Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 300 кілямэтрах ад мяжы зь Беларусьсю пабудуюць базу і паліўны склад для верталётаў ВПС ЗША


Польскія і амэрыканскія салдаты на вучэньнях
Польскія і амэрыканскія салдаты на вучэньнях

Улады Польшчы прынялі рашэньне пабудаваць у мясцовасьці Повідз на захадзе краіны ангары і склады, а таксама паліўную базу для амэрыканскіх вайскоўцаў і верталётаў ВПС ЗША, паведамляе выданьне WNP.pl.

У гэтай мясцовасьці, як заявіў на брыфінгу віцэ-прэм’ер, міністар абароны краіны Марыюш Блашчак, разьмешчана баявая авіяцыйная брыгада ЗША, узброеная ўдарнымі верталётамі Apache.

«Для гэтых верталётаў на працягу некалькіх гадоў мы падрыхтуем базу ў выглядзе ангараў і складоў, а таксама паліўную базу, каб верталёты маглі дзейнічаць з Повідза», — удакладніў Блашчак.

Паводле яго слоў, Повідз «ператвараецца ў вайсковы комплекс, рыхтуецца падтрымліваць польскія сілы і сілы NATO на ўсходнім флянгу Паўночнаатлянтычнага альянсу». Гэтым летам там пачалося будаўніцтва склада для боепрыпасаў ЗША.

У сваю чаргу, амбасадар ЗША ў Польшчы Марк Бжэзінскі зазначыў, што новая база для амэрыканскіх ВПС «будзе мець усё, што трэба для таго, каб ВПС былі гатовыя да правядзеньня паветраных апэрацыяў у Польшчы».

«Будуць дадатковыя абʼекты, будынкі, абсталяваньне, машыны — усё разьмешчана ў адным месцы», — сказаў ён. Праект паліўнага склада, у сваю чаргу, прадугледжвае захоўваньне да 7 мільёнаў літраў паліва.

«Гэтыя два інвэстыцыйныя праекты і яшчэ больш за сто заплянаваных у Польшчы ў бліжэйшыя некалькі дзесяцігодзьдзяў зэканомяць нам каштоўны час. Здольнасьць хуткага адказу — ключавы момант. Пяхота і ВПС ЗША, польскія ўзброеныя сілы, сілы саюзьнікаў змогуць адказаць на пагрозу не на працягу месяцаў ці тыдняў, а адразу пасьля зьяўленьня пагрозы, бо элемэнты інфраструктуры будуць даступныя», — заявіў Бжэзінскі.

Рэалізацыя гэтых праектаў, на яго думку, дасьць магчымасьць павялічыць прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у Польшчы. «Польскія ўзброеныя сілы і амэрыканскія ўзброеныя сілы змогуць знаходзіцца тут на ратацыйнай аснове і разам праводзіць вучэньні», — сказаў Бжэзінскі, нагадаўшы, што зараз у краіне дысьлякуюцца больш за дзесяць тысячаў амэрыканскіх салдат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG