аднаклясьніца.

Што тычыцца загалоўка, так, ён не параіўся з рэдактарам. Але літаральна праз тры хвіліны яго замянілі! Увечары рэдактары пагаварылі з Генам, патлумачылі, што былі пытаньні. Ён прызнаў, што ня меў рацыі, нават пажартаваў: „А можа пранясе“. Раніцай сайт быў заблякаваны. А ў Telegram ад Гены прыйшоў адзін радок: „Не пранесла“.

Што тычыцца другога крымінальнага артыкулу... Як жа ж да яго хацелі дакалупацца, што пераслухалі ўсе запісы на дыктафоне, а там жа бываюць размовы па некалькі гадзін! Што яны там хацелі знайсьці? Ну ня мог Генадзь сказаць тое, што яму цяпер „шыюць“», — перакананая былая калега Мажэйкі Ганна.

На думку яшчэ адной былой калегі Генадзя Алены, да журналіста маглі мець прэтэнзіі толькі рэдактары, што ён зь імі не ўзгадніў той загаловак, але ня сьледчыя органы.

«Так, ён ні з кім не параіўся наконт загалоўка, які хутка памянялі. Але і першы загаловак, у прынцыпе, нармальны быў, проста часы такія. Маскоўскі офіс «КП» зрабіў лінгвістычны аналіз артыкулу, але яго чамусьці адмовіліся далучыць да справы. Што тычыцца другога артыкулу, «абразы прэзыдэнта», у адваката ёсьць поўнае відэа сустрэчы з дэпутатам Варанецкім, якое сьведчыць, што Гена не гаварыў нічога. Сказаў гэта мужчына, які сядзеў побач. І гэты відэазапіс дадалі ў матэрыялы справы. Дзякуй Богу, што з Генадзя зьнялі артыкул 130 частку 3, дзе яму хацелі паставіць у віну «арганізаваную групу асоб», — кажа Алена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG