Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кот на Валадарцы» і «Беларусь — гэта сьвятое». Якія творчыя праекты зрабілі беларускія палітвязьні за год


 Кніга палітзьняволенага Максіма Знака «Зэкамэрон»
Кніга палітзьняволенага Максіма Знака «Зэкамэрон»

Каляндар, мультфільмы, паштоўкі, кнігі для дзяцей і дарослых, пераклады, замалёўкі камэр… Сабралі прадукты беларускай турэмнай творчасьці за год.

Кніга дзіцячых вершаў «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў»

Аўтар — супрацоўнік «Нашай нівы» Андрэй Скурко. Ён пісаў вершы для свайго маленькага сына Тамаша. Героі вершаў — сланы, мядзьведзі, сабачкі, вожыкі, мышы, а таксама сам Тамашык. Вершы лёгка чытаюцца і запамінаюцца. Па словах бацькоў, нават малыя дзеці расказваюць іх на памяць. Выданьне аздоблена яркімі ілюстрацыямі. У канцы кнігі ёсьць QR-код, па якім можна паглядзець мультфільмы, створаныя па гэтых вершах. Кнігу выдалі ў Беларусі, яе можна набыць у беларускіх кніжных крамах.

Андрэй Скурко таксама пераклаў за кратамі казку Карнея Чукоўскага «Айболит». У ягоным перакладзе гэта «добры доктар Будзьздароў». Скурко займаўся перакладам у асноўным падчас судовага працэсу ў справе «Нашай нівы». Пачытаць байку пра доктара Будзьздарова пакуль нідзе немагчыма.

Андрэй Скурко — кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу газэты «Наша ніва», у розныя гады быў яе аўтарам і рэдактарам. Асуджаны на 2,5 года калёніі нібыта за няправільную аплату камунальных паслуг у офісе рэдакцыі.

Мультфільмы па кнізе «Пра сланоў і барсучкоў»

На падставе вершаў Андрэя Скурко зрабілі мультвершы. Іх можна паглядзець на Youtube-канале для дзяцей Baybus.

Кніга турэмных апавяданьняў «Зэкамэрон»

Кнігу напісаў юрыст Максім Знак у СІЗА. Яна складаецца зь невялікіх апавяданьняў пра побыт вязьняў у стылі О’Генры. Знак піша і пра галадаваньні, і пра сьвяткаваньні, і пра тое, як жартуюць людзі за кратамі. Апавяданьні ёмістыя, часам іранічныя, часам тужлівыя. Аповед ідзе ад трэцяй асобы, рэальных імёнаў вязьняў аўтар не называе. Гэта першы досьвед прозы Знака. На волі ён пісаў песьні.

Кніга «Зэкамэрон»
Кніга «Зэкамэрон»

Кнігу выдалі ў Расеі. Яе можна набыць у расейскіх інтэрнэт-крамах. Часта там пішуць, што выданьня ўжо няма ў наяўнасьці. Аднак у крамах абяцаюць, што кніга зьявіцца празь некалькі дзён.

Агулам Максім напісаў за кратамі ўжо тры кнігі: другая — пра юрыстаў, трэцяя — фантастычная аповесьць. Аднак яны яшчэ не выдадзеныя.

Фрагмэнт з кнігі «Зэкамэрон» можна прачытаць тут.

Асобным відам творчасьці Максіма Знака можна назваць ягоныя лісты. Знака лічаць чэмпіёнам у ліставаньні, ён пісаў па 15 лістоў на дзень. Адказваў усім, чые лісты даходзілі. У калёнію лісты даходзяць горш. Сваякі вялі тэлеграм-канал «Невероятные письма», там апублікавана амаль 500 лістоў Максіма. Нядаўна канал абвясьціў пра перапынак у публікацыях лістоў.

Юрыст Максім Знак падчас выбарчай кампаніі 2020 года ў Беларусі прадстаўляў інтарэсы кандыдатаў у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Сьвятланы Ціханоўскай. Асуджаны на 10 гадоў калёніі, у тым ліку за «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Насьценны каляндар з выявамі беларускіх храмаў

Аўтар малюнкаў і цытатаў у календары — Павал Севярынец. У календары зьмешчаныя цытаты на кожны месяц і выявы вядомых беларускіх храмаў Горадні, Нясьвіжу, Менску, Сынковічаў, Мураванкі, Паставаў, Магілёва, Сар’і, Слабодкі, Сталовічаў, Берасьця. Блізкія Паўла некалькі гадоў зьбіралі зь ягоных лістоў рысункі і цытаты. Называецца каляндар «Беларусь — гэта сьвятое». Фармат календара А4. Каляндар можна набыць у інтэрнэт-краме хрысьціянскіх рэчаў «Кропля».

Сын Паўла Севярынца Францішак трымае календар, створаны паводле малюнкаў бацькі
Сын Паўла Севярынца Францішак трымае календар, створаны паводле малюнкаў бацькі

Да таго ж Павал малюе партрэты сваіх родных і шле іх на волю. Таксама ён па фатаздымках намаляваў свайго сына Францішка, які ўжо трэці год гадуецца бяз бацькі.

Павал Севярынец — пісьменьнік і сустаршыня арганізацыйнага камітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Яго затрымалі адным зь першых падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. Прысудзілі 7 гадоў калёніі за «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках».

Паштоўкі з выявамі беларускіх храмаў

Набор зь 10 паштовак таксама зрабілі з малюнкамі Паўла Севярынца і цытатамі зь лістоў да родных. Называецца набор таксама «Беларусь — гэта сьвятое», прадаецца ў краме «Кропля».

Нявыдадзеныя вершы для дзяцей і дарослых

Вершы для сваіх дзяцей піша і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык. У юнацтве ён ужо пісаў вершы, а потым быў вялікі перапынак. Вярнуўся да творчасьці менавіта за кратамі. Ён шле вершы сваім дзецям. Пакуль іх нельга пачытаць у выглядзе кнігі. Вось фрагмэнт аднаго зь вершаў да дня народзінаў дачкі Яніны:

У Яніны нашай сьвята -

Дзень народзінаў дзявяты!

Пажадаць найперш ёй трэба,

Каб расла вышэй за неба!

Каб былі заняткі ў школе

Дзевяць хвіляў, і ня болей!

Каб ішла вучоба гладка —

На дзявяткі і дзясяткі!

Тут можна пачытаць адзін з апошніх напісаных Андрэем вершаў для дарослых: «Бачыў сына. Сын мяне забыў. Бачыў сон. Груган гады лічыў».

Андрэй Кузьнечык — журналіст Радыё Свабода. Атрымаў 6 гадоў калёніі нібыта за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня».

За кратамі актыўна пачаў пісаць вершы і грамадзкі дзяяч Павал Белавус. Ягоныя вершы можна знайсьці ў сацыяльных сетках пад хэштэгам #вершыбелавуса. Вось фрагмэнт ягонага верша, напісанага ўлетку:

Я нарадзіўся тут дакладна,

Тут я, напэўна, і памру,

Але цяпер ня гэта важна —

Галоўнае — я тут жыву.

Шмат вершаў ён піша і для сваіх дзяцей. Вось яшчэ адзін фрагмэнт ягонага твора:

Хутка-хутка Новы год —

Дзень усім знаёмы.

Сёння ў сад я не пайду,

Застануся дома.

Павал Белавус — стваральнік крамы Symbal.by, культурны мэнэджар. За кратамі знаходзіцца больш за год, суду над ім яшчэ не было. Яго вінавацяць, у тым ліку, у «здрадзе дзяржаве». Паводле гэтага артыкулу яму пагражае да 15 гадоў калёніі.

Выявы месцаў зьняволеньня

Прараб Арцём Майсіёнак, які працаваў у Расеі, прыехаў у Беларусь і трапіў за краты. Ён правёў у СІЗА пяць месцаў. Яго асудзілі на тры гады «хіміі» за «ўдзел у пратэстах», аднак хлопец уцёк зь Беларусі.

У зьняволеньні ён нарысаваў, як выглядае карцар ІЧУ на Акрэсьціна і камэра на «Валадарцы».

Малюнак камэры даслала на волю музыка Крысьціна Чаранкова. Яе асудзілі на 2,5 года калёніі за выказваньні аб міліцыі. Крысьціна — музыка і антыфашыстка з Мазыра, мела свой блог у Instagram, дзе адкрыта выказвала сваё стаўленьне да падзей у Беларусі і вайне ва Ўкраіне.

Гэты рысунак карцара ў ІЧУ на Акрэсьціна зрабіў ананімны вязень. Вядома, што так месца выглядала сёлета ў студзені-лютым.

Флэшмоб «Кот на Валадарцы»

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч напісаў сваёй жонцы, што намаляваў цыкль карцінак пра сваё жыцьцё за кратамі ў вобразе ката, аднак перадаць на волю яго пакуль ня здолеў.

«На адной з карцінак Кот быў на шпацыры ў турэмным дворыку, на другой — мыўся ў душы, а на трэцяй — сядзеў у камэры за сталом і вячэраў. Вельмі сьмешна атрымалася, але вось мясцоваму цэнзару гэтыя малюнкі не спадабаліся і ліст мне вярнулі назад з пазнакай „Не прайшоў цэнзуры“», — пісаў Стэфановіч.

Тады праваабарончы цэнтар «Вясна» абвесьціў конкурс малюнкаў «Кот на Валадарцы» ў падтрымку свайго калегі. У ім удзялі ўдзел і прафэсійныя мастакі, і італьянская студэнтка, і шасьцігадовая дзяўчынка, і іншы палітвязень, які адбывае тэрмін на «хіміі». Тут можна паглядзець малюнкі ўсіх 19 удзельнікаў флэшмобу.

Валянцін Стэфановіч — праваабаронца «Вясны». За кратамі знаходзіцца ўжо амаль паўтара года разам са сваімі калегамі. Яго вінавацяць у тым ліку у «фінансаваньні групавых дзеньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Суду над ім яшчэ не было.

Гэта толькі частка той турэмнай творчасьці, якая далятае на волю з-за кратаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG