Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У батальёне «Тэрор» назвалі прычыны адасабленьня ад палку Каліноўскага


Беларускія добраахвотнікі на вайне за Ўкраіну, архіўнае фота
Беларускія добраахвотнікі на вайне за Ўкраіну, архіўнае фота

У «Тэроры» выказалі незадаволенасьць палітычнымі амбіцыямі палку Каліноўскага.

У батальёне «Тэрор», складзеным зь беларускіх добраахвотнікаў, распавялі, чаму фармаваньне адасобілася ад палка імя Кастуся Каліноўскага.

«Калі сапраўдныя вайскоўцы ідуць у палітыку, яны, як правіла, штурмуюць рэзыдэнцыю прэзыдэнта. Калі штурм пасьпяховы — улада ў краіне пераходзіць да хунты. Калі ў палітыку ідзе кіраўніцтва ПКК — праводзіцца мэдыяштурм. Напрыклад, нядаўна ў якасьці дэманстрацыі сваіх дасягненьняў кіраўніцтва ПКК апублікавала фрагмэнт відэазапісу з баявой задачы, дзе байцы батальёна „Тэрор“ фарсуюць раку на Паўднёвым напрамку. Камэнтары ўдзельнікаў гэтай апэрацыі выдаляліся прэс-службай палка, каб „скрадзеная шапка“ не спаліла голавы штабіка», — напісаў батальён у сваім тэлеграм-канале.

Батальён «Тэрор» дзейнічае асобна, бо ня хоча асацыяцый з палітычнымі амбіцыямі.

«Мы заўжды лічылі, што беларускія добраахвотнікі павінны прадстаўляць свой народ не ў кабінэтах уладных структур, а на фронце. Таму і настойваем на тым, каб нас не асацыявалі з марадэрамі баявых посьпехаў і будучыні беларусаў».

Прэс-служба палку Каліноўскага пакуль ніяк не камэнтавала выказваньні батальёну «Тэрор». Раней у інтэрвію Свабодзе ў палку выказаліся толькі пра полк «Пагоня»:

«Мы абсалютна нармальна ставімся да тых хлопцаў, якія называюць сябе палком „Пагоня“. Мы лічым іх нашымі баявымі пабрацімамі і паважаем іх. Але мы пакуль не камэнтуем, што гэта за полк і ў якім ён стане. Гэта не зусім нашая справа. Гэта павінны казаць самі тыя хлопцы. Усё ня так, як яны заяўляюць у прэсе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG