Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэралы ў 1996-м: Мы даставім вам Лукашэнку ў ланцугах


Падпісаньне так званага начнога пагадненьня 22 лістапада 1996-га, якое спыніла працэдуру імпічмэнту Лукашэнкі
Падпісаньне так званага начнога пагадненьня 22 лістапада 1996-га, якое спыніла працэдуру імпічмэнту Лукашэнкі

24 лістапада 1994 году ў Беларусі адбыўся ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум, які істотна пашырыў паўнамоцтвы прэзыдэнта.

Рэфэрэндуму папярэднічала падпісаньне старшынём Вярхоўнага Савету Сямёнам Шарэцкім і старшынём Канстытуцыйнага Суду Валерыем Ціхінем сумеснага з Аляксандрам Лукашэнкам пагадненьня, у выніку якога была спыненая працэдура імпічмэнту Лукашэнку за сыстэматычныя парушэньні Канстытуцыі. На падпісаньні гэтай дамовы настойвалі кіраўнікі Расеі. Міжнародная супольнасьць не прызнала вынікаў рэфэрэндуму, а дэмакратычная апазыцыя назвала канстытуцыйным пераваротам.

Гэтыя падзеі апісаныя ў кнізе Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». Спампаваць кнігу можна тут.

Ніжэй — фрагмэнты кнігі.

«Трэба было заняць цьвёрдую канстытуцыйную пазыцыю»

Чаму ж была магчымай — пры відавочнай канстытуцыйнасьці пазыцыі, падтрымцы міжнароднай супольнасьці — параза Вярхоўнага Савету, якая ў выніку стала паразай беларускай дэмакратыі? Навошта было падпісваць знакамітае «начное» пагадненьне пры пасярэдніцтве «крамлёўскага дэсанту»? Гэтае пытаньне я задаў Сямёну Шарэцкаму ў лістападзе 2001 году, калі на Радыё Свабода рыхтаваў перадачу пра падзеі 96-га.

Шарэцкі: «А што павінен рабіць Вярхоўны Савет яшчэ, каб імпічмэнт адбыўся? Па-першае, мы павінны былі сабраць ня менш як 70 подпісаў дэпутатаў. Мы іх сабралі 76. Наступным крокам, каб адбыўся імпічмэнт, павінна было быць рашэньне Канстытуцыйнага Суду. Другое пытаньне. А чаму ж тады Лукашэнка і ягоныя прыхільнікі ня сталі выконваць тыя пагадненьні, якія былі падпісаныя, у чым (у падпісаньні — С.Н.) мяне абвінавачваюць. Чаму? А таму, што згодна іх павінны былі адбыцца давыбары Вярхоўнага Савета. І вынікі рэфэрэндуму павінны былі быць згодна з Канстытуцыяй, згодна з законам разгледжаныя на сэсіі Вярхоўнага Савета. Для Лукашэнкі гэта азначала — канец улады».

У падобнай канфліктнай сытуацыі вызначальную ролю можа адыграць падтрымка палітычнай ініцыятывы насельніцтвам і сілавымі структурамі.

Спачатку — пра плошчу. Некаторыя — у тым ліку і Сямён Шарэцкі — лічаць, што калі б людзей на плошчы Незалежнасьці было больш, чым іх было ў тыя дні — вынік мог бы быць іншы.

Шарэцкі: «Справа ўся ў тым, што каб там было людзей сапраўды дзьве і больш тысячы, дык зусім былі б іншыя паводзіны і нас. Але там было, на жаль, ня вельмі шмат людзей, якія не маглі паўплываць на хаду падзеяў... Канешне, тым, хто стаяў — дзякуй ім, я і сёньня выказваю гэтую ўдзячнасьць, але, на жаль, такіх людзей было няшмат».

Фрагмэнт публікацыі ў газэце «Свабода», 1996
Фрагмэнт публікацыі ў газэце «Свабода», 1996

Тут Шарэцкі мог бы выказаць прэтэнзію і да сябе. Калі б замест адмовы ад удзелу ў мітынгу 19 кастрычніка Шарэцкі, наадварот, заклікаў людзей прыйсьці, а потым рабіў гэта рэгулярна — на плошчу выходзіла б, перакананы, значна больш. Тое самае тычыцца і лідэра камуністаў Сяргея Калякіна — электарат камуністаў тады быў актыўны.

Адразу пасьля таго, як у лістападзе 2001-га я запісаў гутарку зь Сямёнам Шарэцкім, я пазнаёміў зь ёй Лявона Баршчэўскага (увосень 1996-га — выканаўцу абавязкаў старшыні БНФ). З высновамі экс-сьпікера Баршчэўскі не пагадзіўся. Больш за тое, ён перакананы, што кіраўніцтва Вярхоўнага Савету ў тыя крытычныя моманты не выяўляла зацікаўленасьці ў падтрымцы людзей на Плошчы.

Баршчэўскі: «Першы эпізод быў, калі гвалтам Ганчара пазбавілі пасады, не далі яму вярнуцца ў свой кабінэт, народ стаяў ля Цэнтравыбаркаму, і арганізавалі такое шэсьце па цэнтры горада да Вярхоўнага Савета. І вось там выйшаў спадар Шарэцкі, сказаў, што няма сэнсу вам тут стаяць і зьбірацца, разыходзьцеся. Хаця можна было зайсьці ў гэты будынак і сымбалічна яго заняць. І тады б сытуацыя магла інакш пайсьці, таму што народу было на вуліцы, у часе шэсьця сабралося даволі шмат народу. А потым некалькі разоў спадар Карпенка выходзіў на плошчу і гаварыў, што ёсьць спадзяваньне, што маскоўскія палітыкі ўсё-такі прымусяць Лукашэнку стаць на рэйкі Канстытуцыі, і гэткім чынам у яго былі такія ілюзіі на той момант. І гэта таксама адыграла ня вельмі станоўчую ролю».

Лявон Баршчэўскі і ў гады дэпутацтва, і пазьней выказваўся, за вельмі рэдкім выключэньнем, дыпляматычна, я ж спрамлю сэнс ягоных слоў: вельмі дрэнную, вельмі адмоўную ролю ўсё гэта адыграла.

Ня згодны Баршчэўскі і з высновай Шарэцкага пра недастатковую, на ягоную думку, масавасьць людзей на Плошчы: нават той колькасьці людзей, якую ўдалося сабраць Народнаму Фронту, было дастаткова для падтрымкі дзеяньняў Вярхоўнага Савета, калі б тыя дзеяньні былі рашучыя.

Сяргей Навумчык і Лявон Баршчэўскі, 1992. Фота Ўл. Сапагова
Сяргей Навумчык і Лявон Баршчэўскі, 1992. Фота Ўл. Сапагова

Баршчэўскі: «Была праблема ня ў колькасьці людзей на плошчы. Проста калі прыехалі гэтыя „пасярэднікі“ маскоўскія, трэба было заняць цьвёрдую канстытуцыйную пазыцыю, і яны нічога не зрабілі б. Народу на вуліцы хапала, і ў патрэбны момант яго б дадалося, калі б дайшло да пасяджэньня Канстытуцыйнага Суда па імпічмэнце».

Цяпер — да пытаньня, а што б было б у выпадку, калі б імпічмэнт быў абвешчаны, — ці выканалі б кіраўнікі сілавых структураў свой канстытуцыйны абавязак? Гэта мо адзін з найбольш складаных аспэктаў той гісторыі, найперш з прычыны спэцыфікі гэтых самых структураў.

Што да пазыцыі Генэральнага пракурора Васіля Капітана, дык ён выказаў яе Радыё Свабода яшчэ ў дзень гвалтоўнай адстаўкі Ганчара: «У мяне няма іншай пазыцыі, ёсьць адна пазыцыя. Ва ўсякім выпадку да таго часу, пакуль я буду Генэральным пракурорам, гэта пазыцыя закона. Я думаю, асноўная функцыя пракуратуры — гэта пазыцыя закона».

Пасьля рэфэрэндуму, у сьнежні 96-га, генэральны пракурор Капітан быў зьняты Лукашэнкам з пасады. Але гэта ўжо было пасьля правалу імпічмэнту.

Зварот Зянона Пазьняка да генэральнага пракурора Васіля Капітана, 1996
Зварот Зянона Пазьняка да генэральнага пракурора Васіля Капітана, 1996


Мне падаецца, што наўрад ці які-небудзь камандзір дывізіі мог публічна выказацца хаця б так, як генпракурор — адстаўка была імгненнай (тое, што пазьней адбылося з генэралам Юрыем Захаранкам, прымушае дапускаць і горшыя варыянты).

Але афіцэрам зь вялікімі зоркамі на пагонах зусім не абавязкова выказваць сваё меркаваньне публічна. Ім дастаткова — і больш за тое, яны абавязаныя — выступіць з падначаленымі імі падразьдзяленьнямі ў абарону Канстытуцыі і закона.

Калі такіх афіцэраў няма — лёс канстытуцыйнасьці і дэмакратыі ў краіне пад сумневам. Ды і будучыня самой краіны як незалежнай дзяржавы — таксама.

Але калі яны ёсьць — тады ў супрацьстаяньні, у змаганьні за выкананьне закону прыхільнікі дэмакратыі маюць добры шанец перамагчы.

Гэта ня значыць, што без падтрымкі сілавых падразьдзяленьняў перамога немагчымая — гісторыя мае прыклады, калі народныя выступленьні дасягалі посьпеху без першапачатковай падтрымкі таго, што ў наш час атрымала назоў «сілавыя структуры». Але такіх прыкладаў вельмі мала, нават у сытуацыях, калі на вуліцы выходзілі сотні тысяч. Звычайна ж перамозе папярэднічаў пераход хаця б часткі сілавых структураў на бок пратэстоўцаў.

А ўжо калі ад самага пачатку людзі ў пагонах (хай і нават ня ўсе), за якімі ёсьць рэальныя ўзброеныя падразьдзяленьні, выказваюць падтрымку палітычным лідэрам — спадзяваньні на посьпех такіх лідэраў зусім не беспадстаўныя.

Магу сказаць, што за ўсе гады дзейнасьці Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня (1990-студзень 1996) мы такой падтрымкі ніколі ня мелі.

Ці мелі яе кіраўнікі Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня ўвосень 1996-га?

Празь некалькі гадоў у размове са мной (не па тэлефоне) адзін з тагачасных кіраўнікоў парлямэнту сказаў, што група генэралаў запэўніла яго, што калі ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй прэзыдэнту будзе абвешчаны імпічмэнт, «мы даставім вам яго ў ланцугах» (было ўжыта менавіта гэтае слова).

Аднак гутарка адбывалася не пад аўдыёзапіс, я нічым не магу пацьвердзіць факт гэтага выказваньня, і таму не падаю прозьвішча суразмоўцы. Скажу толькі, што ў гэтай кнізе яно фігуруе вельмі часта.

А вось гэты мой дыялёг зь Сямёнам Шарэцкім быў запісаны і ў лістападзе 2001-га прагучаў у эфіры Радыё Свабода.

«Навумчык: Калі б уявіць, што ўсё-ж такі імпічмэнт адбыўся. Некаторыя кажуць, што Лукашэнка б, так бы мовіць, не скарыўся, пачаў бы страляць...

Шарэцкі: Я ня ведаю, што рабіў бы Лукашэнка, я толькі ведаю, што рабіў бы я і Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета. Мы бы дзейнічалі згодна Канстытуцыі.

Навумчык: А скажыце, а пазыцыя кіраўнікоў сілавых структураў, пазыцыя генэралаў, палкоўнікаў? Я пастаўлю пытаньне так: ці былі сярод сілавых структураў, сярод кіраўнікоў вайсковых падразьдзяленьняў...

Шарэцкі: Спадар Сяргей, яшчэ прайшло толькі пяць гадоў. І ўсе гэтыя людзі жывыя, і шмат хто зь іх жыве і дзейнічае ў Беларусі. Яшчэ раз гавару, што я і Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета былі гатовы і маральна, і арганізацыйна дзейнічаць далей па Канстытуцыі. Вам нешта большае патрэбна?

Навумчык: Патрэбна. Я не пытаюся ў Вас нейкія прозьвішчы, проста...

Шарэцкі: Што б Вы там ні пыталіся, я Вам яшчэ раз сказаў, што мы і маральна, і арганізацыйна былі гатовы дзейнічаць далей па Канстытуцыі. Нам патрэбен быў крок з боку Канстытуцыйнага Суда. Без якога мы нічога не маглі рабіць. Інакш бы мы былі такімі, як Лукашэнка. Мы бы зьдзяйсьнялі дзяржаўны пераварот.

Сямён Шарэцкі, 2018 год, ЗША
Сямён Шарэцкі, 2018 год, ЗША


Навумчык: Тут важна было зразумець для нашых слухачоў, ці ўсё-ж такі мог парлямэнт разьлічваць на падтрымку тых, хто павінен быў бы сілавым чынам выступіць за захаваньне Канстытуцыі.

Шарэцкі: Цяпер цяжка аб гэтым гаварыць. Я Вам яшчэ раз скажу: парлямэнт гатовы быў дзейнічаць згодна Канстытуцыі. Сутнасьць імпічмэнту палягала ў тым, што Вярхоўны Савет зьбірае подпісы, а Канстытуцыйны Суд выносіць рашэньне. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета павінен быў, згодна Канстытуцыі, браць уладу ў свае рукі, так? І ўсё».

За некалькі гадоў да цытаванага інтэрвію, у Празе, у мяне адбылася іншая размова Шарэцкім на тэму падзеяў восені 1996 года, пры сьведках, і яе я прыгадаў у эсэ, прысьвечаным Уладзімеру Арлову. Гэты фрагмэнт потым шмат цытавалі ў незалежнай прэсе, прывяду яго і ў кнізе:

Шарэцкі: «Калі было ўжо сабрана досыць подпісаў на імпічмэнт, мне патэлефанаваў Ельцын і сказаў: „Лукашэнкі не чапаць“. Гэта быў, паўтараю, Ельцын! І што я мог адказаць Ельцыну?

— Пазьняк бы ягонага Ельцына паслаў у адказ на..., — сказаў Арлоў ужо ў калідоры, і гэта, здаецца, была адзіная нецэнзуршчына, пачутая ад яго за ўсе гады нашага знаёмства».

«...і дрыжачай рукой падпісаў акт аб капітуляцыі»

Сямён Шарэцкі кажа, што Вярхоўнаму Савету «патрэбен быў крок з боку Канстытуцыйнага Суда».

Канстытуцыя не прадугледжвала варыянтаў, падпісаных Лукашэнкам, Шарэцкім і Ціхіням, і фармальна Канстытуцыйны Суд сапраўды быў абавязаны разгледзець пытаньне аб імпічмэнце. Пра тое, што адбывалася ў Канстытуцыйным Судзе, увосень 2001-га мне распавёў былы член Суда Міхаіл Пастухоў.

Пастухоў: «Да нас у Суд раніцай прыехаў Юры Захаранка. Ён, мяняючы машыны, прывёз нам подпісы пад зваротам дэпутатаў аб адхіленьні дзеючага кіраўніка дзяржавы ад улады. Аднак у гэты момант Ціхіня быў заняты. Яшчэ з адным судзьдзём мы спрабавалі патрапіць да яго, але сакратарка нас не дапусьціла і сказала — „Пачакайце, ён вельмі заняты, прасіў нікога не пускаць“.

Праз нейкі час мы падышлі ізноў да кабінэту Ціхіні, аднак ён быў усё „заняты“. І мы, урэшце рэшт, вырашылі, нягледзячы на забароны сакратаркі, зайсьці да Ціхіні і пабачыць, чым жа ён так моцна заняты.

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў

Калі мы зайшлі да старшыні Суду, дык такая нямая сцэна была перад нашымі вачыма: на сваім месцы сядзеў Ціхіня, і мне падалося, што ўвесь такі збляднелы. І перад ім стаяў высокі чалавек з мабільнай сувязьзю. Відаць, размову яны скончылі. Ну, я гэтага чалавека ведаю, гэта быў чалавек з адміністрацыі.

Ціхіня, калі мы зьвярнуліся да яго, сказаў „Прабачце, я цяпер адыду, і хвілінаў праз 30 абмяркуем гэтае пытаньне“. Яны апрануліся і сышлі.

Мы засталіся зьдзіўленыя, але не маглі даць ніякіх тлумачэньняў такімі паводзінамі старшыні. Я пайшоў да сабе ў кабінэт. Літаральна хвілінаў праз 5-10 патэлефанаваў знаёмы журналіст, запытаўся, ці праўда, што Ціхіня пайшоў да прэзыдэнта ў адміністрацыю? Я кажу — ды не, я толькі яго бачыў, ён нічога не сказаў.

Але хвілін праз 30 Ціхіня прыйшоў і сабраў увесь склад Суда, сказаў, што ён быў на сустрэчы ў Лукашэнкі. Пытаньне было пастаўлена, каб мы не сьпяшаліся з прыняцьцем гэтай справы па імпічмэнту, яшчэ раз падумалі, і можа, схадзілі б на сустрэчу да Лукашэнкі, каб абмеркаваць гэтае пытаньне. Аднак некалькі судзьдзяў, у тым ліку і я, сказалі, што мы ня пойдзем, паколькі да нас зьвярнуліся дэпутаты, і мы павінны захоўваць нэўтралітэт».

Міхаіл Пастухоў узгадаў пра сустрэчу Ціхіні і Лукашэнкі. Канешне, Канстытуцыя не забараняла старшыні Канстытуцыйнага Суда спатыкацца з прэзыдэнтам — аднак яна і не абавязвала яго гэта рабіць. Чым матываваў свае дзеяньні Валеры Ціхіня, роўна як і пра тое, што за размова адбылася ў ягоным кабінэце з прадстаўніком прэзыдэнта, даведацца так нікому і не ўдалося.

Пасьля візыту ў адміністрацыю прэзыдэнта Ціхіня ўдзельнічаў у «начных перамовах» з удзелам кіраўнікоў Расеі.

Вось яшчэ адно сьведчаньне, гэтым разам дэпутата Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Паўла Знаўца, якое ён зрабіў у верасьні 2019-га:

«Шарэцкі мне падрабязна распавядаў пра тую ноч, як на яго ціснулі ўсе: і расіяне, і Лукашэнка, і старшыня КС Ціхіня. І яго расповед цалкам праўдападобны. Бо й потым, у 1997-м падчас нашай паездкі ў Кіеў на палітычны сэмінар Генадзь Карпенка, які ў тую ноч тусаваўся ў „перадбанніку“ і якога ахова не дапускала нават да размоваў і кансультацыяў з Шарэцкім, пацьвердзіў, што разы два ці тры ён, Шарэцкі, выходзіў з перамоўнай залі. Увесь пачырванелы, з дрыжачымі рукамі, узрушаны...

Павал Знавец
Павал Знавец

Супраціўляўся Сямён Георгіевіч падпісаньню таго ганебнага „акта аб капітуляцыі“ аж да пятай гадзіны раніцы 23 лістапада 1996г. І здаўся толькі пасьля таго, як палітычны „акт аб капітуляцыі“, што адчыняў шлях да поўнага ўсяўладзьдзя прэзыдэнта, падпісаў сам Ціхіня.

Але паколькі Канстытуцыйны Суд Беларусі не мог быць бокам тых перамоваў, то подпіс Ціхіні на той паперцы нічога не вырашаў. І тады Ціхіня ўзьняўся са стала і гэтак накрычаў на Шарэцкага, што той, быццам бы парсюк з байкі Кандрата Крапівы „на сажняў пяць адскочыў“. І дрыжачай рукой падпісаў лукашэнкаўскі варыянт акту аб капітуляцыі».

Пастухоў: «Галоўную дэзарганізуючую ролю адыгрываў старшыня Суду Ціхіня. Мы таксама хацелі спытаць яго, што адбылося і хто яго ўпаўнаважыў на гэтыя ўсе дзеяньні. Ён выглядаў такім сумным, нявыспаным, дастаў канвэрт, пры нас яго раскрыў, паказаў нам гэтае пагадненьне «Аб урэгуляваньні канстытуцыйнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь». Ціхіня сказаў, што «гэтае начы мы прадухілілі крывапраліцьцё».

Паседжаньне Канстытуцыйнага Суду, 1996.
Паседжаньне Канстытуцыйнага Суду, 1996.

Канстытуцыйны Суд яшчэ мог прыняць рашэньне аб імпічмэнце, аднак, як прыгадвае Міхаіл Пастухоў, у адміністрацыі прэзыдэнта сталі вядомыя прозьвішчы дэпутатаў, якія выказаліся за адстаўку Лукашэнкі.

Пастухоў: «Дазвол на гэта мог даць у Судзе толькі адзін чалавек — гэта старшыня. На паседжаньні я запытаўся, чаму прозьвішчы дэпутатаў, якія зьвярнуліся ў Суд, ужо растыражаваныя? У адказ старшыня сказаў, што мы павінны паводле закону і рэглямэнту азнаёміць другі бок. Гэта выклікала ў мяне вялікія сумневы і засьцярогі. Засьцярогі за лёс гэтай справы».

Міхаіл Пастухоў не памыліўся — у выніку ціску з боку прэзыдэнцкай адміністрацыі, пра які ўжо распавядалася, адзінаццаць дэпутатаў адклікалі свае подпісы.

Потым адбыўся рэфэрэндум, і Лукашэнка прызначыў новы склад Канстытуцыйнага Суда, а Вярхоўны Савет — разагнаў.

Праз пяць гадоў пасьля падзеяў, калі яны зрабіліся гісторыяй і маглі быць асэнсаваныя з адлегласьці пэўнага часу, Лявон Баршчэўскі гэтак вызначыў прычыны паразы:

Баршчэўскі: «Падзеі вучаць, што ў такіх экстрэмальных сытуацыях павінны быць людзі экстрэмальных сытуацый. Вось у 1991 годзе, калі яны знайшліся, і Пазьняк, і іншыя, яны здолелі людзей арганізаваць, натхніць, даць ім веру. А калі не было ў 1996-м і ў 2001 (прэзыдэнцкія выбары — С.Н.) такіх людзей, якія маглі б усяліць веру ў людзей, то на жаль, гэта кепскім чынам і закончылася. Такая здольнасьць праяўлялася, скажам, у Ельцына, у экстрэмальныя моманты ён умеў прыняць рашэньні, якія потым вялі да перамогі. У 91-м гэтую функцыю ўдала выконваў Пазьняк, а вось у 1996-2001 не было каму, якраз у экстрэмальнай сытуацыі аказацца тым, хто ўсяляў бы ўпэўненасьць у людзей».

Мітынг апазыцыі супраць рэфэрэндуму ў Менску, 11 кастрычніка 1996.
Мітынг апазыцыі супраць рэфэрэндуму ў Менску, 11 кастрычніка 1996.

Магчыма, калі чытач знаёміўся з апісаньнем драматычных падзеяў у Менску і заклікамі Пазьняка зь Нью-Ёрку, да людзей — выйсьці на Плошчу, а да кіраўніка Вярхоўнага Савета — праявіць рашучасьць і не губляць часу, у яго ўзьнікла думка — што лепш бы Пазьняк не звароты рабіў, а быў на Плошчы, ці сярод дэпутатаў.

Такое мне часта даводзілася чуць, і прычым не ад непрыяцеляў, а ад сымпатызантаў Пазьняка: вось калі б ён быў у Вярхоўным Савеце, а ў ноч з 21 на 22 лістапада — на начных перамовах — дык не адбылося б таго, што здарылася.

Неўзабаве пасьля лістападаўскіх падзеяў я запытаўся Пазьняка — а што б Вы зрабілі, калі б былі ў той вечар у Менску?

«Я б засунуў Шарэцкага ў машыну, вывез бы яго за горад на якое лецішча ці ў лазьню і зачыніў бы на суткі» — адказаў Пазьняк.

«Не атрымалася б — запярэчыў я. — У Шарэцкага тады была дзяржаўная ахова».

«Ну, тады выцягнуў бы яго за каўнер з-за стала, калі падпісваў пагадненьне».

У палітыцы такія ўчынкі называюцца — «прамое дзеяньне», гэта тыя самыя экстрэмальныя (часта — фізычныя) дзеяньні ў экстрэмальных сытуацыях, пра якія ўзгадваў Баршчэўскі.

Але паўплываць на рашэньні «прамым дзеяньнем» Пазьняк мог толькі пры адной умове: калі б ён ня проста быў у Менску, а — быў, фізычна быў, побач з дэпутатамі ў Авальннай залі, а для гэтага ён, як мінімум, павінен быў быць дэпутатам Вярхоўнага Савета.

З другога боку, «простых» дэпутатаў на начныя перамовы не пусьцілі, прысутнічалі толькі першы віцэ-сьпікер Новікаў і лідэр парлямэнцкай камуністычнай фракцыі Калякін, нават віцэ-сьпікер Карпенка і кіраўнік адной з парлямэнцкіх камісіяў Краўчанка чакалі за дзьвярыма разам з журналістамі. Але на падпісаньні пагадненьня Карпенка і Краўчанка прысутнічалі.

Такім чынам, каб патрапіць на працэдуру падпісаньня і спыніць Шарэцкага, Пазьняк мусіў быць ня проста дэпутатам, але віцэ-сьпікерам, альбо старшынём парлямэнцкай камісіі, альбо лідэрам буйной парлямэнцкай фракцыі. Заняць гэтыя пасады ён меў шанец толькі тады, калі б у Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня была фракцыя Беларускага Народнага Фронту. Але ніводзін з кандыдатаў БНФ на выбарах у парлямэнт прапушчаны ня быў — у тым ліку і сам Пазьняк.

Але ўсё гэта — тэарэтычныя допускі, і спыняюся на іх толькі таму, што ў наступныя пасьля нашай з Пазьняком эміграцыі гады яго папракалі адсутнасьцю ў Беларусі ўвосень 96-га.

Не эміграцыя Пазьняка пазбавіла дэмакратыю шанцу (яна, наадварот, прыцягнула ўвагу сьвету да падзеяў у Беларусі), а ягонае не абраньне ў 1995-м дэпутатам, да чаго прыклалі рукі і Адміністрацыя прэзыдэнта, і КДБ, і партыя камуністаў.

Застаецца гістарычным фактам тое, што кіраўнікі Вярхоўнага Савета і Канстытуцыйнага Суда Шарэцкі і Ціхіня не павінны былі падпісваць пагадненьне

Ключавым фактарам, які паўплываў на правал ініцыятывы імпічмэнту, быў уплыў Расеі. Але пры ўсіх прэтэнзіях да іх і да іншых, галоўная адказнасьць за тое, што адбылося ўвосень 96-га і што вызначыла шлях краіны на наступныя дзесяцігодзьдзі, кладзецца на чалавека, які з самага пачатку свайго прэзыдэнцтва зламаў законнасьць і скарыстаў грубую сілу для зьдзяйсьненьня таго, што ў цывілізаваным сьвеце было вызначана як антыканстытуцыйны пераварот.

На Лукашэнку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG