Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто прыйдзе на месца Макея?


Уладзімер Макей на форуме «Менскі дыялёг». 2018 год
Уладзімер Макей на форуме «Менскі дыялёг». 2018 год

Уладзімер Макей, які раптоўна памёр на 65 годзе жыцьця, кіраваў МЗС больш за 10 гадоў — даўжэй за любога з 6 папярэднікаў за ўвесь час незалежнасьці Беларусі. Хто прыйдзе на вакантнае месца?

Зь імем Макея зьвязваюцца розныя падзеі ў беларускай гісторыі — як жорсткае здушэньне пратэстаў пасьля выбараў 2010, калі ён быў кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі, гэтак і пэрыяд лібэралізацыі і нармалізацыі стасункаў з Захадам у 2015-2020 гадах. А таксама выбар на карысьць рэжыму, які ён зрабіў у бурлівыя дні жніўня 2020 году.

Мяркуючы па ўсім, палітычная вага Макея якраз пасьля пратэстаў 2020 году і іх здушэньня істотна зьнізілася. Ён на дыпляматычным фронце забясьпечваў новую палітычную лінію, якая кардынальна супярэчыла папярэдняй. Але заставалася пэўная «залежнасьць ад каляіны», памяць і ў грамадзтве, і ў міжнародных партнэраў (як на Захадзе, гэтак і на Ўсходзе) пра час, калі Макей увасабляў зусім іншую палітыку.

У нечым гэта заставалася яго перавагай, актывам, зь ім былі гатовыя размаўляць заходнія партнэры; у нечым — пасівам (магчыма, у стасунках з Масквой). Вонкавая палітыка пасьля жніўня 2020 году, а тым больш пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, вялася да пэўнай ступені па інэрцыі, зададзенай новай рэальнасьцю.

І сьмерць Макея — пэўнае раздарожжа, ростані. Зразумела, ніякі новы кіраўнік МЗС ня будзе весьці нейкую самастойную палітыку, як ня вёў яе і Макей. Але новы міністар будзе выразным знакам, якую вонкавую палітыку зьбіраецца весьці Лукашэнка.

Юры Амбразевіч
Юры Амбразевіч

Калі новым міністрам стане, скажам, дэпутат Андрэй Савіных ці сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Юры Амбразевіч — гэта будзе знак таго, што вонкавая палітыка і ідэйна, і паводле мінулага новага міністра будзе адпаведнай унутранай — рэпрэсіўнай і агрэсіўна антызаходняй.

Ніякіх спробаў (ці імітацыяў спробаў) дамаўляцца з Захадам рабіцца больш ня будзе. Вонкавая палітыка з такім міністрам будзе адэкватнай і далейшаму ўмацаваньню залежнасьці Беларусі ад Расеі, і ўцягваньню яе ў тых або іншых формах у вайну, якую вядзе Расея. Такі выбар, безумоўна, спадабаецца Маскве.

Ані Савіных, ані Амбразевіч не асацыююцца ў Масквы ні з «Усходнім партнэрствам», ні са зьняцьцём зь Беларусі санкцыяў, ні з шматлікімі візытамі заходніх палітыкаў і дыпляматаў у Беларусь у 2015 — 2020 гадах, ні з вышыванкамі.

Макей з міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у Маскве 2 верасьня 2020
Макей з міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у Маскве 2 верасьня 2020

Шмат што будзе падштурхоўваць Лукашэнку да такога выбару — і Масква, і сілавікі, і частка яго ўласнай натуры.

Але толькі частка. Бо ён дзесяцігодзьдзямі, як сапраўдны political animal, захоўваў у сваім атачэньні пэўны балянс розных сілаў. І з гэтага пункту гледжаньня ад, фігуральна кажучы, Карпянкова ў дыпляматычным мундзіры — хутчэй шкода, чым карысьць (у сэнсе захаваньня ўлады і выжываньня рэжыму).

І таму прынамсі ёсьць шанцы на тое, што на вакантнае міністэрскае месца будзе прызначаны кар’ерны дыплямат, профі, які ніякімі палітычнымі дэмаршамі ня вызначыўся.

Бо жыцьцё цяпер складанае, на чыю карысьць павернецца ваеннае шчасьце на полі бою ва Ўкраіне — па-рознаму ж можа атрымацца. І на выпадак, калі гэтае шчасьце будзе адварочвацца ад Расеі, менавіта зь меркаваньняў выжываньня рэжыму мэтазгодна прызначыць дыплямата-прафэсіянала бяз пэўнай палітычнай «крэдытнай гісторыі».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG