Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча: абломкаў другой ракеты ў Пшэводаве не знайшлі. Украіна: маем зьвесткі, што першая — не ўкраінская


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда паведаміў, што ў польскім Пшэводаве не знайшлі абломкаў другой ракеты, пра якую паведамлялі раней. Што да абломкаў першай — ён паўтарыў выснову, што гэта была ракета ўкраінскай супрацьракетнай абароны, піша «Польскае радыё».

«Ведаю, што была спачатку інфармацыя пра дзьве ракеты. Пасьля сьледчых дзеяньняў рэшткі другой ракеты на тэрыторыі Польшчы ня знойдзеныя. Другая ракета стоадсоткава была, толькі ня ўпала на тэрыторыю Польшчы, а на тэрыторыю Ўкраіны», — сказаў Дуда.

Ён дадаў, што ў ходзе расьсьледаваньня ўстаноўлена, што пасьля масіраванага абстрэлу Ўкраіны ў выніку контрнаступальных дзеяньняў на тэрыторыі Польшчы разарвалася ракета ўкраінскай супрацьракетнай абароны.

«Сьледзтва працягваецца, на месцы ўсе сьледчыя дзеяньні ўжо завяршыліся, зараз вядуцца лябараторныя дасьледаваньні. Ніякія новыя высновы не мяняюць таго, што я казаў раней. Усе чакаем высноваў экспэртаў і ніякім чынам у працэс ня ўмешваемся».

Анджэй Дуда ў чарговы раз падкрэсьліў, што «гэта быў трагічны выпадак, які адбыўся па віне Расеі».

Тым часам міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба ў інтэрвію газэце Le Parisien заявіў, што Кіеў так і не атрымаў доказаў таго, што ракета, якая ўпала ў польскім сяле Пшэводаў, была выпушчана з украінскай сыстэмы СПА.

«Мы чулі палітычную рыторыку аб тым, што гэта была ўкраінская зэнітная ракета, але ня бачылі доказаў», —— сказаў ён.

Кулеба заявіў, што ва Ўзброеных сіл Украіны ёсьць інфармацыя, што ракета, якая ўпала ў Польшчы, не зьяўляецца ўкраінскай, цытуе яго выданьне focus.ua.

  • 15 лістапада на тэрыторыі Польшчы ў мясцовасьці Пшэводаў, непадалёк ад мяжы з Украінай, адбыўся выбух. Улады пацьвердзілі падзеньне ракеты і паведамілі, што загінулі два чалавекі.
  • Прэзыдэнт Польшчы 16 лістапада пракамэнтаваў інцыдэнт з ракетай, заявіўшы, што яна «мяркуючы па ўсім, была выпушчаная ўкраінскай СПА».
  • У Мінабароны Расеі заявілі, што ракета «адназначна ідэнтыфікаваная расейскімі спэцыялістамі АПК як элемэнты зэнітнай кіраванай ракеты С-300 Паветраных сіл Украіны».
  • Польшча выклікала амбасадара Расеі ў Варшаве для тлумачэньняў, пасьля таго як Масква зьняпраўдзіла паведамленьні пра сваю датычнасьць да выбуху ў Пшэводаве.
  • Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падчас брыфінгу заявіў, што Ўкраіна не вінаватая ў падзеньні ракеты ў Польшчы. Паводле яго, ракета над Польшчай, верагодна, была выпушчана Ўкраінай выпадкова. Ён дадаў, што няма ніякіх прыкмет таго, што ракетны ўдар па Польшчы быў наўмысны, і няма прыкмет таго, што РФ плянавала напад на NATO.
  • Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што ўкраінскі бок «гатовы перадаць наяўныя доказы расейскага сьледу» і настойвае на супольным вывучэньні інцыдэнту з падзеньнем ракеты ў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG