Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Муму» — як люстэрка характара расейца. Ці варта беларусам адказваць на расейскія апытанкі


Расейскія вайскоўцы, якіх прызвалі па мабілізацыі на вайну з Украінай
Расейскія вайскоўцы, якіх прызвалі па мабілізацыі на вайну з Украінай

Які літаратурны твор лепш за ўсё тлумачыць Расею? Расейскі пісьменьнік Барыс Акунін пасьміхнуўся з гэтага апытаньня «Настоящей России».

Самому Акуніну найбольш спадабаўся камэнтар пра «Муму»: «Лепш за ўсё расейскі характар раскрыты ў „Муму“. Замест таго каб адкруціць галаву барыні-садыстцы, нямы Герасім пайшоў і ўтапіў найлепшага сябра».

Напэўна, іронію Акуніна выклікала сама фармулёўка пытаньня, якая схіляе да падбору мэтафары. Адсюль і «Муму». Менавіта мэтафара сваёй пазнавальнай трапнасьцю можа «тлумачыць», але не краіну, а пэўную зьяву.

Нейкім чынам гэты допіс Акуніна перавандраваў у беларускую суполку «Толькі пра літаратуру», але ўжо без іроніі, а як унівэрсальная задача і з прапановай назваць твор, які «найлепей тлумачыць Беларусь».

Назвалі шмат усяго, але неяк ні карціны не намалявалася, ні нейкага «трапляньня ў сутнасьць» не атрымалася. Хіба што «Рускі» Максіма Гарэцкага па аналёгіі з «Муму» ня мог не вярнуць апытаньню акунінскага іранічнага водсьвету. Хоць і названы быў без іроніі.

Увесь гэты сюжэт нагадвае пра рудымэнт той «Масквы ў галаве», пра якую сьпявала Кася Камоцкая. Маўляў, калі нешта можа «патлумачыць» Расею, дык мусіць быць і нешта, што «патлумачыць» Беларусь.

Але Беларусь не Расея.

Вядома, што таталітарныя рэжымы імкнуцца да максымальнага спрашчэньня (бабам — раджаць, мужыкам — ваяваць) і ў літаратуры могуць быць растлумачаныя мэтафарай. Як зьява. Вядома, што ў Расеі таталітарызм з рознай інтэнсіўнасьцю пануе ад самых пачаткаў Масковіі да нашых дзён, і што такая сыстэма стала сутнасьцю жыцьця тамтэйшага насельніцтва. Вядома, нарэшце, што ў Расеі праз гэтае спрашчэньне так і не сфармавалася мадэрная нацыя, найперш праз уяўную адсутнасьць межаў краіны і імпэрскую зараджанасьць сьвядомасьці.

Расея зусім не краіна (адна ў шэрагу іншых) і ня нацыя (адна ў шэрагу іншых). Выключнасьць Расеі робіць яе непасільнай для ўсяго сьвету анамаліяй. Як казаў расейскі лідэр, «нашто такі сьвет, калі ў ім ня будзе Расеі». Паспрабуйце гэтыя словы ўявіць у вуснах будзь-якога лідэра будзь-якой краіны. Не атрымаецца. Формула «адна ў шэрагу іншых» дазваляе краінам і нацыям цывілізацыйна выжываць, не ваюючы, і пры тым ня зводзіць саміх сябе да мэтафары, а паўнавартасна разьвіваць сваю самабытнасьць.

Але што ў тым расейскім пытаньні агульнага зь Беларусяй? Для цяперашняга рэжыму Беларусь — захопленая ім тэрыторыя, бо па сутнасьці рэжым расейскі, яго сапраўды тлумачыць хоць «Муму», хоць «Рускі». Але сама Беларусь — гэта і ёсьць беларуская літаратура — на кожную праяву і кожны густ. Сама Беларусь ніколі ня ведала свайго ўласнага таталітарызму і спрашчэньня. Сама Беларусь цалкам уяўляе свае межы. Сама Беларусь заўсёды мысьліла сябе роўнай зь іншымі краінамі, адной з многіх, але ніколі ня самай-самай, выключнай, найвышэйшай. І тут у пару паспрабаваць задаць тое расейскае пытаньне так: а які твор найлепей тлумачыць Польшчу, ці Літву, ці Ўкраіну, ці Нямеччыну, Францыю, Англію? Ці ёсьць нейкая італьянская «Муму», мэтафарычны стрэл у сэрца — бах, і ўсім усё з той Італіяй зразумела?

Беларуская літаратура нікому нічога не тлумачыць, прынамсі, зусім ня мусіць гэтага рабіць. Яна расказвае пра тысячу і адну праяву Беларусі, беларусаў і — па-беларуску — самога жыцьця.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG