Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы бюджэт пражытковага мінімуму, падаткі на кватэры, прыбаўка бюджэтнікам. Якія зьмены чакаюць беларусаў у лістападзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 1 лістапада беларускія чыноўнікі падрыхтавалі шэраг зьменаў у эканамічнай сфэры, якія непасрэдна закрануць грамадзян краіны.

Асноўныя зьмены, пра якія трэба ведаць беларусам, сабрала выданьне Zerkalo.io.

Падаткі


Беларусы да 15 лістапада (уключна) павінны заплаціць адразу некалькі падаткаў. Сярод іх — збор за першую кватэру, які ўвялі сёлета, транспартны падатак, а таксама зямельны збор.

Невялікая прыбаўка да заробку «бюджэтнікаў»

З 1 лістапада зьбіраюцца падняць базавую стаўку да 212 рублёў. Да яе памеру прывязаны заробкі работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсыдыі і работнікі якіх прыраўноўваюцца ў аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый.

Апошні раз базавую стаўку падвышалі з 1 верасьня — да 211 рублёў.

Патаньнеюць некаторыя крэдыты

У лістападзе банкі зьнізяць працэнтныя стаўкі па некаторых крэдытах для фізычных і юрыдычных асоб. Гэта адбудзецца па рашэньні Нацбанку, які перагледзеў разьліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР).

Зь лістапада РВСР для фізычных асоб упадуць да 18,84% (цяпер 22,01%), а для юрыдычных асоб — да 17,39% (цяпер 20,21%). На гэтую столь павінны арыентавацца банкі, калі выстаўляюць працэнтныя стаўкі па крэдытах, іх нельга перавышаць.

Зьмяненьні ў паслугах мабільных апэратараў

Кампанія А1 з 1 лістапада зьнізіць кошт доступу ў інтэрнэт для абанэнтаў тарыфных плянаў «Сацыяльны», «Пэнсійны» і «Победа».

У сваю чаргу мабільны апэратар life:) аб’явіў, што ў лістападзе перастане аказваць паслугу ў вэб-абароне для новых кліентаў. Для ўсіх абанэнтаў вэб-абарона будзе закрытая 30 лістапада.

Новы памер пэнсій і дапамог

З 1 лістапада ўлады павінны перагледзець памер пражытковага мінімуму. Да яго прывязаны памеры мінімальных працоўных і сацыяльных пэнсій, а таксама некаторых дапамог, якія даюцца пры нараджэньні дзяцей. Калі бюджэт пражытковага мінімуму падвысяць, то вырастуць, адпаведна, таксама гэтыя пэнсіі і дапаможнікі.

Адменяць зьніжкі на праезд у электрычках для пэнсіянэраў

З 1 лістапада для пэнсіянэраў перастане дзейнічаць 50-працэнтная зьніжка на паездкі ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-клясы. Яе ўводзілі з 1 траўня — на час сэзонных сельскагаспадарчых работ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG