Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 лістапада: рэйд супраць руху «За свабоду»; затрыманьні ў Сьветлагорску; палітычны падтэкст у словах «Стары Дзед Мароз»


Актывісты руху «За свабоду» раздаюць у Менску людзям стужкі ў Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня 2017, архіўнае фота
Актывісты руху «За свабоду» раздаюць у Менску людзям стужкі ў Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня 2017, архіўнае фота

У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян, у тым ліку за нацыянальную сымболіку.

КДБ прыйшоў зь ператрусам у Баранавічы

Баранавіці актывіст Юры Казакевіч — гаспадар крамы з нацыянальнай сымболікай «Росквіт» і актывіст руху «За свабоду». Прычыны візыту пакуль высьвятляюцца.

Учора таксама праводзілі ператрусы ў Георгія Станкевіча, Аляксея Атрошчанкі і Ўладзімера Кацоры. Сілавікі распытвалі ў іх пра рух «За свабоду».

Затрымалі верхнядзьвінскую актывістку

У Верхнядзьвінску пасьля ператрусу затрымалі грамадзкую актывістку Валянціну Болбат. Сілавікі канфіскавалі тэхніку і зьвезьлі ў невядомым кірунку. Падставы затрыманьня не паведамілі. Праваабаронцы мяркуюць, што затрыманьне адбылося ў межах рэйду на былых актывістаў руху «За свабоду».

  • Рух «За свабоду» заснаваны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году кандыдатам у прэзыдэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандрам Мілінкевічам. У лістападзе 2022 году цяперашні лідэр руху Юрась Губарэвіч стаў намесьнікам прадстаўніка аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўла Латушкі.

Як піша «Наша ніва», сілавікі выпытвалі ў былых актывістаў руху «За свабоду» інфармацыю пра Юрася Губарэвіча і Вольгу Быкоўскую.

Паводле зьвестак старшыні руху Губарэвіча, на якія спасылаецца «Наша Ніва», пад перасьлед трапілі больш за два дзясяткі былых актывістаў арганізацыі. Пэўна, што не ўсе факты ператрусаў, гутарак, візытаў вядомыя, таму маштабы могуць быць значна большымі, адзначае выданьне.

Па словах Губарэвіча, сілавікі наведваюцца ня толькі да сяброў руху, якія былі актыўныя да яго ліквідацыі, але і да тых, хто меў ускоснае дачыненьне да дзейнасьці арганізацыі шмат гадоў таму.

«Гэта кампанія запалохваньня і рэпрэсій, — лічыць Губарэвіч. — Мэтава абраная найбольш актыўная арганізацыя. Ідуць па загадзя складзеным сьпісе, але наўрад ці гэта прывядзе да патрэбных спэцслужбам вынікаў, бо актыўная частка сяброў руху выехала за межы Беларусі, якая знаходзіцца пад акупацыяй рэжыму».

Былая прэс-сакратарка руху Вольга Быкоўская кажа, што ператрусы адбыліся як мінімум у дзевяці гарадах, піша «Наша ніва». Яна дапускае, што перасьлед можа быць зьвязаны як з тым, што чарга рэпрэсій дайшла да руху «За свабоду», гэтак і з прызначэньнем Губарэвіча на пасаду намесьніка прадстаўніка Нацыянальнага пераходнага кабінэту па транзыце ўлады.

Сілавікі затрымалі супрацоўнікаў «Сьветлагорск Хімвалакно»

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні 22 лістапада ў Сьветлагорску галоўнага энэргетыка «Сьветлагорск Хімвалакно» Канстанціна Дзікуна і вядучага эканаміста прадпрыемства Руслана Міхаленкі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай затрыманьняў сталі камэнтары ў інтэрнэце.

Затрымалі траіх кіраўнікоў Берасьцейскага аўтапарку

Пра гэта паведаміў праўладны блогер Аляксей Голікаў, піша «Берасьцейская вясна». Паводле яго, у Берасьці затрыманыя тры супрацоўнікі «Берасьцейскага грамадзкага транспарту»: ідэоляг Ігар Парфянюк, начальнік аўтакалёны Сяргей Серада, начальнік ПТА Аляксандар Сарока.

Блогер сьцьвярджае, што знайшоў «пацьверджаньне» таго, што ў затрыманых пратэставыя погляды — нібыта ўсе яны ў «Одноклассниках» ставілі «лайк» матэрыялам з крытыкай уладаў. У той жа час ён сьцьвярджае, што прэтэнзіі да іх узьніклі «не зусім празь іх палітычныя погляды».

Затрымалі сузаснавальніка праекту «Разумны Менск»

Праўладны тэлеграм-канал канал піша, што ён «навязваў дзецям і іхным бацькам палітычны падтэкст». Сілавікі паказалі фота ідэі навагодняй праграмы, дзе ёсьць словы «Стары Дзед Мароз стаміўся, таму прыйшоў час выбіраць новага». Акрамя гэтага, на відэа сілавікоў ён кажа, што «ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, блякаваў рух транспарту і быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы». Паводле інфармацыі «Мэдыязоны», затрыманага клічуць Сяргей Саўкін.

«Разумны Менск» — навукова-папулярны праект для дзяцей і іх бацькоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG