Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 лістапада: праваабаронцам вядома пра 22 затрыманых палітзьняволеных «хімікаў»


Кайданкі. Ілюстрацыйнае фота
Кайданкі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў не спыняюцца. У тым ліку працягваюцца затрыманьні і арышты палітзьняволеных.

Ад раніцы 30 кастрычніка ў папраўчых установах адкрытага тыпу па ўсёй Беларусі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу затрымлівалі, дапытвалі, рабілі ператрусы, забіралі тэлефоны на «праверку» ў палітзьняволеных, асуджаных на абмежаваньне волі.

Па інфармацыі праваабаронцаў, сама меней у 12 папраўчых установах прайшла «зачыстка». Затрымалі мінімум 22 палітвязьняў, але прозьвішчы вядомыя пакуль толькі 16 зь іх.

Так, палітвязьням з ваўкавыскай ПУАТ-29 Дэвіду Шаракову, Арцёму Ляшнеўскаму прызначылі па 6 дзён адміністрацыйнага арышту, а Дзьмітрыю Гурэеву — 20 базавых велічыняў штрафу. Арышты палітвязьні адбываюць у ІЧУ Ваўкавыску. Таксама суды прайшлі над Аляксандрам Сячко і Андрэем Разуваевым, але вынікі невядомыя. А 4 кастрычніка будуць судзіць паводле арт. 19.11 КаАП палітзьняволеных Кацярыну Батуру і Алену Лысковіч, якія адбываюць тэрмін на горадзенскай «хіміі» (ПУАТ-25).

Вользе Брыцікавай зноў далі 15 дзён арышту

Старшыню незалежнага прафсаюзу «Нафтан» Вольгу Брыцікаву затрымалі 1 лістапада. Сёньня яе асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляе прафсаюз.

Вясной гэтага году Брыцікава правяла па адміністрацыйных артыкулах за кратамі 75 дзён безь перапынку. Яе пяць разоў запар арыштоўвалі на 15 содняў па артыкуле 24.23.

Былому журналісту з Баранавічаў прысудзілі 3 гады калёніі за камэнтар у «справе Зельцара»

У Берасьцейскім абласным судзе асудзілі Эдгара Шырко паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 КК (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці). Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Беразюк.

Эдгара затрымалі па крымінальнай справе, распачатай за камэнтары ў сацсетцы «ЎКантакце» пасьля гібелі супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара.

Шырко ў мінулым працаваў бібліятэкарам, журналістам у выданьні Intex-Press, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства ў школе.

Суд у Ваўкавыску адправіў на «хімію» былога актывіста за «зьнявагу дзяржаўнага сьцяга»

Суд Ваўкавыскага раёну вынес прысуд работніку ААТ «Беллакт», грамадзкаму актывісту Юрыю Піваварчыку, якога абвінавацілі ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК). Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Сяргейка.

З матэрыялаў абвінавачаньня вынікае, што Піваварчык у суполцы «STOP LUKA» «разьмясьціў выяву дзяржаўнага сьцяга на фоне нацысцкай сымболікі (свастыкі), сэнсавым зьместам малюнка якога зьяўляецца аўтарская думка, што ў кіраўніцтве Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца нацысцкая ідэалёгія, што непрымальна з пункту гледжаньня сучаснай культуры, паколькі ў ім прысутнічаюць элемэнты скажэньня грамадзка-палітычнай рэчаіснасьці...».

У выніку судзьдзя пакараў Юрыя 1 годам абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

Сілавікі разьбілі галаву мужчыну за беларускую налепку на аўтамабілі

На праўладных тэлеграм-каналах зьявілася відэа з затрыманьнем мужчыны за налепку з нацыянальным сьцягам.

Як заўважыла выданьне «Наша Ніва», на пачатку відэа нехта здымае налепку са знакам BY у нацыянальных колерах. Пасьля гэтага ідуць кадры жорсткага затрыманьня мужчыны — яго груба выцягваюць з машыны і кідаюць на асфальт. Увесь гэты працэс здымаецца. На відэа з допыту мужчыны відаць, што ў яго расьсечаны лоб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG