Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усякае бывае» — кіраўнік савету па правах чалавека пры Пуціну пра забойства кувалдай


Кіраўнік савету па правах чалавека пры прэзыдэнту Расеі Валерый Фадзееў
Кіраўнік савету па правах чалавека пры прэзыдэнту Расеі Валерый Фадзееў

Кіраўнік савету па правах чалавека пры прэзыдэнту Расеі Валерый Фадзееў адмовіўся ўмешвацца ў сытуацыю зь нібыта жорсткім забойствам былога вязьня і найміта так званай «ПВК Вагнэра» Яўгенія Нужына.

Пра гэта паведамляе RTVI з спасылкай на крыніцы ў савеце па правах чалавека.

Паводле выданьня, гэты савет не плянуе накіроўваць афіцыйны запыт у праваахоўныя органы з нагоды апублікаванага відэа забойства. Фадзееў, з словаў суразмоўцы RTVI, заявіў, што падчас ваенных канфліктаў «здараецца ўсякае». Кіраўнік структуры пры Пуціну «не камэнтуе» сытуацыю.

Раней некаторыя сябры савету па правах чалавека падпісалі зварот у сьледчы камітэт Расеі з просьбай праверыць відэа зь нібыта забойствам Нужына. 17 лістапада прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выключыў частку гэтых людзей зь ліку чальцоў савету.

У сярэдзіне лістапада відэа нібыта пакараньня сьмерцю Яўгенія Нужына, якога б’юць кувалдай па галаве, распаўсюдзілі блізкія да прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра Telegram-каналы. У камэнтарах да відэа было сказана, што былы найміт — «здраднік», які «панёс пакараньне».

Яўгеній Нужын быў завэрбаваны ў «ПВК Вагнэра» у адной з расейскіх турмаў, дзе адбываў пакараньне за забойства. На пачатку верасьня ён здаўся ў палон ва Ўкраіне. Нужын даў інтэрвію ўкраінскаму журналісту Юрыю Бутусаву, у якім раскрытыкаваў палітыку Расеі і вайну ва Ўкраіне. Нужын заявіў, што вырашыў перайсьці да «вагнэраўцаў» менавіта для таго, каб як мага хутчэй здацца і працягваць ваяваць на баку Ўзброеных сілаў Украіны.

На відэа, распаўсюджаным у інтэрнэце ў сярэдзіне лістапада, Нужын апавядае, што пасьля захопу быў ў Кіеве, адкуль быў выкрадзены 11 лістапада.

Як піша выданьне «Сота», блізкі да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна бізнэсовец Яўгеній Прыгожын, стваральнік «ПВК Вагнэра», назваў відэазапіс меркаванага забойства «выдатнай рэжысэрскай працай», дадаўшы, што забойства было «проста справядлівым». Выданьне ўдакладняе, што забойства кувалдай стала своеасаблівай візытоўкай «ПВК Вагнэра» яшчэ з часоў удзелу гэтай структуры ў баявых дзеяньнях у Сірыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG