Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Дранько-Майсюк: «Беларуская літаратура — самая лепшая ў сьвеце»


Васіль Дранько-Майсюк працуе зь дзецьмі
Васіль Дранько-Майсюк працуе зь дзецьмі

Наш госьць — адзін з працаўнікоў на ніве беларускай культуры ў Польшчы, куды ён змушаны быў зьехаць з радзімы. Культуроляг, актор, драматург, сцэнарыст Васіль Дранько-Майсюк вучыць роднаму слову дзяцей і дарослых, а сам натхняецца творамі клясыкаў беларускай літаратуры. Пагаварылі зь ім пра гэта.

— «Чым больш чытаю беларускіх пісьменьнікаў, тым больш разумею, што наша літаратура самая лепшая ў сьвеце». Гэтая ваша выснова, зробленая нядаўна на асабістай старонцы ў Фэйсбуку, выклікала вельмі актыўны розгалас. Скажыце, вы сьвядома зрабілі такую ў нейкім сэнсе літаратуразнаўчую правакацыю?

— У сьцьверджаньні «Беларуская літаратура — самая лепшая ў сьвеце» няма нічога правакацыйнага. Для грамадзяніна ЗША самыя файныя творы тыя, якія стваралі менавіта амэрыканскія пісьменьнікі, для армяніна — армянскія творцы, для француза — францускія. Многія беларусы звыклі лічыць лепшым чужое, але толькі не сваё. Таму шматлікія мае сябры ў Фэйсбуку і зьдзівіліся майму падобнаму сьцьверджаньню. Ёсьць таксама і заўсёдная праблема ў тым, што сваё мы па-ранейшаму ведаем, па вялікім рахунку, горш за чужое. Таму нашы інтэлектуалы могуць выдатна разьбірацца ў творчасьці Кафкі альбо Джойса і быць слаба абазнанымі ў творчасьці Алеся Дудара, Уладзімера Дубоўкі альбо Платона Галавача.

Васіль Дранько-Майсюк
Васіль Дранько-Майсюк

— Калі вы сапраўды лічыце беларускую літаратуру лепшай у сьвеце, то як вы зьбіраецеся давесьці слушнасьць вашай высновы зацікаўленай публіцы?

— Каму і навошта трэба даказваць, што наша літаратура самая лепшая? Больш за дзесяць гадоў я прафэсійна вывучаю беларускую літаратуру: пішу артыкулы, выкладаю — як для дзяцей, так і для дарослых, адкрываю новыя творы клясыкаў, па-новаму прадстаўляю творчасьць нашых вялікіх творцаў. Мая задача — натхняць сваіх вучняў нашай літаратурай, і вялікая радасьць у тым, калі вучні атрымоўваюць асалоду ад прозы Міхася Зарэцкага, Янкі Маўра, Янкі Брыля, паэзіі Максіма Багдановіча, Міхася Чарота, Уладзімера Хадыкі. Мы маем цэлы акіян выдатных творцаў, якія натхняюць і робяць нас моцнымі.

— Вы ўжо паўгода як зьехалі з радзімы. Дзе цяпер і як вы знаходзіце тых, каго цікавіць беларуская літаратура, мова, культура?

— Я шмат працую онлайн. Маю вучняў у ЗША, Швайцарыі, Галяндыі, Ірляндыі, Нямеччыне, Чэхіі. На самой справе шмат беларускіх дзетак, якія жывуць у розных кутках сьвету і зь вялікім задавальненьнем вывучаюць родную літаратуру. Гэта вельмі радуе. Акрамя онлайн-заняткаў (тут трэба дадаць, што я супрацоўнічаю з онлайн-школай Натальлі Дзінкель), я цесна працую з Мастацкай школай імя Равенскага, з Цэнтрам Беларускай Салідарнасьці, з многімі іншымі цудоўнымі школкамі і гурткамі Варшавы, дзе выкладаю беларускую літаратуру і мову, культуралёгію, тэатар. Мы ставім спэктаклі паводле вершаваных твораў Васіля Віткі, Артура Вольскага, Леаніда Дранько-Майсюка. Рыхтуем пастаноўку паводле балядаў Адама Міцкевіча.

— «Непераможныя» — так вы назвалі свой відэапраект, які запусьцілі на Ютубе. Каго і чаму вы лічыце непераможным? Вы ж расказваеце пра зьнішчаных савецкай уладай беларускіх літаратараў. Сыстэма перамагла іх.

— Непераможныя — гэта беларускія празаікі, паэты і драматургі, якія былі расстраляныя ў ноч з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 году. Я расказваю і буду далей расказваць пра Міхася Чарота, Алеся Дудара, Анатоля Вольнага, Міхася Зарэцкага, Платона Галавача, Валерыя Маракова, Тодара Кляшторнага і пра многіх іншых. Гэтыя творцы не баяліся выступаць супраць сыстэмы, змагаліся за тое, каб Беларусь была па-эўрапейску моцнай, інтэлектуальна багатай. Іх зьнішчылі фізычна, але маральна не зламалі. Захаваліся іхныя творы, якія натхняюць сёньняшніх нас, робяць нас моцнымі. Таму нельга пагадзіцца, што нашых дзеячоў перамаглі. Сьмерць фізычная — нішто, калі не зламаны дух. Сыстэма іх не перамагла.

— А ў вас няма аналёгій паміж тымі падзеямі і сёньняшняй сытуацыяй зь лёсам беларускіх творцаў? Вы вось, як і тысячы іншых беларусаў, змушаныя былі ратавацца ад нашчадкаў тых, хто катаваў і забіваў у часы камуністычнага тэрору.

— Любая аўтарытарная ці таталітарная ўлада шмат у чым падобная. Адам Міцкевіч, напрыклад, быў вымушаны пакінуць радзіму, якая знаходзілася пад расейскай акупацыяй, і большую частку свайго жыцьця правёў на чужыне, але працаваў на ўмацаваньне нацыянальнай сьвядомасьці свайго народу. Цяпер маем практычна тое ж. Усюды можна пачувацца беларусам, загартоўвацца і рабіцца мацнейшым і ўпэўненым у сабе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG