Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лецішча Ніны Багінскай прадалі на аўкцыёне ў залік аплаты штрафаў


Ніна Багінская на лецішчы. Архіўнае фота
Ніна Багінская на лецішчы. Архіўнае фота

На аўкцыёне 10 лістапада прадалі сканфіскаваны за нявыплату штрафаў дачны надзел вядомай актывісткі Ніны Багінскай, паведаміў тэлеканал «Белсат» з спасылкай на супрацоўніка РУП «БелЮрЗабесьпячэньне».

Надзел у 4,5 соткі ў садовым таварыстве «Фізтэх» у Пухавіцкім раёне пры пачатковым кошце 693 рублі з аўкцыёну прадалі за 727 рублёў.

Аўкцыён адбыўся 10 лістапада. Участак быў пад арыштам судовага выканаўцы з 2016 году і выстаўлены на продаж за даўгі. У графе «Даўжнік» пазначана імя Ніны Багінскай. Участак належыць ёй на праве ўласнасьці як мінімум з 2004 году (тады ён быў зарэгістраваны).

«Гэта ўжо ня першы раз. „Дамашаны“ (яшчэ адзін дачны ўчастак у прыватнай уласнасьці Багінскай, выстаўлены на аўкцыён у 2016 годзе. — BPN) прадавалі. Сядзела і сьмяялася. Улада сёньня адна, затым другая. Яна зьменіцца, а ўчастак прыватызаваны, ёсьць дакумэнты. У мяне ёсьць дзеці, унукі і праўнукі. Па гэтых дакумэнтах яны могуць вярнуць. Улада зьменіцца, і праўда будзе на іхным баку», — пракамэнтавала BPN 23 кастрычніка Багінская выстаўленьне на продаж яе лецішча.

У 75-гадовай грамадзкай актывісткі назапасілася вялікая сума неаплачаных штрафаў за «несанкцыянаваныя мерапрыемствы». Шмат гадоў яна выходзіла зь бел-чырвона-белым сьцягам у цэнтар Менску ў дні нацыянальных сьвятаў, памятныя даты ці на знак пратэсту, нават калі была зусім адна. У 2020-м яна стала адным з сымбаляў пратэстаў. У апошнія месяцы Багінская ў большасьці выпадкаў ладзіць ужо адзіночныя пікеты.

Толькі за апошнія пару гадоў Багінскую аштрафавалі на некалькі тысяч даляраў, але яна прынцыпова адмаўлялася выплачваць штрафы. Праз гэта ў яе арыштавалі маёмасьць, прымусова здымалі частку пэнсіі, яе пазбавілі сувязі і абмежавалі ў правах.

Яшчэ ў 2016 годзе СМІ пісалі, што два невялікія дачныя надзелы Багінскай знаходзяцца пад арыштам. Жанчына спрабавала гэта аспрэчыць, але судзіцца ня бачыла сэнсу, проста працягвала карыстацца зямлёй, часта езьдзіла на лецішча, пісала выданьне Zerkalo.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG